На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Дазвол з умовамі

Чарговая планёрка пачалася з абмеркавання адкрыцця ў драматычным тэатры кафэ, у якім будзе гандаль і спіртным (вінаградныя віны, каньяк і г.д.). Цяпер буфет працуе толькі ў дзень пастаноўкі спектакляў. Дазвол на адкрыццё кафэ дадзены, але з умовамі: кропка грамадскага харчавання зможа працаваць (адкрые яе прадпрымальнік) з 12 да 22 гадзін штодня толькі пасля таго, як будзе адпавядаць санітарным нормам.

Козы ці каровы?

Пытанне хоць і з доляй гумару, але рэзоннае ў дачыненні да некаторых гаспадарак раёна. У РУСП “Пераможац” у гэтыя дні дояць на карову па 9,6 літра малака. І гэта ў чэрвені, калі перыяд вялікага малака… У лепшых фермераў козы даюць больш. У параўнанні з леташнім перыядам надой у “пераможцаў” упаў адразу на 5,8 літра на карову (амаль такі ж мінус і ў СВК “Дзераўноўскі”). Цяжка патлумачыць падобнае “дасягненне” мясцовых жывёлаводаў і тэхнолагаў сельгасвытворчасці.

На жаль, частыя дажджы спрыяюць росквіту хвароб збожжавых і іншых культур, а догляд за пасевамі жадае лепшага. Нават у пагодлівыя дні далёка не ўсюды зялёнае жніво нагадвае канвеер. Асабліва многа праблем на касавіцы ў РУСП “Новадзявяткавічы”.

У чацвер — выпускныя вечары. І… вучэнні

У бліжэйшы чацвер пройдуць выпускныя балі ў школах.

У гэты ж дзень на Чапялёўскім палігоне намечана правесці вучэнні ўпраўлення магістральных газаправодаў.

Рознае

На планёрцы абмеркаваны ход будаўніцтва некаторых аб’ектаў. Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі даў даручэнне адпаведным службам актывізаваць будаўніцтва і палепшыць якасць работ на ўзвядзенні жылых дамоў у СВК імя Суворава, бальніцы сястрынскага догляду ў Сялявічах. Дарэчы, у Сялявічах практычна збудавана лазня, кіраўнік раёна запатрабаваў зрабіць зручны пад’езд да яе.

На планёрцы абмеркаваны некаторыя іншыя пытанні.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.