Што зробім, тое і заробім

На чарговым пасяджэнні раённы выканаўчы камітэт разгледзеў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выкананне бюджэту за 6 месяцаў. Намеснікі старшыні далажылі аб стане спраў у курыруемых галінах. У першым паўгоддзі выкананы прагноз па росту рознічнага тавараабароту, энергазберажэнню, па ўдзельнай вазе запасаў гатовай прадукцыі ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці. Не дасягнуты паказчыкі прагнозу па экспарту тавараў і паслуг, вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, індэксу фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па набору тавараў — вытворцам, па замежных інвестыцыях.
За паўгоддзе прамыслоўцы вырабілі прадукцыі на 1,2 трлн. руб. (110,8% да ўзроўню мінулага года), што ў абласным аб’ёме склала 4, 3%. З 19 арганізацый 11 спрацавалі ніжэй узроўню першага паўгоддзя 2013 года. Найбольш праблем у “Ромгіль-Тэкс”, ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін”, на птушкафабрыцы, драбільна-сартавальным заводзе. Не ўдалося нарасціць вытворчасць на заводзе ЖБК, маторарамонтным заводзе, у філіяле агракамбіната “Скідальскі”, ААТ “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка”. Прычым адзначаныя прадпрыемствы нават не плануюць да канца года выйсці на мінулагодні ўзровень. За першае паўгоддзе прадпрыемствы рэалізавалі 7,8% (ад агульнага аб’ёму вытворчасці) інавацыйнай прадукцыіі (заданне 11,5%) пры абласным паказчыку 6%. Аднак толькі на 6 прадпрыемствах з 19 асвоілі выпуск інавацыйнай прадукцыі. Прадукцыя слонімскіх вытворцаў на складах не залежваецца. Красамоўная лічба: на складах яе сёння на 22% менш, чым сярэднеабласны паказчык. Аднак у быткамбінаце, на заводзе ЖБК, у “Ромгіль-Тэкс» вялікія запасы прадукцыі на складах. За першае паўгоддзе экспартавана тавараў на 36 млн. долараў ЗША (81,8% да ўзроўню мінулага года пры заданні 106,6%), праўда, знешнегандлёвае сальда станоўчае — прадалі тавараў на 24 млн. долараў больш, чым закупілі. Няма станоўчай дынамікі па экспарту ў ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін”, “Ромгіль-Тэкс”, на птушкафабрыцы, не экспартуе сёлета прадукцыю быткамбінат. На радзе прадпрыемстваў імпарт тавараў перавышае экспарт. У структуры экспарту паслуг 90% займаюць замежныя грузавыя перавозкі і аказваюць іх прыватныя арганізацыі. За студзень-ліпень аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 251 млрд. руб. (96,6% да ўзроўню мінулага года). На мадэрнізацыю арганізацый раёна за 5 месяцаў накіраваны 42 млрд. руб., хаця на год плануецца 229 млрд. руб. Чакаемы аб’ём прамых замежных інвестыцый складае 132 тыс. долараў ЗША (заданне на год — 10 млн. долараў). У першым паўгоддзі па раёну выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго работніка склала 180 млн. руб. (даведзены паказчык — 400,2 млн. руб.). Мы па гэтым паказчыку – на пятым месцы ў вобласці.
На трэцім месцы ў вобласці раён па росту рознічнага тавараабароту. Дарэчы, з пачатку года адкрыты 24 аб’екты гандлю (плошча 2032,6 кв. м), да канца года плануецца адкрыццё двух аб’ектаў “Евроопт” плошчай 3000 кв. м. У першым паўгоддзі са стратамі спрацавалі сельская гаспадарка і транспарт раёна. У прамысловасці раёна атрыман чысты прыбытак 4,8 млрд. руб., узрасла рэнтабельнасць з 3,6 да 5,2%, аднак у эканоміцы раёна 10 арганізацый — стратныя і іх удзельная вага складае 17,5% ад агульнай колькасці працоўных калектываў. Сярод такіх арганізацый — ААТ “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка” — адно з буйнейшых прадпрыемстваў раёна. Сярэдняя зарплата па раёну за 5 месяцаў склала 4 млн. 468 тыс. руб. (92,8% да прагнознага паказчыка). У раёне зарэгістравана 446 арганізацый малога і сярэдняга бізнесу, 1881 прадпрымальнік. У сферы прадпрымальніцтва задзейнічана 6,8 тыс. чалавек (19,8% ад занятых у эканоміцы раёна).
У першым паўгоддзі будаўнічымі і дарожнымі арганізацыямі выканана падрадных работ на 170,1 млрд. руб. (85% да мінулагодняга паказчыка). Толькі МПМК-163 і СПМК-64 пераўзышлі мінулагоднія вынікі. Выпрацоўка ў СПМК-64 у пяць разоў большая, чым у БУ-187. Зніжэнне аб’ёмаў будаўніцтва абумоўлена зніжэннем колькасці будуемых аб’ектаў, нестабільным фінансаваннем. Праблемным застаецца ў раёне збор другасных матэрыяльных рэсурсаў. Многія арганізацыі да гэтай работы не прыступалі. Нягледзячы на напружаны фінансавы стан, у сацыяльнай сферы тым не менш праблемы не такія вострыя, як напрыклад, у сельскай гаспадарцы, дзе малочная і мясная галіны па-ранейшаму не радуюць вынікамі і нават у параўнанні з леташнім не лепшым годам мінусуюць. А паколькі ў радзе гаспадарак і сёлета пакуль не багаты запас кармоў, то перспектыва не радуе. Праўда, аптымізму дабаўляе сёлетні неблагі ўраджай хлеба. І пры зладжанай рабоце на жніве можна будзе значна паправіць фінансавы стан гаспадарак. Да слова, толькі малаказаводу яны завінавацілі 110 млрд. руб. Абмяркоўваючы стан эканомікі, старшыня райвыканкама Алег Таргонскі настойліва рэкамендаваў і кіраўнікам, і членам выканкама больш адказна адносіцца да ўзятых абавязацельстваў. Не можаш зрабіць — не бярыся. Эканоміка той жа птушкафабрыкі даведзена “да ручкі”, а практычных мер па выпраўленню сітуацыі не прымалася. І гэта не адзінкавы выпадак. Нашы прадпрыемствы ў асноўным “завязаны” на Расіі, а чаму не шукаць іншыя рынкі збыту, у тым ліку і ў далёкім замежжы. Стэрэатып: не маё — агульнае, усё роўна зарплату атрымаю — жывучы, як той асот у агародзе. На сучасных комплексах для жывёлы і для людзей створаны ідэальныя ўмовы, а аддача мізэрная. Калі ў філіяле “Паўлава-Агра” не з найноўшых ферм паступае малака 60% сортам “экстра”, дык з многіх сучасных ферм… ні аднаго працэнта. Кілаграм малака сорту “экстра” каштуе 5049 руб., а II сорту — 1469 руб. “На голым” месцы губляем каласальныя сродкі. Не хапае малога — захоўвай тэхналогію і вытворчую дысцыпліну. Кіраўнік раёна паставіў задачу давесці за 9 месяцаў продаж малака сортам “экстра” і вышэйшы да 90%. У будаўнічай галіне старшыня райвыканкама запатрабаваў актывізаваць будаўніцтва жылля ў горадзе і на сяле. А да 1 кастрычніка ўсе адміністрацыйныя будынкі прывесці ў належны выгляд.
Выканкам у прынятым рашэнні вызначыў канкрэтныя задачы па праблемных галінах эканомікі і сацыяльнай сферы.
Галоўны вывад: дабрабыт будзе залежаць ад сумеснай працы і ўлады, і ў тым ліку работы кіраўнікоў і кожнага члена працоўных калектываў. Што зробім, тое і заробім.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.