Свае навіны

++++100_9143++ГОРОД

У аддзеле новы кіраўнік

Наталля Юнчыц узначаліла аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Да назначэння Наталля Станіславаўна працавала намеснікам  начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Віншуем!

Раённы суботнік

У раёне прайшоў суботнік. У ім прынялі ўдзел тысячы  слонімцаў. Многія калектывы працавалі на рабочых месцах, многія добраўпарадкоўвалі тэрыторыю. Напрыклад,  кіраўнік раёна Алег Таргонскі, яго намеснікі, работнікі райвыканкама наводзілі парадак ва ўрочышчы “Маргі” ля  брацкіх магіл, дзе ў гады вайны былі расстраляны 2 тысячы мірных жыхароў. Тут жа працавала і група работнікаў  лясгаса.

Васіль АФАНАСІК.

Кубак дэпутатаў

Як ужо паведамлялася,  да Дня Перамогі адбудуцца два фіналы раённай  крос-віктарыны “Ведай  свой край”. Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў Васіль Афанасік, Мікалай Дуброўскі,  Людміла Заяц, Алена Міско, Сяргей Рагозік, Васіль  Шкодаў і Сяргей Юшкевіч  набылі кубак, які будзе называцца “Кубак дэпутатаў”  і стане пераходным. Яго і  атрымае каманда-пераможца. Прызы камандам  рыхтуюць раённая арганізацыя БРСМ, ДТСААФ і аддзел ідэалагічнай работы,  культуры і па справах моладзі райвыканкама. Прайшлі тры папярэднія этапы крос-віктарыны, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у якіх прынялі ўдзел 16 каманд школ,  сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый. На папярэднім этапе каманды спаборнічалі ў сваіх намінацыях. У двух фіналах сыдуцца па дзве  лепшыя каманды школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, працоўных калектываў. Шэсць каманд, як  звычайна, стартуюць адначасова ў цэнтры горада і пабягуць шукаць зашыфраваныя аб’екты. У фінал выйшлі каманды СШ № 10, гімназіі, медкаледжа, політэхнічнага ліцэя,  ЖРЭА і прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Аліна ЧАРНЫШ.

Створаны савет ветэранаў брыгады

З моманту вываду танкавай дывізіі з Германіі ў Слонім  (больш за дваццаць гадоў назад), пераўтварэння яе ў  механізаваную брыгаду, са злучэння звольнілася ў запас  многа афіцэраў, большасць якіх засталася жыць у  Слоніме.
Нядаўна ініцыятыўная група афіцэраў запасу выступіла  з прапановай стварыць савет ветэранаў брыгады. Узначаліў  савет былы начальнік інжынернай службы палкоўнік  Мікалай Папоў, які цяпер працуе ў ДТСААФ.

Яшчэ адна ахвяра

Мы ўжо паведамлялі, што ў час пракладкі водаправода  каля камвольнапрадзільнай фабрыкі былі знойдзены  астанкі 64 ахвяр вайны і ўстаноўлены сем прозвішчаў  воінаў. Нядаўна пры далейшай пракладцы водаправода  знойдзены астанкі яшчэ аднаго салдата, якія знаходзіліся  на глыбіні не больш паўметра. Трапіў у рукі пошукавікоў і  медальён, на жаль, укладыш стлеў. З ранейшага захавання (64 ахвяры), па інфармацыі кіраўніка клуба  “Бацькаўшчына” Аляксандра Дударонка, хутчэй за ўсё  ўдасца ўстанавіць яшчэ два прозвішчы.

Васіль АФАНАСІК.

Слонім на старых фотаздымках

Зусім нядаўна ў Мінску ў ПУП “Кнігазбор” выйшла кніга  нашага земляка Сяргея Чыгрына “Гісторыя Слоніма на фотаздымках і паштоўках (1900-1950)”.  З цікавасцю паглядзела фотаздымкі, якія аўтар сабраў  у кнізе. На іх адлюстравана аблічча Слоніма, яго  архітэктура, помнікі, падзеі, якія адбываліся ў той час у горадзе над Шчарай. Здымкі хоць і чорна-белыя, але даволі яркія, выразныя  і з цягам часу не страцілі сваёй значнасці. І хаця прайшло  нямала гадоў, многія будынкі захаваліся і сёння. Некаторыя з іх амаль не змяніліся, другія набылі сучасны выгляд,  а многіх, на жаль, і зусім няма.

Марыя СЯРГЕЕВА.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.