Госці традыцыю парушылі

++++IMG_4420

“Слонім” — “Мінск-2” — 0:3

4 мая, стадыён “Юнацтва”, 1200 гледачоў. Пачатак у 16 гадзін.
Суддзі: Каранец (Мінск), Вайцяшонак, Кавалёў (абодва — Асіповічы).
Інспектар: Чыкун (Стоўбцы).
“Слонім”: Рыдлевіч, Мінькоў (Блінец, 46), Палазнік, Снапко, Жукаў,  Харытановіч (Пузач, 80), Юзвовіч (Жэгала, 46), Герасіменка, Арочка,  Герасімчык (Падрэцкі, 52), Каленік.
“Мінск-2”: Высоцкі, Доўнар, Красавін, Русак, Мытнік, Бяляўскі, Разін (Шпакаў, 90+2), Кульбака, Кашэўскі (Кошаль, 61), Гурэнка (Ушакоў,  79), Сапон (Міхалевіч, 83).
Папярэджанні: Русак.
Выдаленні: Русак (84).
Галы: Красавін (10), Гурэнка (24), Разін (75).

Да 3-га тура чэмпіянату сапернікі мелі па ачку ў актыве і суседнічалі ў падвале турнірнай  табліцы. Прычым, мінчане па колькасці забітых  мячоў былі другімі ў лізе, а па прапушчаных —  “лідары”. Забівалі многа і прапускалі многа. У  гульні ў Слоніме госці традыцыю парушылі: забілі таксама многа, але не прапусцілі. Лідар атак  мінчан Гурэнка забіў у трох матчах тры мячы.  Слонімцы ж пакуль не ведаюць смаку не толькі  перамог, але і забітых галоў. Першы тайм мінчан і слонімцаў праходзіў у  адны вароты. Гаспадары поля не стварылі нават бачнасці небяспекі ля варот гасцей. Дарэчы,  сярэдні ўзрост слонімскіх ігракоў на некалькі гадоў большы за ўзрост мінчан, у складзе якіх  акрамя трох старшых ігракоў, 19-21-гадовыя.
Але молада было зусім не зелена. Адчуўшы  слабіну на правым фланзе абароны гаспадароў  (правы абаронца Мінькоў), госці раз-пораз пачалі ўсур’ёз турбаваць галкіпера  “Слоніма”. Менавіта з-за правалаў  абароны на правым  фланзе і былі  “прывезены два галы”. Спачатку капітан гасцей Красавін галавой скіраваў мяч у  вароты пасля розыгрышу вуглавога. А затым  Гурэнка падрэзаў мяч у далёкую дзявятку. І гэта  пры тым, што ўдар Бяляўскага і ўдар пасля выхаду адзін на адзін Разіна, парыраваў  Рыдлевіч.
У перапынку матча камандзе “Фарсаж” былі  ўручаны бронзавыя медалі чэмпіянату вобласці  па міні-футболу. Другі тайм пачаўся з атак слонімцаў. Два  разы ўдала згуляў Высоцкі, адзін удар слонімцаў прыняла на сябе крыжавіна варот. Да  75-й мінуты гульня была даволі роўнай.  Але ў час адной з атак гасцей другім тэмпам славуты Андрэй Разін увагнаў трэці  мяч у сетку варот гаспадароў поля. А праз  дзевяць мінут госці засталіся ў меншасці,  пасля дзвюх жоўтых картак поле пакінуў  Русак.
І хоць у апошнія сем мінут гульні  слонімцы чатыры разы ўсур’ёз  патрывожылі Высоцкага, у графе забітых  мячоў і пасля трэцяга тура ў “Слоніма”  застаўся нуль.
Учора “Слонім” праводзіў матч з  “Іслаччу” на выездзе (матч пачаўся, калі  нумар газеты ўжо быў падпісаны да друку).

У турніры ліцэнзіравання ў матчах з пінскай  “Хваляй” на сваім полі старшыя рабяты выйгралі — 2:1, малодшыя ўступілі — 0:4.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.