На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Аднаму — дазвол, другому — табу

У рэжыме пасяджэння райвыканкама разгледжана пытанне  падаўжэння работы прыватных гандлёвых аб’ектаў да 2 гадзін  ночы. Адзін размешчаны на вуліцы Брэсцкая, другі — у гарадскім  парку, гаспадар у абодвух адзін. У парку дазвол на падаўжэнне  работы гандлёвай кропкі да 2 гадзін ночы не дадзены з-за скаргаў мясцовых жыхароў на шум. Аддзел міліцыі таксама супраць  такога падаўжэння з-за нестабільнай крымінагеннай сітуацыі.

Аб’екты знайшлі новага гаспадара

У Кастровічах былая кантора калгаса пераабсталявана пад жыллё. СВК “Сянькоўшчына” перададзена і кацельня, якая абагравала  кантору, для пераабсталявання пад гаспадарчыя патрэбы. Навагрудскай епархіі перададзены будынкі былой бібліятэкі  ў Чамярах і ФАПа ў вёсцы Ніз. Усе згаданыя пабудовы ў апошні час не выкарыстоўваліся.

Праблемы сяла

Старшыню райвыканкама Алега Таргонскага трывожыць  вырашэнне некаторых пытанняў у сельскай гаспадарцы. Ёсць  азот, гаручае, а некалькі гаспадарак не прыступалі да падкормкі кукурузы, цукровых буракоў. Асабліва занепакоены кіраўнік  раёна справамі ў фермерскай гаспадарцы “Раса-Агра”, дзе без  дапамогі райвыканкама і зарплату іншы раз не могуць выплаціць. Патрабуецца ўмяшанне і ў дзейнасць Жыровіцкай сортавыпрабавальнай станцыі. Старшыня райвыканкама звярнуў увагу і на тое, што на сёння ў кожнай гаспадарцы ёсць землі, якія выкарыстоўваюцца  неэфектыўна, або наогул не выкарыстоўваюцца.
Да канца тыдня кіраўнік раёна даручыў стварыць дзве камісіі,  якія правераць ход падрыхтоўкі тэхнікі і сушыльнай гаспадаркі  да ўборкі хлеба.
У СВК “Дзераўноўскі” на фермах не працуюць 5 артэзіянскіх  свідравін. Алег Таргонскі даручыў неадкладна вырашыць  праблему.

Пад кантроль

Пасля вымушанага перапынку аднавіла работу ААТ “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка”. Кіраўнік раёна даручыў  падначаленым узмацніць кантроль за аднаўленчымі работамі  ў кацельні — яна павінна ўступіць у строй да 1 верасня.

Штрафныя санкцыі

На планёрцы ішла гаворка аб тым, што прыродаахоўнікі  жорстка штрафуюць кіраўнікоў арганізацый нават за знішчэнне  парасткаў на спілаваных раней дрэвах. Нібыта добрая робіцца  справа, наводзіцца парадак, а за гэта яшчэ і штрафуюць. Кіраўнік  раёна запатрабаваў падыходзіць да пытання ў кожным канкрэтным выпадку разумна.

“Дажынкі” не за гарамі

Старшыня райвыканкама запатрабаваў хутчэй завяршыць  падамавы абход у горадзе і параіць, што канкрэтна трэба зрабіць гаспадарам у сваіх дварах.

Лазня запрацавала

У вёсцы Сялявічы запрацавала лазня. Пасля рэканструкцыі  застаецца завяршыць добраўпарадкаванне пад’езда да яе.  Старшыня райвыканкама даручыў за тыдзень добраўпарадкаваць у Сялявічах пад’езд да бальніцы і канторы гаспадаркі. Праз  два тыдні павінна запрацаваць лазня ў Партызанаўцы.

Рознае

На планёрцы звернута ўвага на тое, што ў многіх прыватных дварах дамоў пладовыя дрэвы даўно “перараслі мяжу  плота” і займаюць ледзь ні ўвесь тратуар, людзям прайсці цяжка. Службе МНС даручана ўнесці прапановы па ліквідацыі  паўразбуранага будынка былога дзіцячага сада ў Касцянях. Кіраўнік раёна рэкамендаваў перанесці ў іншае месца адстой аўтобусаў (на час абеду вадзіцеляў) з плошчы Леніна.

Васіль АФАНАСІК. 

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.