79-ы пяхотны полк імя Льва Сапегі

+++3

79-ы пяхотны полк Войска Польскага быў створаны з Беластоцкага палка стралкоў, які ўваходзіў у 1919-1929 гадах у склад Другой Беларуска-Літоўскай дывізіі. 12 кастрычніка 1921 года Беластоцкі полк стралкоў быў перайменаваны ў 79-ы пяхотны полк імя Льва Сапегі і ўвайшоў у склад 20-й пяхотнай дывізіі арміі «Модлін».

У кастрычніку 1922 года 79-ы пяхотны полк, а таксама 80-ы полк наваградскіх стралкоў дыслацыраваліся ў Слоніме. Раскватаравалі вайскоўцаў у былых царскіх казармах, якія былі пабудаваныя разам з царквой на рубяжы ХХ стагоддзя для Шуйскага пяхотнага палка.
Дарэчы, гэтыя казармы захаваліся да сённяшніх дзён, там цяпер знаходзяцца вайскоўцы 11й механізаванай брыгады. 79-ы пяхотны полк размясціўся ў левых казармах ад царквы, а 80 полк – у правых. І хоць Слонім падчас Першай сусветнай вайны моцна быў знішчаны, казармы і шматлікія прыбудовы ўсе ўцалелі. Засталіся непашкоджанымі і некаторыя дамы насупраць, дзе жылі сем’і вайскоўцаў. У адным з гэтых дамоў на вуліцы 3 Мая жыла беларуская паэтка Наталля Арсеннева. У Слонім яна прыехала разам з мужам Францам Кушалем, які, дарэчы, служыў пэўны час у 79-м палку.
У той час значная колькасць беларусаў апынулася менавіта ў 79-м палку, а таксама ў 80-м у Слоніме і ў 78-м пяхотным палку, які знаходзіўся ў Баранавічах. Гэтую вайсковую адзінку, як сцвярджае гісторык Ігар Мельнікаў, неафіцыйна называлі «беларускай». Гэта сапраўды так. А яшчэ 79-ы пяхотны полк называлі «палком слонімскіх стралкоў». 15 ліпеня 1923 года 79-ы полк пры ўдзеле вышэйшых дзяржаўных чыноў і грамадскасці ў Слоніме атрымаў свой сцяг.
З’яўленне гэтых палкоў у Слоніме значна ажывіла гарадское жыццё. Бо вайскоўцы з першых дзён зарэкамендавалі сябе вельмі актыўна. Яны не толькі займаліся ваеннымі справамі, але і наладжвалі розныя культурна-масавыя мерапрыемствы. Былі створаны саюз падафіцэраў рэзерву і саюз вайсковых сем’яў. Для правядзення разнастайных мерапрыемстваў выкарыстоўвалася вялікая глядзельная зала. У ёй арганізоўваліся выступленні аматарскіх тэатральных калектываў, якія ставілі і выстаўлялі афіцэрскія і унтэр-афіцэрскія кадры абодвух палкоў. У казармах ладзіліся таксама курсы для непісьменных вайскоўцаў.
Вялікі ўклад у ажыўленне грамадска-культурнага жыцця зрабіў камандзір 79-га пяхотнага палка ў 1921-1933 гадах палкоўнік Мар’ян Туркоўскі (1894-1948). Яму адзінаму ў гісторыі горада над Шчарай за заслугі было прысвоена тады званне ганаровага грамадзяніна Слоніма.
Вайскоўцы 79-га і 80-га палкоў шмат праводзілі розных спартыўных мерапрыемстваў, асабліва любілі катацца на лыжах. Разам з імі заўсёды быў іх камандзір Мар’ян Туркоўскі. На ўсе мерапрыемствы вайскоўцы запрашалі слонімскага фатографа В. Вайнштэйна. Ён іх фатаграфаваў на розных фэстах, а таксама ў сваёй фотамайстэрні.
Кааператывы спажыўцоў 79-га пяхотнага палка, а таксама 80-га палка мелі свае металічныя боны. Іх атрымлівалі жаўнеры, каб за іх купляць прадукты ў буфетах і крамах. Напрыклад, боны «Spoldzielnia 79 p.p., Slonim» (кааператыў 79-га пяхотнага палка, Слонім) былі надчаканены лічбамі «19/36», «19/34», «Spoldzielnia 80 p.p., Slonim» (кааператыва 80-га пяхотнага палка, Слонім) – «80/36». Пра металічныя боны 1920-1930-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі – асобная і цікавая тэма.
Вялікай падзеяй для жыхароў Слонімскага павета і вайскоўцаў быў візіт прэзідэнта Польшчы Ігнацы Масціцкага (1867-1946) 18 верасня 1929 года ў Слонім. Бо з часу падзелу Рэчы Паспалітай, пасля ста з лішнім гадоў, нарэшце кіраўнік тагачаснай дзяржавы наведаў Слонім і Жыровіцы. Некалі даволі часта каралі гасцявалі на слонімскай зямлі, паломнічалі да цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці. Нават кароль Ян ІІІ Сабескі паломнічаў у Жыровіцы з просьбай аб перамозе пад Венай. Амаль кожны манарх з дынастыі Ягелонаў пабываў у Жыровіцах. Падчас свайго візіту прэзідэнт Ігнацы Масціцкі адкрыў у Слоніме рэгіянальны музей, які сабраў ураджэнец мясцовай вёскі Орлавічы палкоўнік рускай арміі Іосіф Стаброўскі (1970-1968). У пачатку верасня 1929 года ўсе свае калекцыі ён перадаў Слоніму. Яны і ляглі ў аснову краязнаўчага музея, які існуе да сённяшніх дзён. Захоўваецца ў музеі і акт заснавання музея з подпісам Ігнацы Масціцкага. Апрача таго, прэзідэнт Польшчы на вуліцы 3 Мая ў Слоніме заклаў краевугольны камень пад будову тагачаснай школы практыкаванняў, школы, якая была забяспечана добрымі педагагічнымі кадрамі і ў якой праходзілі практыку вучні настаўніцкіх семінарый. Ацэньваючы знаходжанне 79-га пяхотнага палка, а таксама 80-га палка ў Слоніме з перспектывы часу, можна сказаць, што тады ў Слоніме вайскоўцы палкоў па-сапраўднаму шчыра імкнуліся да ажыўлення жыцця ў горадзе. Пасля перыяду войн Слонім пачаў вяртаць тоеснасць старажытнага і багатага на гістарычныя традыцыі горада. Калі я рыхтаваў гэты артыкул да друку, патэлефанаваў з Гродна Аляксандр Місцюкевіч, які родам з вёскі Піронім Слонімскага раёна. «А мой бацька ў 1933 годзе служыў у 80-м пяхотным палку наваградскіх стралкоў у Слоніме», – сказаў Аляксандр Іванавіч. «А ці расказваў Вам бацька што-небудзь пра службу?», – пытаюся ў земляка. «Распавядаў даволі часта, ён казаў, што з ім побач служылі яўрэі, палякі, а таксама шмат было беларусаў са Слонімскага павета. Бацька толькі адзін раз быў у адпачынку, яго адпусцілі на некалькі дзён, калі ў роднай вёсцы згарэла яго хата, а ён жыў толькі з маці, бо бацька памёр у бежанстве. А яшчэ бацька казаў, што калі яны служылі, то старэйшыя вайскоўцы вельмі шчыра ўспаміналі візіт у Слонім прэзідэнта Польшчы Ігнацы Масціцкага», – прыгадаў Аляксандр Місцюкевіч і даслаў здымак бацькі з саслужыўцамі ў 80-м пяхотным палку, зроблены ў Слоніме ў  1933 годзе.

Сяргей ЧЫГРЫН.

0

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.