«Грымата» святкуе

+++IMG_0460

Калектыву народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Грымата”  прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта РБ дзеячам культуры і мастацтва “За ўклад у развіцце міжнародных культурных сувязей Рэспублікі  Беларусь” за творчую працу па ўмацаванні міжнародных культурных сувязей і папулярызацыю беларускага музычнага мастацтва. 
На VII абласным фестывалі “Зайграйце музыкі” (г. Ліда, 2011) калектыў стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Ансамбль народнай музыкі  і песні”. 
У 2012 у г. Паставы праходзіў ХIV Міжнародны фестываль народнай  музыкі і песні “Звіняць цымбалы і гармонік”, на якім ансамбль атрымаў  Дыплом лаўрэата III ступені, а таксама Дыплом у намінацыі “Інструментальны жанр.”

За шматгадовую паспяховую творчую дзейнасць А.В.  Шэронава ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага  Савета дэпутатаў. Ганаровай граматай аблвыканкама  адзначаны калектыў ансамбля народнай музыкі і песні  “Грымата”. Падзячнае пісьмо  Гродзенскага аблвыканкама  атрымалі Ірына Бурсевіч і Андрэй Бальчунас. Але Баравік уручана Падзячнае пісьмо Слонімскага райвыканкама.

Упершыню яны “грымнулі” дваццаць пяць гадоў таму, і за  гэты час “Грымата” так ні на хвіліну не сцішылася, а “грукаціць”  далёка за межамі нашага раёна і  рэспублікі.
Таленавітыя кастровіцкія прыпевачніцы – сяброўкі Аляксандра Ягаўдзік і Вольга Якімец – напэўна, не маглі  і ўявіць, што іх, па сучаснаму кажучы,  праект будзе мець такую будучыню.  За некалькі гадоў да дня нараджэння  “Грыматы”, спявачкі паспяхова гастраліравалі па раёну і выступалі на гарадскіх святах. Пазней да іх далучылася Раіса Кіслая, дуэт ператварыўся ў ансамбль. Новыя магчымасці для творчасці калектыў  атрымаў, калі цудоўныя  галасы спявачак загучалі пад акампанемент гарманістаў Юрыя Генюша  і Валерыя Праўдзіка. Аднойчы таленавітая кампанія вярталася дадому  пасля паспяховага выступлення на адным з канцэртаў. Моцны дождж біў  у вокны аўтобуса, нібыта  сама прырода адгукнулася стыхіяй на ўсплеск энергіі, якую стварылі на сцэне  музыканты. “Ну, мы сёння і грымнулі”,  – пажартавала Вольга Якімец. Так і  з’явілася назва калектыву.
Дзякуючы ініцыятыве Віктара Башко, стварыць ансамбль народнай  музыкі і песні пры раённым Доме культура, самадзейны калектыў перайшоў на новую ступень. Ідэю падтрымаў Мікалай Адамчык, які і ўзначаліў  ансамбль. З 1998 года “Грыматой” кіруе  Валянціна Шэронава, якая выступае ў  калектыве амаль з самага пачатку яго  творчага шляху. Ансамбль вызначаецца стабільнай пленнай дзейнасцю,  высокім мастацкім узроўнем канцэртных праграм і выканальніцкага майстэрства, захаваннем рэгіянальных  музычных і пеўчых асаблівасцей. У  2000 годзе за прапаганду беларускай  песні ансамблю народнай музыкі і песні  “Грымата” прысвоена ганаровае званне “народны”.  Слонімскі калектыў – жаданы госць  на канцэртах і мерапрыемствах самага  высокага ўзроўню. А галоўнае, “Грымату” любяць гледачы. Дарэчы, поспех ёй  быў прадказаны загадзя. Творчаму развіццю ансамбля спрыяла культурнае беларускае грамадскае таварыства ў Польшы, якое ўзначальваў Ян Сычэўскі.  Калі “Грымата” першы раз адправілася  на гастролі ў гэтую краіну, ім давялося  ўбачыць цуд прыроды. Дарогу перасякла вясёлка. Здавалася, яна была так  блізка, што можна было дакрануцца да  яе рукой. І аўтобус з нашымі артыстамі ўехаў як раз у вясёлку. Раіса Кіслая  сказала, што калектыў чакае вялікая  будычыня. Сёння ў саставе “Грыматы”  14 чалавек: Валянціна Шэронава, Андрэй Бальчунас, Мікалай Лугін, Таццяна Цвікевіч, Вера Тачоная, Лідзія Персіянцава, Мікалай Адамчык, Ірына Бурсевіч, Таццяна Пяцько, Паліна Мішчанка, Марына Зінчанка, Людміла Петрашкевіч, Ала Баравік, Іван Ружыцкі. Нягледзячы на вопыт, прафесіяналізм, выдатнае адчуванне адзін аднаго  на сцэне, удзельнікі “Грыматы” сур’езна  рыхтаваліся да святкавання свайго 25-годдзя, якое адбылося ў мінулыя выхадныя на сцэне Цэнтра культуры і адпачынку. Кожную нядзелю збіраліся на  рэпетыцыі. Самае цяжкае – выбраць з  велізарнага рэпертуару творы, якія будуць гучаць на свяце. Вырашылі аддзякаваць паклоннікаў песнямі з апошняга, трэцяга, альбома “Грыматы”. Як толькі артысты з’явіліся на сцэне, стала зразумела, яны не толькі ведаюць  як падарыць гледачам асалоду, яны  шчыра хочуць гэта зрабіць. Энергія  лілася са сцэны ў залу і вярталася назад апладысментамі. Хацелася лавіць  кожную нотку і адначасова ўскочыць з  крэсла і кінуцца ў танец. Сваю справу зрабілі магія беларускай песні і прафесіяналізм артыстаў.
Многа шчаслівых хвілін могуць успомніць удзельнікі творчага калектыву.  Але была ў іх жыцці вельмі цяжкая  страта: у маладым узросце пакінула  гэты свет салістка ансамбля Таццяна  Яфімовіч, якая дзесяць гадоў спявала ў “Грымаце”. На канцэрце адну з  песень –“Ой, закувалась сіва зазуля”  – артысты прысвяцілі сваёй сяброўцы  Таццяне Яфімовіч.
За 25 гадоў, зразумела, “Грымата” змянілася – вырас рэпертуар і прафесіяналізм, у калектыў прыйшлі новыя ўдзельнікі. Але ёсць і тое, што засталося ад самых першых дзён: любоў  да сцэны і гледача, павага і цярпенне да калег.

Вольга КУР’ЯН.
Фота Марыі СЯРГЕЕВАЙ.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.