Каму — “плыць”, а каму — “на бераг”

На пасяджэнні райвыканкама, якое  прайшло з удзелам Леаніда Гулякі, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Андрэя Болтрыка, старшыні  камітэта эканомікі аблвыканкама, Вячаслава Апановіча, намесніка начальніка  галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў  першым квартале. Дакладвалі намеснікі  старшыні — кожны па свайму напрамку  дзейнасці. За першы квартал у раёне выкананы  паказчыкі па тэмпу росту экспарту паслуг  (без уліку арганізацый, якія падпарадкаваны органам дзяржаўнага кіравання),  росту рознічнага тавараабароту, энергазберажэнню, па ўдзельнай вазе гатовай  прадукцыі ў сярэднямесячным аб’ёме  вытворчасці.  А вось па экспарту тавараў, вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, індэксу фізічнага аб’ёму вытворчасці  прамысловай прадукцыі па набору тавараў-прадстаўнікоў, замежным інвестыцыям  прагноз не выкананы.
50% арганізацый прамысловасці не дасягнулі аб’ёмаў вытворчасці мінулага года,  вырасла колькасць стратных прадпрыемстваў, у тым ліку і буйных, чый уклад у бюджэт значны.
За першы квартал у прамысловасці выпушчана прадукцыі на суму 631 млрд. рублёў (тэмп росту 112,1%). У абласным  аб’ёме гэта 4,5%. З 19 прамысловых прадпрыемстваў толькі 6 асвоілі выпуск інавацыйнай прадукцыі. Аб’ём экспарту склаў 13,9 млн. долараў  ЗША. 19 прадпрыемстваў экспартуюць  сваю прадукцыю (летась было 20). З экспарцёраў выйшлі фабрыка мастацкіх  вырабаў, камбінат бытавых паслуг і некаторыя іншыя вытворцы. З пачатку года аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 95,4 млрд. рублёў,  што ў супастаўных цэнах менш мінулагодняга.
У першым квартале ў прамысловасці  атрымана 4,9 млрд. рублёў чыстага  прыбытку і гэты паказчык меншы за аналагічны мінулагодні перыяд. Транспарт і будаўніцтва — стратныя галіны эканомікі. Большасць будаўнічых і дарожных арганізацый не дасягнулі ўзроўню  падрадных работ мінулага года. Хоць у  цэлым па краіне, у тым ліку і ў раёне, аб’ём  будаўніцтва зніжаецца, здавалася б, будаўнікі павінны змагацца за кожны аб’ект.  Тым не менш на справе гэта далёка не так.  Асабліва многа вострых стрэл ляцела на  пасяджэнні выканкама ў адрас кіраўніка  МПМК-164 Мікалая Таўлуя. Спасылкі на  фінансавую нестабільнасць да ўвагі выканкамам практычна не браліся, бо яна  паўсюдна складаная (да слова, у МПМК-
164 дэбіторская запазычанасць складала  на 1 сакавіка 20, 6 млрд. рублёў, крэдыторская — 22, 4 млрд. рублёў).  Сёлета асноўны фронт будаўнічых работ у раёне — жыллё (акрамя буйной фермы ў Вербалатах, нашымі бударганізацыямі ўзводзіцца практычна толькі жыллё). За  год трэба здаць у эксплуатацыю 32,2 тыс.  квадратных метраў жылля — практычна  амаль палова яго ў двух гарадскіх шматкватэрных дамах, здача якіх у чацвёртым  квартале гэтага года. 1061 кв. метр — 13  кватэр, пабудуюць у сельгасарганізацыях.  За кошт індывідуальных забудоўшчыкаў  павінна будзе ўвесці ў строй 16110 кв. метраў жылля. У першым квартале здадзены  ў карыстанне 27 індывідуальных дамоў —  3674 кв. метры. За першы квартал года ў раёне мэтавы  паказчык па энергазберажэнню пры заданні 2% склаў 3,7%. Дадатковая эканомія дасягнута дзякуючы ўкараненню 33 дадатковых “эканомных” мерапрыемстваў, якія не  ўвайшлі ў раённую праграму энергазберажэння. Эфект мог быць і большым, калі  б усе прадпрыемствы рэалізавалі запланаванае.
На пасяджэнні выканкама падкрэслена,  што кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый не прынялі дзейсных мер па збору і  здачы другасных рэсурсаў: пры гадавым  плане 2690 т паперы і кардону здадзена  пакуль толькі 333 тоны. Гэтак жа і па іншай  другаснай сыравіне. 43 арганізацыі наогул  не прыступілі да яе здачы. Па-ранейшаму складаная сітуацыя ў  сельгасвытворцаў. Валавая вытворчасць  прадукцыі не дацягвае нават да леташняга далёка не лепшага ўзроўню. Зніжаецца  надой малака — асноўная на сёння  крыніца фінансаў. Па-ранейшаму ў многіх  гаспадарках “кульгае” дысцыпліна — і  вытворчая, і тэхналагічная. З некаторых  гаспадарак, дзе ёсць сучасныя комплексы, малако сортам “экстра” зусім не  паступае на малочны завод. Як адзначана на пасяджэнні выканкама, сёння толькі  СВК “Сянькоўшчына” працуе нармальна,  ды з нацяжкай яшчэ дзве-тры гаспадаркі.  Закрэдытаванасць птушкафабрыкі набыла пагражальныя памеры. На пасяджэнні райвыканкама дэталёва  прааналізаваны стан спраў у іншых галінах  эканомікі, у сацыяльнай сферы (у якой  якраз менш праблем, што не можа не радаваць). Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што часу на выпраўленне хібаў у  многіх кіраўнікоў было дастаткова. Але  дзе-нідзе станоўчай дынамікай і не пахне.  Таму ўгавораў больш не будзе. Не можаш  зрабіць — ідзі на другую работу, толькі не  ў кіруючае крэсла. Размова была дэталёвая і прынцыповая. Кіраўнікі “праблемных” прадпрыемстваў давалі адказ. І калі некаму з іх дадзены шанц “плыць” і далей у лодцы па  шляху да выпраўлення сітуацыі, то некаторым паказана “на бераг”…

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.