Беларусь, ты – Радзіма наша!

++++1+++++IMG_1557

+++++2++++++IMG_1532

++++3+++++IMG_1780

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 70-годдзе вызвалення краіны ўрачыста  адзначаны і на Слонімшчыне.  Якая дзівосная наша Беларусь, які гераічны і таленавіты  наш народ. Нашы бацькі і дзяды, маці і бабулі перамаглі лютага ворага, адстаялі свабоду краіны. Яны — галоўныя героі ўрачыстасці. Узнёсла і святочна на стадыёне “Юнацтва”  прайшло прадстаўленне: мастацкія калектывы і салісты,  разведчыкі і патрыятычныя  клубы, спартсмены і выратавальныя службы, навінка слонімскіх свят — аўтавелатрыал і сілач — рэкардсмен кнігі Гінеса Кірыл Шымко — гэты калейдаскоп талентаў выклікаў  захапленне гледачоў. Тысячы  слонімцаў і гасцей дружна апладзіравалі. Гордасцю поўнілася  сэрца за нашу міралюбівую рэспубліку.
Перад тым, як на стадыёне адбылося грандыёзнае  тэатралізавана-спартыўна-канцэртнае відовішча, быў  урачысты цырыманіял. Спачатку ў райвыканкаме кіраўнік  раёна Алег Таргонскі прыняў дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў — Аўгустова (Польшча), Сергіева -Пасада (Расія),  Огрэ (Латвія), Чэхавіцэ-Дзедзіцэ (Польшча) і ўкраінскага  горада Вінніца. Усе госці пасля  прыёму ўліліся ў святочную  калону, якую ўзначалілі юныя  барабаншчыцы і машыны з  ветэранамі вайны. Мнагалюдная калона рушыла на вуліцу  Пушкіна, да помніка воіну-вызваліцелю. Тут адбыўся мітынг  у гонар Дня Незалежнасці і 70-годдзя вызвалення Рэспублікі  Беларусь. Самыя ганаровыя  ўдзельнікі свята — ветэраны  вайны, вызваліцелі. Нягледзячы на ўзрост, іх прыйшло  на свята нават больш, чым  у Дзень Перамогі. Як казалі  многія з іх, і сёння на вачах  слёзы — слёзы болю за загінуўшых, слёзы радасці, што  дажылі да такога юбілею, што  народ наш так шануе людзей, якія здзейснілі бяспрыкладны подзвіг.
Перш чым ускласці вянкі да абодвух помнікаў, адбыўся ўрачысты рытуал. Так, цяпер у скверы менавіта два  помнікі — воінам-вызваліцелям і воінам-інтэрнацыяналістам.

У гэты святочны дзень, 3 ліпеня, старшыня райвыканкама Алег Таргонскі і старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Аляксандр Высоцкі адкрылі памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам  Слонімшчыны, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку. На адкрыцці прысутнічалі блізкія сваякі загінуўшых. Са словамі ўдзячнасці  выступіла адна з матуль загінуўшага воіна. Раіса Віктараўна Комлева  расказала, што для іх, маці, чые сыны загінулі ў Афганістане, гэты дзень з’яўляецца часцінкай жыцця, бацькоўскага смутку і болю. Дзякуючы гэтаму памятнаму знаку, памяць аб загінуўшых сынах будзе захоўвацца  вечна. Усе гэтыя гады раны ў сэрцах маці не зажываюць. Пасля ўрачыстасцей на вуліцы Пушкіна і на стадыёне мы папрасілі слонімцаў і гасцей горада падзяліцца ўражаннямі ад свята.
Наталля Вячаславаўна:
– Уражанні ад свята самыя яркія. Усё вельмі падабаецца! У нас не  так часта праводзяцца мерапрыемствы такога маштабу, а хацелася  б пабольш святаў. Асабіста я ўсім вельмі задаволена. Дзякуй арганізатарам!
ніна:
– Усё цудоўна! Радуе тое, што ёсць забавы як для моладзі, так і для  людзей сталых. Горад выглядае такім яркім і маляўнічым, вельмі многа  розных выставак, усе ходзяць шчаслівыя, радасныя,  усміхаюцца. Усё гэта ўздымае настрой! З упэўненасцю магу сказаць, што свята ўдалося!
Сяргей Ільіч:
– Свята добрае. Ёсць магчымасць выйсці ўсёй  сям’ёй у горад, паглядзець на розныя выступленні.
Усё вельмі цікава. Дзякуй арганізатарам, што падтрымліваюць традыцыю ўшанавання вызваліцеляў.
У гэты ж дзень урачыстасці прайшлі і ў іншых  месцах горада: у парку, цэнтры горада, мікрараёне  “Энка”.
У раённым краязнаўчым музеі прайшоў дзень  адкрытых дзвярэй, у час якога слонімцы і госці горада маглі наведаць усе выстаўкі бясплатна. На пляцоўцы перад уваходам у музей на дэманстрацыйных стэндах экспаніравалася выстаўка “Памятныя  дні вызвалення Слонімшчыны”, на якой сабраны ўнікальныя фотаздымкі, прысвечаныя гераічным  падзеям тых гадоў. У выставачнай зале музея адкрылася цікавая выстаўка сатырычнага плаката часоў  Вялікай Айчыннай вайны.
Святочным вечарам у мікрараёне “Энка” прайшоў эстрадны канцэрт салістаў Цэнтра культуры і  адпачынку. Сваімі песнямі слонімцаў таксама парадавалі маладыя “зоркі” беларускай эстрады Леся  Кодуш, Слава Нагорны, Вольга Плотнікава і Леанарда. Жыхары горада падтрымалі ўсебеларускую  акцыю “Спяём гімн разам” і ад душы і з гонарам праспявалі дарагія ўсім беларусам словы. Урачыстасці па традыцыі завяршыў святочны фейерверк.

Яўгенія Мамановіч, Ігар ПРАКОФ’ЕЎ,
Марыя СЯРГЕЕВА, Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.