Перамогу заслужвалі…

+++IMG_7984

“Слонім” — “Граніт” (Мікашэвічы) — 0:0

12 ліпеня, стадыён “Юнацтва”, нямоцны дождж, 500 гледачоў. Пачатак у 17 гадзін.
Суддзі: Дзігілевіч (Жодзіна), Арабей, Мецік (абодва — Мінск).
Інспектар: Алейнікаў (Мінск).
“Слонім”: Мялік, Палазнік, Снапко, Жукаў, Шуляк (Герасімчык, 86), Курловіч (Харытановіч, 70), Арочка (Блінец,  90), Каленік, Жэгала (Герасіменка, 65), Пузач, Красій.
“Граніт”: Гамялько, Малажавы (Шыдлоўскі, 86), Халецкі, Кунцэвіч, Алексіян (Талканіца, 90), Якубовіч (Шэракоў,  78), Трухаў, Ігнаценка, Калпачук (Яўсеенка, 46), Хаваўка (Люцько, 73), Лебедзеў.
Папярэджанні: Снапко, Жукаў,  Халецкі, Якубовіч.
Выдаленне: Герасімчык, 90+2.
Лідар чэмпіянату ў Слоніме  нічым істотным не адзначыўся. Рэальную пагрозу забіць госці мелі  хіба што на 89- мінуце, калі іх нападаючы зблізку прабіў галавой. Не  задавальняла гульня падапечных  і трэнера Валерыя Бахно, бо яго  нецэнзурная лаянка не сціхала  ўвесь матч. Але ў гэтым матчы хутчэй не апатыя рухала гасцямі, так  гуляць іх прымусіў сапернік. Пасля  двух правальных матчаў “Слонім”  гуляў камандай — напорыста і  даволі відовішчна. І ў гэтым паядынку, безумоўна, быў куды бліжэй  за саперніка да перамогі. І  заслугоўваў яе. Практычна ўвесь матч у гульні дамінавалі слонімцы, ва ўсялякім разе невыпадкова лепшым іграком у гасцей  стаў варатар Гамялько (у стане слонімцаў прыз лепшага іграка ад ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод  “Альбярцін” дастаўся Жэгале), ён не раз ратаваў каманду ад пагроз гаспадароў поля. Першы званочак для “гранітаўцаў” празвінеў на 25-й мінуце, калі абаронцы гасцей паблізу сваіх варот наладзілі  перапасоўку (як часта гэта ў свой час рабіў наш “Камунальнік”). Жвавы Арочка перахапіў мяч, згуляў з Жэгала,  а заключны ўдар нанёс Шуляк — мяч трапляе ў далёкую штангу. Праз пяць мінут Арочка выйшаў адзін на адзін з варатаром гасцей, але на гэты раз хуткаму Андрэю хуткасці  і не хапіла: літаральна з нагі нападаючага мяч зняў абаронца гасцей. Асноўныя падзеі разгарнуліся за 15-20 мінут да заканчэння матча. На 76-й мінуце Пузач выйграе адзінаборства  ў Люцько і стварае галявую сітуацыю, аднак госці адбіваюцца. Праз дзве мінуты стрэл ледзь ні з цэнтра поля  Харытановіча прымушае папацець Гамялько. Ужо ў кампенсаваны час той жа Харытановіч зноў спрабуе здалёк паслаць мяч у ніжні вугал варот, аднак галкіпер з цяжкасцю, але выцягвае мяч. Яшчэ перад гэтым Герасіменка не забівае з лічаных метраў ад вугла варот. Апошнія  мінуты матча ўзвінцілі тэмп, атакі пайшлі сустрэчнымі  хвалямі. Дабавілася нервозу. Груба гуляе абаронца гасцей паблізу сваёй штрафной — бачыць “гарчычнік” у руках арбітра. У бяскрыўднай сітуацыі ля бакавой лініі  кідаецца ў ногі саперніку Герасімчык — але суддзя  чамусьці яму “запальвае чырвонае святло”… Хацеў лідар перамагчы — не змог па гульні, хацелі  слонімцы перамагчы — не атрымалася. Хутчэй не  фарціла.
Матч апошняга тура першага круга “Слонім” правядзе  на выездзе са «Смаргонню» 19 ліпеня.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.