Колас нахіліўся — у амбар запрасіўся

+++IMG_8215

++++IMG_8271

СВК “Сянькоўшчына” — флагман сярод сельгасвытворцаў раёна — і ў земляробстве, і ў жывёлагадоўлі. Стартавала ўборка ўраджаю. У сельгаскааператыве не сеялі азімы ячмень, але быў азімы рапс. З 7 тысяч тон рапсу,  што намалацілі ў раёне — тысяча тон “сянькоўшчынскага”. Важкім чакаецца ўклад гаспадаркі і ў раённы хлебны намалот.
У мінулую суботу тут адбылося свята “Зажынак”. У адрозненне ад “Дажынак”, пачатак уборачнай адзначаюць прама ў  полі. А яно гуло, ішло жніво. На адным з камбайнаў загарэліся маячкі: разумная машына “камандуе”, што бункер поўны.
Праз лічаныя секунды ў аўтамашыну, якая пад’ехала, пасыпалася зерне. Услед за камбайнамі ідзе прэсадборшчык, пакідаючы за сабой рулоны залацістай саломы. Некалькі жанчын віламі паднімаюць палеглы ячмень. Раптам уся тэхніка ў разгар рабочага дня выстраілася ў рад, рухавікі сціхлі. Ля машын сабраліся ўдзельнікі ўборачнай  кампаніі. А перад імі — ганаровыя госці, якія прыехалі павіншаваць хлебаробаў з пачаткам жніва.

Даючы наказ удзельнікам уборкі, старшыня райвыканкама  Алег Таргонскі напомніў вядомую народную мудрасць – “Будзе хлеб, будзе і песня”. Ад хлеба залежыць дабрабыт і харчовая бяспека краіны. А свята “Зажынак” – спакон веку  традыцыя нашых сялян. Гэта старт, пачатак таго вянца, што  паліты потам шматдзённай працы хлебаробаў, старт бітвы за  ўраджай. На жаль, у апошнія гады надвор’е не песціць наш  край. І ўжо тут сапраўды неабходна пазмагацца за вырашчанае. Бо прамарудзіш – асыплецца колас, не дагледзіць камбайнер – пойдзе зерне разам с саломай. У СВК “Сянькоўшчына” шмат пасеваў пакруціла, палажыла вятрамі. Сучасныя  камбайны здольны абмалаціць палегліцу, але ж тут перастрахоўваюцца: на праблемных участках паляводы паднімаюць  хлеб. Пракаціўся з адным  з камбайнераў – літаральна на некалькіх дзясятках  метраў механізатар прыпыняў камбайн і даваў задні  ход, каб паўторна паспрабаваць адправіць палегліцу ў жняярку. Няпростая  гэта справа – жніво, нават  для вопытнага спецыяліста.
У гаспадарцы вырас  нядрэнны ўраджай,  першыя намалоты пераўзыходзяць 50-цэнтнеравы рубеж з гектара.  Дзевяць камбайнавых экіпажаў гатовы ўбраць хлеб  з плошчы ў больш чым дзве тысячы гектараў. Сёлета ў гаспадарцы адчулі мінулагодні  недабор збожжа (ураджай летась не парадаваў). На гэты раз,  як і заўжды, на хлеб працаваў увесь кааператыў – вырасціць  ураджай удалося. Камбайнерам засталося не абясцэніць  працу ўсіх. Тым больш праца саміх камбайнераў аплачваецца дастойна. Каб пракарміць увесь грамадскі статак – каровак ды бычкоў – кааператыву, штомесяц неабходна 700 тон  зерня, ды ў тры разы больш травяністых кармоў. Кіраўнік раёна шчыра пажадаў хлебаробам да абласных  “Дажынак” прыбыць з салідным караваем. У мінулым годзе  ў раёне сабралі 70 тысяч тон хлеба, два гады назад – 95 тысяч тон. У гэтым годзе ёсць усе перадумовы мець 100-тысячатонны каравай.
Вядомы ансамбль, дарэчы, мясцовы, “Славяначка”, цудоўна разыграў у полі сцэнарый “Зажынак”: з песнямі, снапамі свежага хлеба, зжатага сярпамі і паднесенага ганаровым  гасцям, з хлебнымі паясамі для агранома і камбайнераў.  Свяшчэннаслужыцель асвяціў поле і тэхніку. У добры шлях  за вялікім хлебам!

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.