Як у Міцікавічах кавуны вырошчваюць…

++++IMG_5743

Міцькавічы – прыгожая, утульная вёска. У гэтым мы ўпэўніліся, зрабіўшы  па ёй не адзін круг на машыне. Усе домікі як на падбор: дагледжаныя, пафарбаваныя, нібы лялечныя. Агародчыкі прыбраныя, а ў іх чаго толькі ні расце! Нават кавуны. Сапраўдныя. Салодкія. Нібы астраханскія. А стала такое дзіва  магчымым дзякуючы вынаходлівасці мясцовай жыхаркі Жанны Семяняка.

– Кавуны любіць уся наша сям’я, – гаворыць Жанна Пятроўна. – Эксперыменты ставіць мы таксама майстры. Таму пасля чарговага  кавуна, купленага на рынку, было вырашана паспрабаваць вырасціць такі ж самім. Эксперымент удаўся, і  цяпер кожны год напрыканцы лета мы заўсёды маем  на стале смачныя, духмяныя  кавуны. Нават лепшыя за  рыначныя.
Дарэчы, у Семянякаў увогуле няма пустога месца на  агародзе: усюды кветкі, садавіна, агародніна. А над іх  рознакаляровым домам узвышаецца вялікая статная  прыгажуня-бяроза, якую больш за трыццаць гадоў таму пасадзіў брат Жанны  Пятроўны. Вакол яе і нават  на асфальтавай дарожцы ў  гаспадыні ў невялікіх кошычках, сплеценых сваімі рукамі, цвітуць петуніі. І тут жанчына праявіла вынаходлівасць і прыродную здольнасць  да ручной працы.
Убачыла аднойчы яна  вырабы, зробленыя з газетных трубачак, і так захапіла  яе магчымасць з нічога зрабіць нешта, что вырашыла  паспрабаваць сама. Нарабіла папяровай “лазы” і ўзялася за працу. І адразу стала ў яе атрымлівацца! Хутка пайшлі адно за адным  кошычкі, карабы, шкатулкі,  вазы. Розных памераў і колераў. Для кожнага гаспадыня і  прымяненне знайшла. – У вялікіх, напрыклад,  адзенне, або цацкі можна захоўваць, шкатулкі для ўпрыгожванняў, кашпо для вазонаў. Размалёўваю іх звычайнай фарбай. Адна ёсць у мяне ваза непафарбаваная і,  магчыма, такой яе і пакіну.  Трубачкі, з якіх яна сплецена, рабіла з лістоў часопіса  “Арыфлэйм”, і атрымалася  яна такая яркая, рознакаляровая, што і без дадатковага афармлення выдатна  выглядае, – гаворыць Жанна Пятроўна.

Цяпер майстрыха так авалодала  рамяством, што маючы гатовыя трубачкі, за паўгадзіны  можа “зляпіць” невялікую шкатулку.  Да слова, і паштовая скрынка ў Семянякаў з газетных  трубачак зроблена, і такая моцная,  што нават у дождж і  снег не размакае. Дарэчы, паслухаўшы гаспадыню, зрабіла выснову, што кожны ў  гэтай хаце займаецца сваёй справай  і усе члены сям’і з  павагай адносяцца  адзін да аднаго. Напрыклад, заўзятым  рыбаком лічыць сябе муж  Жанны Пятроўны – Рыгор  Мікалаевіч. Мужчыне рыбалка дае сапраўдную асалоду,  ён любіць сам працэс і ўсе  этапы падрыхтоўкі. Нават  чысціць рыбу заўсёды сам.  Спасцігае гэтую навуку  і малодшая дачка Семянякаў – Дар’я. Ёй дзесяць, і каб  толькі чулі вы, з якім разуменнем і задавальненнем  гаворыць яна аб рыбалцы!  Яна – лепшы татаў сябра  ў гэтай справе і ўжо ведае  дзяўчо, як рыбу лавіць, якія  кручкі патрэбныя, паплаўкі,  грузіла, якую прынаду трэба  зрабіць. З вялікім задавальненнем гаварыла яна аб самым вялікім сваім дасягненні  на цяперашні час – злоўленай краснапёрцы. Марыць  Дар’я аб вялізарнай рыбіне,  такой, што і бацька яе яшчэ  не паймаў. Старэйшая дачка Вераніка да актыўнага адпачынку абыякавая, яе, як  і маці, прыцягвае пляценне  з паперы. Аднак накірунак  дзяўчына выбрала для сябе  іншы – з-пад яе ўмелых рук  адзін за адным “выплываюць” ганаровыя белыя птушкі  – лебядзі. Маці Жанны Пятроўны  – Марыя Мікалаеўна Ціханчук (у мінулым цялятніца на  ферме ў Міцькавічах) цяпер  разводзіць куранят і на пару  з дачкой і ўнучкамі любіць  папрацаваць на зямлі. І таму,  што яны разам усё робяць, і  ўраджай у іх атрымліваецца  надзвычайны. Калі гаспадар варочаецца з рыбалкі, Жанна Пятроўна гатуе для родных смачную юшку, пасыпае яе  зелянінай і падае на стол. І  з намі, паважаныя чытачы,  гасцінная Жанна Пятроўна  падзялілася аблюбаванымі  сям’ёй рыбнымі рэцэптамі.

Рыбная тушонка

1 кг рыбы, 300 г морквы,  300г цыбулі, соль, перац,  лаўровы ліст.

Пачышчаную рыбу  адварыць напаўгатоўнасці. Аддзяліць ад касцей.  Пасіраваць цыбулю, моркву.  У стэрылізаваныя слоікі выкладваем перамешаную з  агароднінай рыбу, солім,  перчым, дабаўляем лаўровы ліст. Здымаем гумку з  крышак, накрываем крышкамі слоікі і на паўгадзіны  на проціўне ставім у духоўку. Потым закатваем і ласуемся ўзімку.

Шчупак па Семянякаўскі

300 г свінога сала, 150 г  рысу (або паўбатона), цыбуля, морква, сельдэрэй, соль, перац.

Сала перакруціць на мясарубцы, дабавіць адвараны  рыс (або батон), смажаныя  цыбулю, моркву і сельдэрэй.

Са шчупака акуратна зняць скурку (здымаць ад хваста). Рыбу разрэзаць удоўж,  пачысціць, выняць косці.  Рыбнае мяса перакруціць на  мясарубцы, дабавіць сала,  перамешанае з рысам (батонам), цыбуляй, морквай,  сельдэрэям, соллю, перцам,  дабавіць спецыі, якія вам падабаюцца.
Знятую скурку начыніць  і пакласці на паліты маслам процівень, гатаваць 30-40 хвілін.
Дастаць, паліць сокам лімона, упрыгожыць малюнкамі з маянэзу.
Прыемнага апетыту!

Кацярына ВЕСЯЛУХА.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.