Першы рэдактар Іосіф Чарняўскі

+++фото 1

Першым рэдактарам нашай газеты быў Іосіф Чарняўскі, які 26 верасня 1939 года выпусціў у свет першы нумар газеты “Вольная праца” (так тады называўся “Слонімскі веснік”).
У другой палове 1980-х гадоў я пазнаёміўся з Іосіфам Антонавічам, шчыра з ім сябраваў, перапісваўся, некалькі разоў рабіў з ім інтэрв’ю. У маім хатнім архіве да сённяшніх дзён захоўваюцца яго лісты, паштоўкі, фотаздымкі, газеты з ягонымі публікацыямі. Гэта быў даволі шчыры чалавек, адкрыты, цікавы. Ён мне заўсёды казаў, што журналіст павінен і ў крытычных матэрыялах бачыць таксама добрае, нельга ўсё сячы з пляча. “Крытыка не павінна быць “бруднай”, – казаў Іосіф Антонавіч.
Першага рэдактара Слонімскай раённай газеты ўжо няма на гэтым свеце. Але я часта яго прыгадваю, таму няхай гэта публікацыя няхай будзе данінай яго светлай памяці.
З біяграфіі
Нарадзіўся Іосіф Чарняўскі ў сялянскай сям’і на Палессі – у вёсцы Клівы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці 27 верасня 1911 года. Самастойнае жыццё пачаў даволі рана, бо ў трынаццаць гадоў застаўся без бацькоў, таму падлеткам пачаў працаваць на лесанарыхтоўках. Хлопчык вельмі хацеў вучыцца, таму ў 1924 годзе паступіў у пяты клас Бабчынскай сярэдняй школы з педагагічным ухілам і нават атрымліваў стыпендыю – 4 рублі ў месяц. За гэтыя грошы харчаваўся і вучыўся.
Пасля сямі класаў Іосіфа Чарняўскага накіравалі на вучобу ў Гомельскі педагагічны тэхнікум. Вучыўся адзін год, бо ўстанову ліквідавалі, а юнака перавялі ў педтэхнікум у Рагачоў.
У 1931 годзе, як актыўнага пазаштатнага карэспандэнта газеты, Іосіфа Чарняўскага ўзялі на працу ў газету “Камунар”. Праўда, працаваў там юнак нядоўга, бо быў накіраваны ў Мінск на курсы газетных работнікаў, якія былі створаны пры ЦК КП(б)Б. Пасля гэтых курсаў Іосіф Чарняўскі стаў працаваць карэспандэнтам “Камсамольскай праўды” па Беларусі, а потым атрымаў пасаду загадчыка аддзела ў газеце “Чырвоная змена”.
Напрыканцы 1933 года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, два гады служыў на Далёкім Усходзе, спачатку кулямётчыкам, потым сакратаром камітэта ВЛКСМ зборнага кулямётнага батальёна, а затым – сакратаром палкавой шматтыражкі.
Пасля заканчэння службы Іосіф Чарняўскі зноў вярнуўся ў Мінск у “Чырвоную змену”. А калі ў красавіку 1938 года на рускай мове была арганізавана газета для моладзі “Сталинская молодёжь” (цяпер газета “Знамя юности”), яго перавялі на працу ў рэдакцыю гэтай газеты на пасаду адказнага сакратара.
У Слоніме
У верасні 1939 года ў рэдакцыю газеты “Сталинская молодёжь” патэлефанаваў інструктар ЦК КПБ нехта Дзехцяроў і сказаў, што Чарняўскі тэрмінова павінен з’явіцца ў Цэнтральны Камітэт. Там стваралася група журналістаў, якіх накіроўвалі на працу ў Заходнюю Беларусь. Іосіфа Чарняўскага камандзіравалі ў Слонім стварыць і рэдагаваць раённую газету “Вольная праца”. 18 верасня 1939 года Іосіф Чарняўскі прыехаў у горад над Шчарай. А 19 верасня ў Слоніме было створана часовае павятовае ўпраўленне, мэтай якога было навядзенне рэвалюцыйнага парадку ў горадзе і раёне. Яго першым старшынёй быў Мацвей Колатаў з Урала. А Іосіф Чарняўскі – яго намеснікам, але найперш – адказным рэдактарам газеты “Вольная праца”. Дапамагалі першаму рэдактару ў стварэнні газеты слонімскія паэты Анатоль Іверс (Іван Міско) і Алесь Сучок (Пётр Дабрыян). “Гэта былі добрыя хлопцы, яны адразу ж паказалі сябе дбайнымі і працавітымі журналістамі. З цікавымі злабадзённымі вершамі ў газеце часта выступаў паэт Сяргей Новік-Пяюн”, – пісаў у адным з пісем да мяне Іосіф Антонавіч.
Прыехаўшы ў Слонім, Іосіф Чарняўскі адразу ўдасканаліў становішча з паліграфічнай базай. Тады ў горадзе былі чатыры рамесніцкія друкарні, уласна кажучы, гэта былі падсобныя майстэрні мясцовых гандляроў па выпуску розных квітанцый, пераплётаў кніг, сшыткаў, аб’яў, паведамленняў мясцовых улад. Знаходзіліся друкарні ў цёмных, паўпадвальных пакойчыках. Гаспадарамі гэтых друкарняў былі Ельян (ён таксама трымаў і свой уласны кінатэатр), Карпоўскі, Дзерачынскі…
На другі дзень савецкай улады ў Слоніме Іосіф Чарняўскі арганізаваў сход, куды запрасіў рабочых і гаспадароў друкарняў. З імі разам вырашыў пытанні з паліграфічнай базай. Аказалася, што ў падвалах валяліся вялікія ўпакоўкі са старымі шрыфтамі, яшчэ з царскіх часоў. Рабочыя дасталі іх, разабралі па касах і праз пару дзён – 26 верасня – у Слоніме выйшаў першы нумар газеты “Вольная праца”. Іван Міско, Пётр Дабрыян і другія мясцовыя актывісты бралі газету пачкамі і раздавалі людзям проста на вуліцах горада. Па “Вольную працу” ў Слонім прыязджалі актывісты з Зэльвы, Дзярэчына, Быцені, Азярніцы, Казлоўшчыны, Жыровіц, Шылавіч, Альбярціна, Міжэвіч і з іншых вёсак і мястэчак. Бралі газету адвозілі ў глыбінку Слонімскага павета. Першыя нумары “Вольнай працы” распавядалі пра савецкую ўладу, пра пераўтварэнні, якія тады адбываліся на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі.
Праз пэўны час усе прыватныя друкарні ў Слоніме аб’ядналі ў адну. Дзеля гэтага адвялі вялікае і прасторнае памяшканне, якое раней належала Саюзу штшэльцаў (стралкоў). Гэта памяшканне знаходзілася на вуліцы Студэнцкая ў садзе. Мінскія друкары прыслалі вялікі запас новых шрыфтоў і кас для іх. У рады газетчыкаў далучыліся маладыя журналісты Іван Канюшэўскі, Міхась Арцёменка, Майсей Гваздзюкевіч. “Вольная праца” стала выходзіць два разы на тыдзень. Павялічылася колькасць пазаштатных карэспандэнтаў. Рабіць газету цікавай, разнастайнай і злабадзённай дапамагалі Маеўскі з Альбярціна, Курыловіч з Міжэвіч, Мікалай Міско з Чамяроў, Суржынская з Быцені, Калеснікаў з Дзярэчына, Хомскі са Слоніма і іншыя сябры рэдакцыі.
“Вольную працу” ў Слоніме Іосіф Чарняўскі рэдагаваў да 20 чэрвеня 1941 года. А за два дні да пачатку вайны яго выклікалі на курсы перападрыхтоўкі афіцэрскага саставу. Гэтыя курсы праходзілі ў Смаленску, куды і паехаў першы рэдактар Слонімскай раённай газеты.
Афіцэрскія курсы,
вайна і журналістыка
Ноч з 21 на 22 чэрвеня 1941 года прызыўнікі, сярод якіх быў і Іосіф Чарняўскі, спалі ў Смаленску ў казармах. Пра вайну яны даведаліся ў сталоўцы перад снеданнем. Паснедаўшы маладых афіцэраў тэрмінова пасадзілі на цягнік і адправілі ў Саратаўскую вобласць Расіі. Разам з Чарняўскім тады быў і дырэктар Слонімскай сярэдняй школы Корабаў, які пазней загінуў на фронце.
Пасля курсаў Іосіф Чарняўскі быў накіраваны ў 54-ю асобную стралковую брыгаду. Яна ўлілася ў адну з армій Заходняга фронту, які разграміў немцаў пад Масквой. Іосіф Чарняўскі быў палітработнікам гэтай брыгады. А ў 1943 годзе журналіст Чарняўскі скончыў курсы “Выстрал” пад Масквой і быў накіраваны на ІІІ Беларускі фронт. Вайну скончыў у раёне Кенігсберга. А летам 1946 года быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў родную Беларусь. Спачатку працаваў у газеце “Сталинская молодёжь”, а з 1950 года – рэдактарам Брэсцкай абласной газеты “Заря”, якую ўзначальваў 16 гадоў. Пасля Брэста прыехаў у Мінск, дзе да пенсіі працаваў дырэктарам рэспубліканскага выдавецтва “Ураджай”.
Іосіф Чарняўскі быў узнагароджаны шасцю ордэнамі, шматлікімі медалямі і Граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
У вольны ад працы час ён шмат пісаў. З-пад яго пяра выйшла аповесць-успамін “Цярністыя сцяжыны”, прысвечаная моладзі Заходняй Беларусі. Пачатак аповесці навеяны тым часам, калі Іосіф Антонавіч працаваў у Слоніме. Урыўкі з гэтай аповесці друкаваліся ў газетах “Звязда” і “Луч”. А свае апавяданні ён часта друкаваў у часопісах “Вожык”, “Камуніст Беларусі” і ў іншых выданнях другой паловы ХХ стагоддзя.
Пераглядаючы і перачытваючы сёння пісьмы Іосіфа Чарняўскага, якія захоўваюцца ў маім хатнім архіве, адчуваецца, што ён заўсёды ўспамінаў Слонім, сумаваў па ім, па сваіх сябрах, у кожным лісце прасіў перадаваць прывітанне журналістам “раёнкі” і шчыра прасіў “быць шчырымі і ўмець падтрымліваць таленавітых людзей”.

Сяргей ЧЫГРЫН.

1. Іосіф Чарняўскі – дэлегат ХІ з’езда камсамола ў Крамлі.
2. Такім прыехаў у Слонім Іосіф Чарняўскі ў верасні 1939 года.
3. Пасведчанне Іосіфа Чарняўскага.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.