На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Пачынаецца практычная работа

Чарговая планёрка пачалася з абмеркавання пытанняў  падрыхтоўкі да абласных “Дажынак”. Амаль гатова дакументацыя на рэканструіруемыя да “Дажынак” аб’екты. На гэтым  тыдні пачынаюцца практычныя работы ад Цэнтра культуры і адпачынку.

Сельскія будні

Як і планавалася, у раёне на мінулым тыдні завяршылі  ўборку азімага рапсу. Намалочана звыш 7 тысяч тон насення, на 3 тысячы тон больш, чым год назад. Праўда, не ўсюды  аднолькава высокі паказчык ураджайнасці. У СФГ “Раса-Агра” з гектара атрымалі па чатыры тоны рапсу, у суседніх СВК  “Дзераўноўскі” і філіяле «Паўлава-Агра» — менш дзвюх.  Першы паказчык — еўрапейскі ўзровень, другі — перавод  сродкаў. Як адзначыў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, з такіх кантрастаў трэба зрабіць вывады.
Кіраўнік раёна заклапочаны ходам уборкі льну і запатрабаваў усім гаспадаркам прыступіць да яго цераблення — самы  час пакласці даўгунец пад жнівеньскую расу. У гэтай рабоце  павінен быць зацікаўлены не толькі льнозавод.

Зямля пустуе

Кіраўнік раёна ў выхадныя часта аб’язджае раён, бывае ў самых аддаленых месцах. Пабываўшы ў Савічах і пагутарыўшы з мясцовымі жыхарамі, даведаўся, што ў наваколлі вёскі пазарасталі пустазеллем дзясяткі гектараў сельгасугоддзяў. Старшыня райвыканкама абавязаў падначаленых  узмацніць кантроль за навядзеннем парадку на зямлі.

Бязмерныя рахункі

Як вядома, на дапамогу сялянам на ўборцы хлеба  прыйшлі гарадскія арганізацыі. На планёрцы яшчэ раз было  падкрэслена, што збожжа трэба ўбраць без страт, ніхто не  павінен стаяць у баку. Але калі кіраўнік раёна даведаўся,  якія рахункі выстаўляюць некаторыя арганізацыі сялянам  за прадстаўлены аўтатранспарт, запатрабаваў “зменшыць  апетыт”.
Жніво набірае абароты. Ёсць усе падставы ўнесці ў  абласны каравай 100 тысяч тон хлеба. Каб убраць збожжавыя без страт, неабходна штодня абмалочваць 1200-1300  гектараў хлебнай нівы. Пакуль тэмпы ніжэйшыя.
Алег Таргонскі праінфармаваў, што на гэтым тыдні гаспадаркі павінны атрымаць 4 новыя камбайны. Кіраўнік раёна запатрабаваў ад падначаленых узяць пад  асаблівы кантроль пастаўкі рапсу і хлеба дзяржаве, рамонт  энерганасычанай тэхнікі ў гаспадарках, закуп мінеральных  угнаенняў.

За што арэнда?

Футбольны клуб “Слонім” плаціць арэндную плату за  стадыён у Альбярціне, хаця даўно там не трэніруецца.  Кіраўнік раёна даў даручэнне адрэгуляваць такі казус.

Зноў пра бадзячых сабак

На планёрцы ўзнята пытанне бадзячых сабак. Іх хапае і ў  горадзе, і ў вёсках. Звернута ўвага камунальнікаў на актывізацыю адлову сабак, а насельніцтва — на тое, каб па-чалавечы ставіліся да чатырохногіх сяброў.

Ігнаруюць правілы бяспекі

На планёрцы ўзнята праблема пажарнай бяспекі на  аб’ектах уборкі ўраджаю. Многія работнікі не ведаюць элементарнага. Кіраўнік раёна рэкамендаваў інспектарам на  першы раз выносіць папярэджанне, а калі не адрэагуюць —  прымяняць жорсткія санкцыі. Бо няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё. А практыка сведчыць: штогод у  рэспубліцы гінуць людзі ў час жніва, корманарыхтоўкі.  Дарэчы, у тэму: толькі за мінулыя выхадныя ў вобласці было  тры тапельцы.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.