Каб хлеб у радасць быў

+++др+++IMG_7863

У гаспадарках раёна пачалося жніво. Першым на  палях паспеў азімы ячмень, яго ўборку ў раёне практычна завяршылі. Наступная прыступка перад асноўнай уборкай хлеба – азімы рапс – культура, якая  прыносіць у касы гаспадарак прыстойныя даходы.
Віды на ўраджай добрыя. Тым больш важна ўбраць  усё да зярнятка. У мінулую сераду мы разам са старшынёй райкама  прафсаюза работнікаў АПК пабывалі ў СВК “Драпава”, дзе  два камбайны ўбіралі азімы рапс. А напярэдадні абмалацілі азімы ячмень на 150-гектарнай плошчы.
Камбайнер Мікалай Мікалаевіч Ёрш з вёскі Азярніца  ветліва запрасіў нас праехаць з ім “круг”, а гэта каля трох  кіламетраў.
– Ці падабаецца Вам работа? – пытаемся ў механізатара.
– Так, падабаецца. Працую з 1994 года. Вось сын у мяне ў памочніках, яму дваццаць гадоў, скончыў аграрнатэхнічны каледж.
– Як Вам камбайн?
– Добры, разумная тэхніка, нават кандыцыянер ёсць, у  спёку адчуваецца прахалода. Гэта – “Палессе”. Памятаю,  працаваў на старым камбайне “Дон”, але той, што цяпер  – значна лепшы.
– Раскажыце, калі ласка, што адбываецца з рапсам, калі ён трапляе ў машыну?
– Ачышчаецца ад смецця і трапляе ў бункер.
– Як Вы мяркуеце, чаму людзі не імкнуцца працаваць у аграрнай сферы?
– Хутчэй за ўсё з-за аплаты працы. Вяскоўцам даюць дамы, нас вось кормяць бясплатна. Але ў горадзе змену  адпрацаваў – і дадому, а ў нас – ад досвітку да досвітку, а  зарплата невысокая.
– Ці хацелі б Вы змяніць работу і пераехаць у горад?
– Не, працаваць і жыць у горадзе не хачу. Вёска, ёсць  вёска, тут і людзі, на мой погляд, дабрэйшыя. Мікалай Мікалаевіч прапанаваў паспрабаваць “паруліць”  вялізнай машынай, вагой у 16 тон. Камбайн сапраўды паслухмяны і кіраваць ім лёгка. У кабіне камбайна ёсць мінікамп’ютар, маленькі манітор і дынамік, адкуль прыходзяць паведамленні аб стане машыны ў цэлым.

У полі сустрэлі галоўнага агранома гаспадаркі Анатоля Несцера, які расказаў, што азімы ячмень даў па 33,1  ц/га, а вось рапс урадзіў на славу – 25 ц/га. Ужо пачалі  пастаўляць насенне рапсу ў лік дзяржзаказу, а потым  будуць разлічвацца рапсам з фірмамі, якія забяспечвалі запаснымі часткамі, гербіцыдамі і г.д.
Нельга сказаць, што ў сельгаскааператыве без праблем уступілі ва ўборачную кампанію. З наяўных 11 камбайнаў не ўсе гатовы – не хапае сродкаў на запчасткі. Напрыклад, на ўборцы рапсу каля двух камбайнаў  былі тры аўтамашыны, прычым – адна прыехала на дапамогу ад шэфаў, хаця, як запэўнілі вадзіцелі, з адвозкай справіліся б і дзве. А за прастой трэба грошы плаціць. Вадзіцелі не зусім задаволены аплатай працы, як,  зрэшты, і не зусім якаснымі абедамі. А хтосьці нават не  ведаў, што абеды бясплатныя. Можа гэтыя хібы з часам  знікнуць у працэсе набору абаротаў уборачнай, калі б  не адно “але”. У гаспадарцы востра стаіць праблема  механізатарскіх кадраў. Некаторыя камбайнеры сумяшчаюць адразу некалькі работ. Дзіўна было бачыць памочніка камбайнера, які шпрыцаваў змазкай камбайн  у полі. І гэта ў поўдзень, калі гаспадарлівыя памочнікі  камбайнераў рыхтуюць тэхніку да наступнага рабочага  дня альбо раніцай, альбо нават ноччу. Бо ўборка – час  зарабіць. Не сакрэт, што ў перыяд міжсезоння на вёсцы  не вельмі і заробіш, ды яшчэ калі кожная кропля бензіну на ўліку. Так што ў час жніва дробязей не бывае і  ўжо калі адчуваецца праблема з кадрамі, аб іх трэба і  клапаціцца. А ўжо тады і спытаць – і за якасць, і за колькасць зробленага. Лепшы ж варыянт – зрабіць усё  пааспадарску загадзя: і тэхніку падрыхтаваць, і людзей. Каб хлеб стаў і ў асалоду, і ў радасць.

Вольга ЯГОЎДЗІК. 
Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.