На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Зноў пра кіёскі “Тытунь”

Як вядома, па распараджэнню ўрада ў якасці эксперыменту ў гарадах рэспублікі павінны быць устаноўлены кіёскі па продажу тытунёвых вырабаў. Восем такіх кропак Гродзенская тытунёвая фабрыка павінна была ўстанавіць і ў Слоніме.
На сёння яны ўстаноўлены, але працуюць толькі тры. Фабрыка звярнулася ў наш выканкам з просьбай змяніць месцы ўстаноўкі асобных кіёскаў. Аднак з большасцю прапанаваных месц выканкам не пагадзіўся, бо ўсе яны выбраны паблізу ўстаноў, дзе многа дзяцей і моладзі. Да таго ж, ранейшыя месцы выбіраліся з удзелам прадстаўніка тытунёвай фабрыкі, прадпрыемства таксама не выканала патрабаванне райвыканкама на змяненне афарбоўкі кіёскаў на менш кідкі (прыкметны) колер.
Рашэнне прынята на планёрцы ў рэжыме пасяджэння выканкама.

На палях і фермах

На палях раёна ўбіраюцца бульба, кукуруза, цукровыя буракі, сеюць азімыя, падымаюць са сцелішчаў трасту. У некаторай ступені работы стрымліваюцца з-за недахопу фінансаў на набыццё гаручага для тэхнікі. З такой праблемай сутыкнуліся як мінімум пяць гаспадарак.
Кіраўнік раёна Алег Таргонскі паставіў задачу: да канца тыдня завяршыць пад’ём і вываз з палёў ільнотрасты, калі спатрэбіцца, звярнуцца па дапамогу (прэспадборшчыкі) у Дзятлаўскі раён, дзе пад’ём трасты завяршаецца. За непастаўку тэхнікі на вываз трасты гарадскімі арганізацыямі запыт будзе самы строгі, – папярэдзіў старшыня райвыканкама.
Цукровыя буракі цяпер інтэнсіўна накопліваюць цукар. І гаспадаркі рэспублікі “монстры” у гэтай галіне земляробства, не спяшаюцца ўбраць салодкія карані. У нас сітуацыя іншая і тэхнічныя магчымасці абмежаваны – таму ўборку пачалі і тут патрэбна разумная арганізацыя працы, бо перыяд уборкі будзе даволі працяглы.
Кіраўнік раёна звярнуў увагу на нізкія тэмпы сяўбы азімых у СВК “Васілевічы”, недастатковую ўборку кукурузы ў РУСП “Пераможац”, на марудную хімпраполку рапсу. У гаспадарках разабрана нямала старых КЗС, але не ўсюды прыбраны метал, рэшткі драўніны. Спыняць работу па навядзенню парадку на зямлі нельга, – падкрэсліў Алег Таргонскі.

Як рыхтуемся да зімы і да “Дажынак”

Кіраўнік раёна незадаволены ходам аднаўлення кацельні КПФ. Тэрмін заканчэння работ – 1 кастрычніка – не зменены. Пабываўшы на аб’екце, старшыня райвыканкама адзначыў, што кіраўніцтва фабрыкі пусціла асобныя работы на самацёк. Намечана правесці на аб’екце нараду.
На аб’ектах да “Дажынак” у выхадныя не ўсюды ішла работа. Многія арганізацыі далі магчымасць сваім работнікам капаць бульбу.
Са 194 арганізацый 22 ужо пратэрмінавалі атрыманне пашпартоў гатоўнасці да зімы. Іх кіраўнікоў запрасілі ў райвыканкам з тлумачэннямі.

Добры прыклад

На прадпрыемствах праводзяцца пасяджэнні савета дырэктараў, у сельсаветах – дні сельсаветаў, на фермах – падвядзенне вынікаў работы за месяц. Падрыхтоўка да гэтых мерапрыемстваў падштурхоўвае кіраўнікоў, калектывы да навядзення парадку. Алег Таргонскі запатрабаваў падводзіць вынікі работы і ў будаўнічых арганізацыях, і ў арганізацыях ЖКГ у фармаце семінараў, па чарзе на тых ці іншых прадпрыемствах.

Будоўля ажыве

На гэтым тыдні працягнецца спыненая з-за адсутнасці фінансаў, будаўніцтва будынка суда на Брэсцкай вуліцы. Мяркуецца, што ў гэтым годзе на будынку з’явіцца дах, установяць вокны і дзверы.

Не быць статыстамі

Кіраўнік мясцовай выканаўчай улады пакрытыкаваў работнікаў аддзела эканомікі выканкама за слабую работу па арганізацыі дапамогі вінзаводу і заводу малочных прадуктаў па збыту прадукцыі, не арганізуюцца ў гандлі дэгустацыі мясцовай малочнай прадукцыі. Некаторыя малочныя прадукты са слонімскай маркай маюць спецыяльныя дабаўкі з мэтай зніжэння ў арганізме чалавека шкодных бактэрый, якіх бывае да 400 відаў, і гэтыя дабаўкі не только не шкодныя, а даюць многа карысці. Людзі ж, не ведаючы, праходзяць міма такога прадукта, а работнікі прадпрыемстваў, гандлю і аддзела эканомікі не спяшаюцца весці тлумачальную работу сярод пакупнікоў. Як, дарэчы, не задаюцца пытанні і кіраўніцтву завода: чаму цана і якасць слонімскай прадукцыі часам розняцца з прадукцыяй іншых вытворцаў.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.