Для ўсіх быў прыкладам

+++++Григорий Капустин+ЧБ

Мне пашчасціла крыху папрацаваць з адным з самых таленавітых журналістаў нашай газеты Рыгорам Яўсеевічам Капусціным. Працуючы ў адным кабінеце, ён стаў для мяне не толькі настаўнікам, але добрым дарадцам і чалавекам, на дапамогу якога магла разлічваць у любы час. Менавіта ён знаёміў мяне з горадам і сланімчанамі, падказваў тэмы і вельмі культурна і сціпла звяртаў маю ўвагу на недахопы ў маіх публікацыях. Пры гэтым ён умеў падбадзёрыць, што пасля яго слоў хацелася працаваць і выбраная прафесія здавалася самай лепшай. Усе мы памятаем яго Кандрата Стружкіна, ніхто тады не мог пісаць так, як гэта рабіў ён. Падборкі сатыры і гумару прыцягвалі ўвагу нашых чытачоў.
У Слонім Р.Я. Капусцін прыбыў пасля заканчэння Мінскай вышэйшай партыйнай школы, да паступлення на вучобу працаваў у Свіслацкай і Лідскай райгазетах.
Мы і сення ўспамінаем яго вершы, якія ён сачыняў на хаду і так трапна раскрываў кожнага з нас. Нехта захаваў гэтыя шчырыя радкі, як памяць пра гэтага здольнага журналіста. У яго вучыліся тыя, хто потым сталі вядомымі паэтамі і літаратарамі.
У жнівеньскую суботу 1990 года ён зайшоў па службовай неабходнасці ў рабочы кабінет і тут перастала біцца яго сэрца. А было яму ўсяго 67 гадоў. Я тады знаходзілася ў дэкрэтным водпуску па догляду сваёй дачушкі і калі вярнулася, яго стол у нашым кабінеце пуставаў. Калі я яго заняла, мне ўвесь час здавалася, што ён побач і я магу з ім пагутарыць у любы час. Але ён маўчаў. А мы ўспаміналі яго вельмі часта і ўспамінаем зараз – і толькі добрым словам.
Настойлівая праца, творчыя здабыткі Р.Я. Капусціна пакінулі добры след. Ветэран друку ўзнагароджваўся граматамі Камітэта народнага кантролю СССР і БССР (а ён асвятляў дзейнасць мясцовых кантралёраў), розных абласных інстанцый. Быў ён і дэпутатам гарадскога Савета. Сярод высокіх узнагарод — медаль «Ветэран працы», медалі да 20-годдзя і 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, іншыя ўзнагароды.
І усё-такі самая лепшая ўзнагарода – людская памяць. Ён жыве ў сэрцах калег і самых старэйшых чытачоў нашай газеты.

Аліна ЧАРНЫШ.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.