На планёрцы ў райвыканкаме

Будынкі спісаны

На чарговай планёрцы ў рэжыме работы райвыканкама разгледжана пытанне аб зносе чатырох будынкаў (якія не  выкарыстоўваюцца і паўразбураны) на тэрыторыі РУСП  “Новадзявяткавічы”. Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі  запатрабаваў ад падначаленых канчаткова вырашыць лёс Дома  афіцэраў, які, дарэчы, таксама перададзены на баланс РУСП  “Новадзявяткавічы” дзеля пагашэння даўгоў гаспадаркі.

Светлафор — да 3 ліпеня

Многія слонімцы ўзнімаюць пытанне аб устаноўцы светлафора  на скрыжаванні вуліцы Тапалёвая і праспекта Незалежнасці. На  яго ўстаноўку спатрэбіцца каля 200 млн. рублёў. На планёрцы  старшыня райвыканкама паставіў задачу: не пазней 3 ліпеня  светлафор устанавіць.

Кіёскі — у якасці эксперыменту

У якасці эксперыменту, каб вынесці гандаль тытунём з  прадуктовых магазінаў (такі вопыт у свеце ёсць), у гарадах  рэспублікі ўстанаўліваюць кіёскі “Тытунь”. Восем такіх  устаноўлена і ў нашым горадзе. Пакуль яны не працуюць. На  планёрцы Алег Таргонскі распарадзіўся, каб гэтыя кіёскі не  стаялі паблізу школ і на аўтобусных прыпынках, дзе бывае многа  людзей.
Не лішнім будзе нагадаць, што тытунь шкодны для здароўя, і  захворванні ракам лёгкіх на сёння — праблема нумар адзін у  “структуры” смяротнасці. З іншага боку тытунёвыя фабрыкі — самыя  буйныя напаўняльнікі бюджэту. Курыць ці не — выбар кожнага.

Часова закрываюцца

Прынята рашэнне аб часовым закрыцці на летні перыяд  часткі дзіцячага і інфекцыйнага аддзяленняў райбальніцы,  Жыровіцкай і Міжэвіцкай участковых бальніц (амбулаторыі  будуць працаваць). Практыка паказвае, што летам узровень  захворваемасці зніжаецца і частковае закрыццё лячэбных  устаноў ніяк не паўплывае на якасць медабслугоўвання. Затое  сэканомяцца бюджэтныя сродкі, дый рамонт можна праводзіць  не шкодзячы хворым.

Рознае

Кіраўнік раёна зноў звярнуў увагу падначаленых на нізкі  ўзровень гандлёвага абслугоўвання на сяле. Запатрабаваў  актывізаваць палявыя работы ў гаспадарках, звярнуў увагу на  пасадку бульбы вяскоўцаў. У пяці гаспадарках раёна пакуль не  выплачана зарплата за сакавік.

6 мая Алег Таргонскі мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі ўсіх сродкаў масавай інфармацыі раёна. На планёрцы абмеркаваны некаторыя іншыя пытанні жыцця  раёна.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.