Струмень яравога ячменю

+++++IMG_8122

У раёне пачынаецца масавае  жніво. Убраны азімы ячмень, заканчваецца ўборка азімага рапсу. Мы пабывалі ў СВК “Васілевічы”. У гэтым годзе ўдалося сабраць па 35 цэнтнераў з гектара азімага ячменю (усяго было 69 гектараў) і з 200 гектараў намалаціць 558 тон рапсу. Хлебаробы спадзяюцца, што ў гэтым  годзе і ўраджай яравых будзе большым, чым у мінулым годзе. Праўда, высокадаходны рапс давядзецца  прадаць у лік пагашэння даўгоў, бо іх у СВК “Васілевічы” многа.
З мая гэтага года старшынёй сельгаскааператыва працуе Сяргей Ярош,  вельмі адкрыты і добразычлівы чалавек, патомны дыпламаваны хлебароб. Родам – з вёскі Вішава. Ён расказаў пра арганізацыю ўборкі, калі мы  прыехалі на поле, што каля вёскі Разанаўшчына.
На палях працуе 4 камбайны, перад  пачаткам уборкі быў праведзены інструктаж, выдадзены вогнетушыцелі і іншыя  патрэбныя рэчы, наладжана мабільная  сувязь паміж усімі ўдзельнікамі жніва, каля ўборачнага ўчастка стаіць вадавозка.
Людзей кормяць у полі 2 разы на дзень –  абедам і вячэрай. У гаспадарцы толькі чатыры камбайны айчыннай вытворчасці.
І нагрузка на іх самая высокая ў раёне –  400 га. Як сведчаць механізатары, тэхніка  нядрэнная, яны нават жартуюць: перафарбуй і будзе той жа “Лексіон”. Варта зазначыць, што поле, на якім  расце збожжа, вельмі чыстае – без пустазелля, што гаворыць пра сумленную  працу. Значыць, прасцей пазбегнуць  страт збожжа.
Знаёмімся з адным экіпажам: старшы  камбайнер Аляксандр Пыцель і яго памочнік Сяргей Ярмаловіч. Аляксандр  ужо не першы год працуе на такой машыне і добра яе ведае. У цэлым, камбайнеры задаволены ўмовамі сваёй  працы. Калі пад’ехалі да іх камбайна ў  кузаў МАЗа пасыпаўся “тлусты” струмень ячменю.
Ёсць у гаспадарцы і праблема – не  хапае аўтатранспарту, бо паралельна са жнівом трэба і кармы падвозіць,  і іншых транспартных праблем хапае.  Выдзелілі шэфы – ДРБУ-191 – дзве машыны, але яны не прыдатныя для перавозкі збожжа.
Жніво набірае абароты. Земляробы  СВК “Васілевічы” не без падстаў спадзяюцца на добры каравай.

Яўгенія МАМАНОВІЧ.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.