На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Жніво перакрочыла “экватар”

На планёрцы агучана інфармацыя аб ходзе жніва. Яно ў раёне перакрочыла “экватар”. Як адзначыў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, у цэлым і тэмпы, і ўраджайнасць задавальняюць. Пастаўлена задача — у першую чаргу ўбіраюць палеглую збажыну. Надвор’е пакуль спрыяе хлебаробам: зерне практычна не трэба дасушваць — не траціцца дарагое паліва. Гаспадаркі раёна атрымалі чатыры новыя камбайны.
Кіраўніка раёна не задавальняе ход уборкі саломы. Не задавальняе і ход продажу хлеба дзяржаве. Належным чынам выконваюць першую запаведзь хлебаробы СВК імя Дзяржынскага і “Міжэвічы”. СВК “Міжэвічы” ўжо выканаў дзяржзаказ па продажу піваваранага ячменю. Пастаўлена задача да 5 жніўня выцерабіць у раёне ўвесь лён.

Куды пераедзе ЗАГС?

У сувязі з пачаткам рамонту Цэнтра культуры і адпачынку, на планёрцы абмеркавана пытанне часовага пераезду аддзела ЗАГС у іншае памяшканне. Хутчэй за ўсё заключэнне шлюбаў цяпер будзе праходзіць у будынку драмтэатра.

Рэклама: дзе каму задумалася?

Кіраўнік раёна запатрабаваў навесці парадак з рэкламай на вуліцах горада. Афішы і аб’явы развешваюць дзе каму задумаецца. Гэта і не эстэтычна, і ў тым ліку адмоўна ўплывае на ўвагу вадзіцеляў за рулём.

Медалі — воінам-інтэрнацыяналістам

1 жніўня ў драмтэатры будуць уручаны юбілейныя медалі воінам-інтэрнацыяналістам. Пачатак у 15 гадзін. Пасля цырымоніі ўзнагароджвання адбудзецца ўскладанне кветак да памятнага знака на вуліцы Пушкіна.

У памяць аб пачатку Першай сусветнай вайны

28 ліпеня 2014 года споўнілася 100 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. Крыху пазней, 1 жніўня, будзе роўна стагоддзе, як Германія аб’явіла вайну Расіі. 1 жніўня на могілках на вуліцы Ружанская ў 11.30 адбудзецца мітынг-рэквіем, пасля якога пройдзе аўтамотапрабег па месцах, звязаных з Першай сусветнай вайной.

Праверыць месцы адпачынку…

Старшыня райвыканкама запатрабаваў праверыць усе месцы адпачынку на вадаёмах. За тыдзень у вобласці патанула 7 чалавек.

…і ўзмацніць супрацьпажарны кантроль на жніве

За выхадныя ў рэспубліцы на жніве было тры загаранні тэхнікі і два — пасеваў. Ёсць парушэнні тэхнікі пажарнай бяспекі і ў раёне. Алег Таргонскі абавязаў службовых асоб узмацніць кантроль за ходам жніва. У спякотнае надвор’е асаблівай пільнасці патрабуюць і тарфянікі.

Рознае

На планёрцы разгледжаны пытанні рэжыму работы гандлёвых аб’ектаў, магчымай перадачы будынкаў школы і дзіцячага сада ў Сасноўцы (якія цяпер не эксплуатуюцца) Навагрудскай епархіі пад размяшчэнне цэнтра рэабілітацыі алкаголе- і нарказалежных грамадзян “Анастасіс”. Работа цэнтра даволі эфектыўная, але ён не можа прыняць многіх з-за таго, што не хапае добрага памяшкання. Вырашана рыхтаваць неабходныя дакументы на перадачу будынкаў цэнтру.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.