На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Хлеб — у засеках, а палявы канвеер абароты не зніжае

На планёрцы агучаны аператыўныя звесткі аб ходзе жніва.  Яно практычна завершана. Убрана 96% пасяўных плошчаў  пры сярэдняй ураджайнасці 41, 5 цэнтнера збожжа з гектара.  Засталося абмалаціць збожжавыя на лічаных сотнях гектараў (чарга грэчкі і проса яшчэ не прыйшла). Намалочана 85,5  тысячы тон хлеба (летась было 69). У раёне два камбайнеры  намалацілі больш чым па дзве тысячы тон хлеба, 45 — больш за тысячу тон, 28 вадзіцеляў перавезлі больш чым па  тысячы тон збожжа.
Як адзначана на планёрцы, ураджай нядрэнны, хаця мог  быць і лепшым, калі б паўсюдна захоўвалася агратэхналогія.  У тым жа РУСП “Новадзявяткавічы” ячмень сеялі ажно ў канцы мая… Практычна ва ўсіх гаспадарках пераўзышлі мінулагодні  збор збожжа.
Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі паставіў задачу  — закончыць на гэтым тыдні продаж хлеба па дзяржзаказу  (на панядзелак дзяржзаказ быў выкананы на 80%). За 2-3 дні неабходна абмалаціць каласавыя на прысядзібных участках сялян.
Пасля ўборкі ўсе камбайны неабходна вымыць, вычысціць  і вызначыць пералік дэфектаў, якія неабходна ўхіліць да канкрэтнага тэрміну. Хоць амаль увесь хлеб ужо ў засеках і амаль ва ўсіх гаспадарках у суботу справілі дажынкі, палявы канвеер абаротаў  не зніжае. Трэба як мага хутчэй убраць з палёў салому, гэтая  работа пакуль не задавальняе ні тэмпамі, ні якасцю. Кіраўнік  раёна прывёў прыклад неахайнага сціртавання рулонаў ля  Вербалацкай фермы (РУСП “Пераможац”) і абавязаў падначаленых, каб яны пракантралявалі перасціртаванне саломы.  Прычым брак павінен быць ліквідаваны за кошт вінаватых.  У раёне выцераблены ўвесь лён, аднак абарочваецца ён  пакуль толькі тэхнікай ільнозавода. Паколькі такой тэхнікі ў  гаспадарках раёна няма, дык пастаўлена задача арганізаваць работу заводскай у дзве змены. Год быў удалы на зерневыя, але на цукровыя буракі, кукурузу не вельмі. Ужо нямала палёў, дзе кукуруза пасохла.  Старшыня райвыканкама паставіў задачу тэрмінова абследаваць кукурузныя палі і, магчыма, пачаць убіраць тыя, дзе  расліны ўжо не ўратуюць і дажджы. У мінулую суботу ў раёне пачалі сеяць азімы рапс, амаль  4 тысячы гектараў неабходна засеяць да 25 жніўня. Да 1 верасня (такую задачу паставіў кіраўнік раёна) неабходна апрацаваць палі супраць пырніку, дзе будуць пасеяны вясной  кукуруза, буракі, лён.

Наша “кветкавая культура”

На мінулым тыдні ў горадзе прайшоў конкурс прафесіянальнага майстэрства камунальнікаў. У сённяшнім нумары газеты мы пра гэта расказваем. Нашы госці стварылі прыгажосць. Аднак, на жаль, культура некаторых слонімцаў, мякка кажучы, далёкая ад той кветкавай прыгажосці. Дарэчы, многа  людзей збіраецца вакол цуда-клумбаў і любуецца імі. Але не  ўсе любуюцца. Ужо ў суботу пачалася “праполка” кветнікаў.  На вуліцы Брэсцкая ў “туфліку Папялушкі” знайшлі месца для  забаўкі некалькі дзяцей. А мамы за гэтым… маўкліва назіраюць. Чаму мы вучым дзяцей, шаноўныя? Няўжо так цяжка ўсвядоміць: прыгажосцю трэба любавацца, а не знішчаць яе.  Помніце класічнае — прыгажосць выратуе свет.

Генпадрадчыкі вызначаны

на ўсе аб’екты рэканструкцыі да “Дажынак”, акрамя парку.  Дарэчы, пастаўлена задача: усе асноўныя будаўнічыя работы  завяршыць да 15 кастрычніка, яшчэ два тыдні дадзены, каб  усе аб’екты давесці да ладу. “Дажынкі” будуць святкавацца не  толькі ў горадзе, але і ў раёне. У адным з аграгарадкоў пройдзе раённае свята хлебаробаў, таму старшыня райвыканкама  Алег Таргонскі абавязаў падначаленых удзяліць максімум увагі навядзенню парадку ў сельскіх населеных пунктах.

Па магчымасці дапамагчы

Наша газета паведамляла, што ў Дзераўной прайшоў моцны град, які прынёс шмат шкоды пасевам, у тым ліку і на  прысядзібных участках. Старшыня райвыканкама даручыў  службовым асобам па магчымасці дапамагчы людзям кампенсаваць страты ад стыхіі.

Унесці свае прапановы

Кіраўнік раёна даручыў дырэктару ГУП ЖКГ удакладніць  колькасць згарэлых, недагледжаных дамоў у горадзе і ўнесці  прапановы па іх далейшаму лёсу. Многія гараджане актыўна аздабляюць свае сядзібы, платы, падкошваюць непатрэбную расліннасць, высаджваюць  кветкі. А нехта чакае — маўляў, пад яго плотам абавязаны  касіць камунальнікі. Не можаш сам абкасіць, папрасі суседа.  Здаўна ж беларускі менталітэт вызначаўся дружалюбнасцю  і гасціннасцю. Хіба ж мы сталі другімі?..

Альбярціну і Жыровіцам — больш увагі

На планёрцы прагучала інфармацыя аб тым, што ў наступным годзе ў мікрараёне “Альбярцін” і ў Жыровіцах добраўпарадкаванне павінна весціся больш актыўна.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.