Добры знак

+++++++1+++++IMG_7791

У мінулую суботу ў Сялявічах  адкрылі бальніцу сястрынскага  догляду. Спатрэбілася тры гады  і 3,5 млрд. рублёў, каб былое памяшканне дзіцячага садка (пуставала 10 гадоў) пераабсталявалі пад бальніцу.
Сэнс новай медустановы ў тым,  што тут будуць жыць састарэлыя людзі, якія засталіся адны і якім патрэбны штодзённы догляд, у тым ліку і  медыцынскі. Так што гэту ўстанову  хутчэй можна назваць домам. Кругласутачна тут будуць дзяжурыць  санітарка і медсястра. Бальніца абсталявана ўсім неабходным: у палатах утульна, сталовая — быццам  рэстаран, на ўзроўні харчовы блок,  сучасны медінвентар у працэдурным кабінеце. У двары —  парадак, свежы асфальт і зручныя лаўкі. Мясцовая ўлада,  работнікі БУ-187, СПМК-64 і ДРБУ-191 зрабілі ўсё, каб людзі адчувалі сябе камфортна. І як шчыра сказаў адзін з насельнікаў, які на старасці гадоў застаўся без увагі родных, калі ёсць рай на зямлі, дык ён тут (бальніцу засялілі крыху  раней, чым урачыста адкрылі, дарэчы, як і абяцаў кіраўнік  раёна, да 3 ліпеня).
Так атрымалася, што старасць і дзяцінства (побач Сялявіцкая школа) размясціліся па-суседству. І як сказала дырэктар школы Ірына Мароз, школа бярэ пад апеку бальніцу і не  дасць сумаваць сталым людзям.
У раёне сёння многа людзей, якія пражываюць адны.  У многіх ёсць не бедныя дзеці, а бацькі адзінокія. Крый  Божа, на старасці застацца аднаму. Добра, што палітыка  нашай дзяржавы сацыяльна скіраваная. І адзінокіх людзей у бядзе не пакідаюць. Адкрыццё бальніцы — лепшае  таму сведчанне.
Чатырнаццаць адзінокіх людзей з розных месц засялілі  ва ўтульныя палаты. Адна палата пакінута для мясцовых  жыхароў, якім спатрэбіцца лячэнне, бо яны скардзіліся, што  пасля закрыцця Азярніцкай бальніцы цяжка дабірацца ў горад. Новую бальніцу будзе рэгулярна наведваць урач Азярніцкай амбулаторыі, назначаць лячэнне. Дарэчы, 85% пенсіі  пацыентаў будзе пералічвацца на ўтрыманне бальніцы. Хаця гэтага недастаткова, і значная сума будзе выдзяляцца з  бюджэту.
Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі і выконваючая  абавязкі галоўнага ўрача райбальніцы Галіна Маісеенкава  перарэзалі стужку — бальніца адкрыта. Сімвалічна. У апошні час на сяле ўсё больш закрываецца: клубы, магазіны,  ФАПы… У Сялявічах адкрыта лазня, адкрыта бальніца.  Добры знак.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.