У выканаўчым камітэце

исполком+++

Куды пайшло цяпло?

Раённы выканаўчы камітэт абмеркаваў работу арганізацый раёна ў мінулым ацяпляльным сезоне 2013-2014 гадоў і намеціў задачы па падрыхтоўцы да новага  ацяпляльнага сезона.
Як адзначыў у дакладзе намеснік  старшыні райвыканкама Уладзімір Кот,  ацяпляльны сезон з 30 верасня 2013 года да 18 красавіка 2014 года ў цэлым прайшоў нядрэнна. Вядома, калі не лічыць  аварыю ў кацельні камвольна-прадзільнай  фабрыкі 17 сакавіка, якая ацяпляе паўгорада. Бяда здарылася якраз калі тэмпература паветра не была нізкай.
Усе спажыўцы (а іх 191) цеплаэнергіі і цеплавытокі (73) былі падрыхтаваны да зімы.  І тым не менш урокі ёсць з чаго рабіць. Былі  скаргі людзей на перапады тэмператур у  розных дамах. Дакладчык зрабіў выснову,  што эксплуатуючыя арганізацыі ЖРЭА і ГУП  ЖКГ не спрацавалі ва ўзгодненым рэжыме. Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі адзначыў, што ў мінулы ацяпляльны  сезон і зімы асаблівай не было, а сродкі на  цяпло патрачаны практычна такія ж, як у  папярэднюю зіму. Як такое можа быць?  Трэба дэталёва прааналізаваць памылкі.  І працягваць работу па закальцоўцы цепласістэмы горада, каб не быць залежным  ад любой непрадбачнай сітуацыі. Дарэчы,  у першым квартале гэтага года ГУП ЖКГ  за звышнарматыўныя страты цяпла “выкінула на вецер” 600 млн. рублёў.
На ліквідацыю аварыі ў кацельні КПФ  неабходна 12 млрд. рублёў, а Беллегпрам  ухіляецца ад вырашэння праблемы. Вядома, падкрэслена на пасяджэнні, мясцовая  ўлада ўсё зробіць, каб да 1 верасня кацельня запрацавала, але выкраіць з раённага бюджэту такую суму немагчыма. Таму  робяцца запыты ў розныя інстанцыі.
Выканаўчы камітэт зацвердзіў дэталёвы план для ЖРЭА, ГУП ЖКГ, ААТ  “Слонімскі водаканал” і іншых арганізацый  па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду.  Планы павінны быць выкананы да 20 верасня. Старшыня райвыканкама запатрабаваў да 1 кастрычніка выявіць у вёсках  усіх састарэлых, якія пражываюць адны, і  адрамантаваць печы, электраправодку, устанавіць пажарныя апавяшчальнікі. Калі  трэба, вырашыць пытанне з адсяленнем  адзінокіх людзей на зіму ў абсталяванае  жыллё. Старшыня даручыў таксама разабрацца з праблемай перасыхання калодзежаў у раёне, а таксама з падрыхтоўкай спецыялістаў-печнікоў. Пастаўлена  задача сельгасвытворцам — да 1 верасня  разлічыцца з даўгамі за энерганосьбіты.

Работа – ёсць. А вынікі – слабыя

Не менш скрупулёзным было і абмеркаванне другога пытання парадку дня — “Аб  ходзе выканання рашэння райвыканкама  ад 26 лістапада 2012 г. “Аб павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі па прадухіленню рэцыдыўнай злачыннасці на тэрыторыі Слонімскага раёна”. У прынятым рашэнні адзначана, што работа суб’ектаў прафілактыкі праводзіцца  немалая, але яна недастатковая найперш  у плане эфектыўнасці — рэцыдыўная  злачыннасць не зніжаецца і ў горадзе, і ў  Дзераўноўскім, Сянькоўшчынскім, Дзеравянчыцкіх сельсаветах. У згаданых сельсаветах у другім паўгоддзі намечана правесці  выязныя пасяджэнні назіральнай камісіі з  асвятленнем яе работы ў друку. Аднымі забаронамі справу не палепшыш, з асобамі,  якія былі асуджаны, патрэбна мэтанакіраваная работа — ад іх працаўладкавання да  вырашэння бытавых праблем і ўзмацнення  кантролю за імі з боку міліцыі.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.