Дзе ёсць гаспадар, там ёсць і малако

++++1коллаж++ЦВ

На базе СВК імя Дзяржынскага адбыўся чарговы семінар, на якім былі падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 7 месяцаў і за ліпень. Адкрываючы семінар, старшыня райвыканкама Алег Таргонскі так акрэсліў месца выбару сустрэчы кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак:
— СВК імя Дзяржынскага — адна з нямногіх гаспадарак раёна, якая пераўзышла мінулагодні паказчык па валаваму надою малака, а нядаўна — і па надою ад каровы. Хіба што СВК “Сянькоўшчына” і філіял “Паўлава-Агра” трымаюцца на такім жа ўзроўні. У той час, як з-за засухі значна пагоршылася паша і ў многіх гаспадарках упалі надоі малака, у СВК імя Дзяржынскага і СВК “Сянькоўшчына” змаглі ўтрымаць прадуктыўнасць дойнага статку.
Задача семінара — найперш, вучоба. Узяць лепшае для практычнай рэалізацыі ў сябе, на памылках навучыцца і не паўтараць іх.
Яшчэ да пачатку аб’езду ферм і пашы кіраўнік СВК імя Дзяржынскага Анатоль Шэйка лаканічна пракаменціраваў адносную стабільнасць надояў у гарачае надвор’е:
— Сёлета заклалі 104 гектары новай многакампанентнай пашы. Яна і дае плён.
Пабываўшы на пашы каля Сялявіч, удзельнікі семінара пераканаліся, што тут кароўкам ёсць чым удосталь падсілкавацца. А калі б пастухі больш клапаціліся пра загонна-парцыённы метад страўлівання травы, эфект мог быць яшчэ лепшы.
Ужо не першы раз на падобных семінарах падкрэсліваецца, што ўдой малака залежыць найперш ад кармлення кароў, іх здароўя, утрымання і ад догляду. Як падкрэсліў кіраўнік раёна, у СВК імя Дзяржынскага разам са станоўчым, нямала праблем, тыповых для іншых гаспадарак: недастатковая работа па асемяненню кароў, нізкія прывагі на вырошчванні цялушак. Набіла аскоміну праблема якасці малака. І ў СВК імя Дзяржынскага з пачатку года не ведаюць, што такое малако сорту “экстра”, якое, што называецца, у цане. Прадукцыя не дацягвае да такога ўзроўню якасці ў многім з-за хвароб жывёлы. Магчыма, гэтую праблему ўдасца ў хуткім часе вырашыць нават без ветэрынарнага ўмяшання. На семінары выступіў сталічны прадпрымальнік, які расказаў, як на сваім вопыце з дапамогай спецыяльных гумавых насадак на вымя каровы дабіўся значнага эканамічнага эфекту: знішчаюцца шкодныя бактэрыі і кароўка не хварэе на масціт. А хвароба гэта вельмі шкодная і для фізічнага стану жывёлы, і для якасці малака, рэзка падае і надой. Бізнесмен гатоў арганізаваць пастаўку гумавых насадак і ў наш раён. Прычым, па запэўніванню прадпрымальніка, толькі за кошт росту прадуктыўнасці жывёлы, насадка акупляецца менш, чым за тыдзень.
Удзельнікі семінара аб’ехалі фермы і пашу гаспадаркі. На жаль, на Пасініцкай ферме эфектыўнасць вытворчасці не на належным узроўні. Ужо знешні выгляд цялят паказвае, што з іх наўрад ці вырасце добрая карова. Утрыманне жывёлы жадае быць лепшым, ды і рацыён не па прадукцыі, тая ж мука не дае аддачы. Сёння вялікі мінус нашых гаспадарнікаў, што яны не карыстаюцца добрай даўняй традыцыяй вырошчвання і ўтрымання жывёлы на асабістых падворках. Калі цялятка ці кароўка былі і накормлены своечасова, і падасланы, і падоены. На той жа Пасініцкай ферме кормяць цялятак толькі раз на дзень. Не спяшаюцца ўкараняць і навуковыя распрацоўкі, а без іх сёння нікуды, бо патрабаванні часу сталі куды больш жорсткімі. І асноўная праблема ў тым, што далёка не ўсе сёння асэнсоўваюць, што да грамадскага трэба адносіцца як да свайго.
Калі на Рудаўкаўскай ферме старшыня райвыканкама пацікавіўся ў загадчыцы фермы пра стан статку і чаго, напрыклад, не хапае ў крыві кароў, спецыяліст адказала, што пра гэта ветурач ведае. А як жа загадчыца фермы, яна ж тут павінна быць гаспадыняй і кіраваць працэсам балансавання корму па патрэбах жывёлы.
Пра гэтыя і іншыя праблемы гаварылі на падвядзенні вынікаў семінара. У каторы раз актуальна гучыць аксіёма: дзе ёсць гаспадар, там ёсць і малако.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.