Медалі за заслугі

++++IMG_5646

Набліжаецца 70-годдзе вызвалення  Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  На жаль, радзее строй ветэранаў вайны,  тых, хто адваяваў у лютага ворага нашу зямлю, нашу свабоду. Да 70-годдзя вызвалення дзяржава заснавала юбілейныя  медалі, якімі ўзнагароджваюцца ў першую чаргу ветэраны вайны. У раёне будзе  ўручана больш за 250 медалёў. Удзельнікі  вайны, вязні фашызму атрымаюць аднаразовую матэрыяльную выплату.

У мінулую сераду да групы ветэранаў вайны  прыехалі ўручыць медалі намеснік старшыні  райвыканкама Сяргей Юшкевіч і ваенны камісар падпалкоўнік Сяргей Ігнатовіч. У кватэры Аляксандра Віктаравіча і Галіны  Васільеўны Савіных былі ўручаны адразу  два медалі: гаспадару — як ветэрану вайны і  гаспадыні — як вязню нацызму. Сямейная пара ў шлюбе ўжо амаль 64 гады. Лёсы іх ускосна “перапляліся” яшчэ раней. Разведчык-матацыкліст з 8-га мехкорпуса вызваляў тэрыторыю лагера,  дзе знаходзілася разам з сваякамі на  тэрыторыі Польшчы 13-гадовая Галіна.  Канешне, сяржант у той час не мог ведаць, што ў лагеры знаходзілася яго будучая  жонка. Корпус, у якім Аляксандр Віктаравіч пасля вайны даслужыўся да падпалкоўніка, быў сфарміраваны пад Масквой  у сярэдзіне вайны, з баямі прайшоў з войскамі II Украінскага і II Беларускага франтоў, удзельнічаў у жорсткіх схватках з ворагам. Бывала, з 10 танкаў роты ў страі  заставалася адна баявая машына. Баявое хрышчэнне салдат прыняў у час вядомага супрацьстаяння на рацэ  Нарэў. Храбрасць салдата адзначана многімі баявымі ўзнагародамі, да шматлікіх юбілейных дабавілася яшчэ адна. Закончыў салдат вайну на Эльдзе (прыток Эльбы), калі злучыліся з амерыканцамі. Адразу пасля вайны 8-ы мехкорпус вывелі  ў Слонім. Тут і працягваў службу будучы афіцэр. Дарэчы, пасля  вайны лёс яго закідваў у Германію  яшчэ двойчы і менавіта туды, дзе  ваяваў. Ветэран-разведчык пасля вайны ўдзельнічаў у дзевяці  розных парадах.
У гэты ж дзень медалі атрымалі былы сапёр Фёдар Міхайлавіч  Кавалёў, якога параненага з поля  бою вынес штрафбатавец, Мікалай Сцяпанавіч Фурчакоў і іншыя  ўдзельнікі вайны.
Нізкі паклон вам, героі!

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.