У Слоніме прайшоў абласны конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у якім прынялі ўдзел 17 каманд з усіх раёнаў. Адкрыццё конкурсу і падвядзенне вынікаў прайшло ў актавай зале СШ № 2.
У горадзе было вызначана 17 месц, куды загадзя завязлі машыну чарназёму, на якім і павінна была на працягу нейкіх чатырох гадзін вырасці кветкавая кампазіцыя, якая змагла бы і горад упрыгожыць, і журы ўразіць арыгінальнасцю і прафесіяналізмам. Выкарыстоўваліся і жывыя кветкі і малыя архітэктурныя формы. Кожная каманда прывезла дамашнія нарыхтоўкі.
Пасля тэарэтычнага выпрабавання пачалася практычная работа. Пасля абеду журы і прадстаўнікі каманд пачалі аб’езд-агляд конкурсных аб’ектаў, размешчаных на вуліцы Пушкіна, каля фабрыкі мастацкіх вырабаў, політэхнічнага ліцэя і далей па вуліцы Брэсцкая, на праспекце Незалежнасці, у мікрараёне “Энка”, ля “Сельгастэхнікі” і каля аўтарамонтнага завода, побач з райбальніцай і вакзалам, на плошчы Леніна.
Большасць з убачаных кампазіцый уразіла. Расказвае старшыня журы конкурсу прафмайстэрства “Кветкавыя фарбы” Уладзімір Лявоненка, начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама:
Падобныя конкурсы штогадовыя і арганізуюцца ўжо шэсць гадоў. Але некалькі гадоў назад мы рашылі праводзіць іх у гарадах, дзе адзначаюцца абласныя “Дажынкі”. Бо ўсе кампазіцыі, якія робяць каманды, застаюцца ў горадзе, такім чынам, уносіцца і наша лепта ў добраўпарадкаванне. Па традыцыі прыехалі ў Слонім — сталіцу абласных “Дажынак-2014”. Прыемна, што з кожным годам прагрэсіруе ўзровень прафесійнага майстэрства нашых кветкаводаў і тых, хто займаецца добраўпарадкаваннем, расце запал здаровага саперніцтва каманд. Усе хочуць перамагчы і прыкладваюць да гэтага масу творчасці. Кветкава-малаархітэктурнаформавыя кампазіцыі як у люстэрку адлюстроўваюць мастацтва камунальнікаў. На першы погляд, кампазіцыя можа і не вельмі кідацца ў вочы, але калі паслухаеш прадстаўленне каманды, не перастаеш здзіўляцца, колькі сэнсу ў праекце. І сапраўды гэта так. У адной з кампазіцый акрамя яркіх кветак былі прадстаўлены абломкі асфальту і сціплыя расліны. Тым самым былі прадэманстраваны сляды дзейнасці чалавека і віды флоры, якія маюць права на існаванне ў прыродзе. Гэтую гармонію можа стварыць чалавек. А якія цудоўныя беларускія матывы выкарыстаны ў кампазіцыі каманды з Ліды, дзе ў сельскім абрадзе “Дажынак” малады чалавек падносіць сваёй выбранніцы і хлеб, і кветкі, і сваё сэрца. Нават старэнькі “Запарожац” не стаіць цяпер недзе на задворку, пакрыты ржой і зарослы лебядой, а расквітнеў усмешкай і агеньчыкамі вачэй-фар. “Пазайздросцяць” яму, зрабіўшаму прыпынак на кветкавым п’едэстале ля фабрыкі мастацкіх вырабаў, нават найноўшыя аўто, якія праносяцца побач. Аб кожнай з 17 кампазіцый можна расказваць з захапленнем. Яны, безумоўна, упрыгожылі наш горад. Канешне, усё гэта хараство гараджанам трэба зберагчы. Паэты, падарожнікі наш старадаўні Слонім параўновалі з многімі вядомымі гарадамі. Многія слонімцы і самі падарожнічаюць. Захоўваючы патрыятызм да роднага краю, хочацца пабываць і ў іншых краінах, напрыклад, у Парыжы. Цяпер, каб убачыць знакамітую Эйфелевую вежу, не абавязкова праязджаць паўеўропы. Ёсць цяпер гэты сімвал Францыі і ў цэнтры Слоніма, на плошчы Леніна. Каманда Слонімскай ЖКГ устанавіла макет Эйфелевай вежы ў кветкавы аазіс. І гэта быў конкурсны варыянт слонімцаў. Маладыя, якія зарэгістравалі свой шлюб і праходзілі міма, нечакана для сябе “пабывалі” ў вясельным падарожжы ў Парыжы. Да слова, кампазіцыя слонімцаў і стала галоўнай пераможцай конкурсу. Наўрад ці спрацаваў тут прынцып “дамашніх сцен” і сталіцы “Дажынак” — усё, як кажуць, па заслугах. Хіба што лідчане змаглі здзівіць не менш — яны ў выніку другія, навагрудскі “Запарожац” прывёз каманду на трэцяе месца. У другой групе каманд першынствавала каманда з Астраўца. Прызёрамі сталі скідзельскія і ашмянскія дружыны. Яшчэ шэсць каманд адзначаны ў асобных намінацыях.
Васіль АФАНАСІК.