Футбол

Палазнік “адправіў” у накаўт пунтуса
«Слонім» — «Славія-мазыр» – 2:1

+++фут+++IMG_6062

7 чэрвеня, стадыён “Юнацтва”, сонечна, 1250 гледачоў. Пачатак у 16 гадзін.
Суддзі: Крук (Маладзечна), Фамін, Ігнацьеў (абодва — Жодзіна).
Інспектар: Дайлід (Брэст).
“Слонім”: Мялік, Палазнік, Снапко, Жукаў, Харытановіч, Юзвовіч (Жэгала, 68), Герасіменка (Шуляк, 77), Курловіч  (Блінец, 64), Арочка (Падрэцкі, 90+2), Каленік, Пузач (Герасімчык, 89).
“Славія-Мазыр”: Гаеў, Кобец, Грачышка (Хадаркевіч, 81), Слесарчук, Харытончык, Катляроў (Паўлавец, 54), 
Раеўскі, Страхановіч, Шыкаўка (Шчагрыковіч, 31), Герман (Ахраменка, 66), Лапцеў (Хаміцэвіч, 78).
Папярэджанні: Жукаў.
Выдаленні: Кобец (35).
Галы: Раеўскі (60), Палазнік (82, 89).

Каманда з берагоў Прыпяці з багатымі футбольнымі традыцыямі. Двойчы мазыране (1996 і 2000 гады) станавіліся чэмпіёнамі краіны, у тыя ж  гады афармлялі дубль — выйгравалі  і Кубак Беларусі. Сёння гэта ўжо не славуты “МПКЦ”,  а “Славія-Мазыр” — каманда першай  лігі. Праўда, на момант прыезду ў  Слонім была лідарам. Мазыране, вядома, ускладваюць надзеі на мэтра  трэнерскай кагорты — Юрыя Пунтуса.  Ён, як вядома, максімаліст. У “Славіі”  на сёння гуляюць экс-слонімцы Герман, Хаміцэвіч, Шыкаўка.  Няма сумнення, што госці ехалі ў  Слонім па тры ачкі. Хто б мог падумаць, што абаронца “Слоніма” Палазнік  накаўціруе дружыну Пунтуса. Дзеля  справядлівасці трэба сказаць: госці  больш валодалі мячом, часта вельмі  лёгка разбуралі атакі гаспадароў. Большую частку матча слонімцы гулялі  на контратаках, нярэдка грашылі недакладнымі і пасам. Да таго ж з 35-й  мінуты госці ігралі ў меншасці — за  зрыў недазволеным прыёмам праходу Герасіменкі, суддзя датэрмінова адправіў у раздзявальню Кобеца. У перапынку пагутарылі з інспектарам матча, у мінулым вядомым нашым  арбітрам Канстанцінам Дайлідам. Аднадушна адзначылі: слонімцы гуляюць вастрэй, хоць госці значна больш  часу кантралююць мяч. Гаспадары поля маюць шанц на перамогу. Праўда, госці наўрад ці “ацанілі б”  наша аднадушша. Яны і ўдзесяцёх  упэўнена ішлі да мэты, асабліва ў пачатку другога тайма, калі на працягу  мінуты мазыране стварылі два галявых  моманты. У адным з іх Мялік у каторы  раз няўдала згуляў на выхадзе з варот  і абаронцы прынялі ўдар на сябе на  лініі варот. Але на 60-й мінуце Герман  выходзіць на рандэву з Мялікам, і варатар кладзе Дзмітрыя на газон парушаючы правілы — Раеўскі з “кропкі” не  прамахваецца. 1:0 — павялі госці. Да гонару слонімцаў яны не зламаліся, а праявілі сапраўдны камандны  дух з бенефісам Вячаслава Палазніка.
Абаронца яшчэ на  21-й мінуце матча мог  вызначыцца, але тады  паблізу варот Гаева да  мяча не дацягнуўся. На 82-й мінуце пасля розыгрышу вуглавога мяч у паветры  выйграў Жэгала (на  здымку вы бачыце  гэты момант, як Жэгала (№ 15) адрасуе мяч Палазніку (№ 3), скінуў прадмет гульні на далёкую штангу, дзе непрыкрытым аказаўся Палазнік, які без  перашкод паражае пусты ніжні вугал.
Праз тры мінуты гаспадары поля  маглі зноў забіць, але Арочка не змог  першым тэмпам перакінуць мяч праз  Гаева, які далёка выйшаў з варот і адбіў  першы ўдар. Але кураж слонімцаў госці  спыніць ужо не змаглі. За мінуту да заканчэння асноўнага часу пасля прабіцця штрафнога Харытановічам усё  той Палазнік падставіў галаву — і мяч  вопытны Гаеў толькі правёў позіркам,  калі той ляцеў у сетку яго варот. То быў  лепшы матч “Слоніма” ў гэтым сезоне.  Думаю, што балельшчыкі, якія не  прыйшлі на стадыён, многае згубілі. Вядома ж, лепшым іграком матча  ў складзе гаспадароў стаў Палазнік, у  гасцей — Страхановіч. Яны і атрымалі прызы ад спонсара — ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Слоніммэбля”. Мы ўжо расказвалі, што на  кожным дамашнім матчы “Слоніма”  мясцовыя прадпрыемствы ўзнагароджваюць лепшых ігракоў каманд.
Наступны матч чэмпіянату “Слонім”  правядзе на выездзе 15 чэрвеня з “Лідай”, а сёння слонімцы праводзяць  кубкавы матч на выездзе з камандай  другой лігі “Ждановічы”.

Астатнія матчы 9-га тура  завяршыліся так:

Берёза-2010 –  Гомельжелдортранс – 2:1 Волна – Витебск – 0:3
Гранит – Городея – 2:0
Звезда-БГУ-Лида – 2:4
Минск-2 – Ислочь – 2:2
Сморгонь – Речица-2014 – 1:2
Химик – Смолевичи – 2:0

Васіль АФАНАСІК.

Футбол гораду патрэбен

На пасяджэнні савета дырэктараў, якое нядаўна праходзіла на вінзаводзе, прынята рашэнне аб падтрымцы футбольнага клуба “Слонім”. Не  сакрэт, што футбольная каманда, якая не выканала ў мінулым годзе  пэўныя ўмовы па папаўненню свайго бюджэту, у гэтым годзе знаходзіцца  ў няпростым фінансавым становішчы, таму што не можа фінансавацца з  бюджэту.
Савет дырэктараў прызнаў, што каманда гораду патрэбна і яе трэба  падтрымаць. Дырэкцыя ААТ “Слонімскі водаканал” першай заключыла з  клубам дагавор на размяшчэнне рэкламы прадпрыемства на стадыёне  на дамашніх гульнях “Слоніма”. Падобныя дагаворы рэкамендавана заключыць з клубам і іншым прадпрыемствам.
Адшукваюцца і іншыя крыніцы падтрымкі каманды.

Прызы — лепшым ігракам

+++ф+++IMG_6066

Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі  выступіў ініцыятарам  уручэння прызоў лепшым  ігракам каманд у дамашніх матчах ФК “Слонім”.  Савет дырэктараў падтрымаў гэтую ініцыятыву.  Вырашана, што прадпрыемствы па чарзе будуць набываць прызы.
Прадстаўнікі прадпрыемстваў не толькі самі ўручаць прызы, яны маюць  права рашаючага голасу  пры вызначэнні лепшых  ігракоў.
Першыя прызы (пыласосы) у папярэднім дамашнім матчы “Слоніма”  ад райвыканкама ўручаў Алег Таргонскі. Пасля матча “Слонім”— «Славія-Мазыр” прызы (лічбавыя фотаапараты) уручыў дырэктар ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Слоніммэбля” Анатоль Жук.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.