На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Сялянскія клопаты

Як было сказана на планёрцы, ільнаводы завяршылі пад’ём трасты. Лён вырашчаны на славу, калі летась траста ішла нумарам 0,76 – дык сёлета – 1,04. Пры якасці вышэй адзінкі існуе салідная даплата. У апошнія дні падымаць трасту слонімцам дапамагалі работнікі Пружанскага льнозавода. Цяпер стаіць задача за некалькі дзён звезці рулоны трасты з палёў на льнозавод.
Сяўба азімых не набрала патрэбныя абароты, асабліва “праблемнымі” застаюцца СВК “Васілевічы” і РУСП “Новадзявяткавічы”.
Нарыхтоўку сіласу з кукурузы вядуць усе гаспадаркі, убрана 2 з 7 тысяч га кукурузы. Аднак і тут работа ідзе не ў тым рытме, што трэба. Штодня ўбіраецца 150 га кукурузы. Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі паставіў задачу ўбіраць 250-300 га.
У СВК “Драпава” пачалі ўборку кукурузы на зерне.
З 300 гектараў бульба выкапана на 200 га.
Пакуль убралі толькі 10% цукровых буракоў, але час яшчэ ёсць, масава плануюць пачаць уборку з першых дзён кастрычніка (цяпер ідзе інтэнсіўнае накапленне цукру).
У некаторых гаспадарках трывожная сітуацыя з кармамі для грамадскага статку (называўся СВК імя Дзяржынскага). У той жа час на фермах сянаж выкарыстоўваецца неэфектыўна. Пасля раздатчыка, рэшткі і немалыя, што жывёла не даела, як правіла, скідваюцца ў гной… Гаспадаркі, між іншым працягваюць кантрасціць по надоях малака. Калі сельгаскааператывы “Драпава”, “Васілевічы”, “Дзераўноўскі” ідуць па валаваму надою ў верасні з прыбаўкай, дык у сельгаскааператывах “Дружба-Агра”, імя Суворава і асабліва “Міжэвічы” – вялікі мінус.

Каля зоны адпачынку навесці парадак

У сённяшнім нумары газеты мы расказваем, што ўпраўленне магістральных газаправодаў абсталявала дзве зоны адпачынку. На беразе Шчары, на вуліцы Чарняхоўскага, побач з зонай адпачынку знаходзяцца агароды ў вельмі непрывабным выглядзе. Кіраўнік раёна абавязаў землеўпарадкавальную службу навесці там парадак і абсталяваць на іх месцы аўтастаянку ці проста выраўняць пляцоўку і пасеяць газонную траву.

Угаворваць не трэба

Адзінаццаць арганізацый на панядзелак так і не атрымалі пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона. Кіраўнік раёна запатрабаваў ад падначаленых разабрацца і прыцягнуць да адказнасці вінаватых (нават да вызвалення ад займаемай пасады), калі ў апошні дзень (як раз панядзелак) пашпарты не будуць атрыманы.

А дзе нашы яблыкі?

Кіраўнік раёна вельмі незадаволены тым, што пры добрым ураджаі яблык, у нашых магазінах гандлююць польскімі. Вялікая стракатасць цэн на бульбу. Алег Таргонскі распарадзіўся, каб работнікі аддзела эканомікі штотыднёва бывалі ў гандлёвых прадпрыемствах і разбіраліся і з асартыментам прадукцыі і цэнамі.

“Дажынкі” – 14 лістапада

“Дажынкі” у Слоніме намечаны на 14 лістапада. Вырашана пытанне са зносам на плошчы апошняга з трох дамоў. Гаспадарам дома выплачана грашовая кампенсацыя.
Кіраўнік раёна ўдзячны тым слонімцам, хто актыўна ўключыўся ў падрыхтоўку да свята і прывёў свае сядзібы ў парадак. Аднак так паступілі не ўсе, у тым ліку не спяшаюцца і некаторыя арганізацыі.
Няшчасны выпадак на льнозаводзе
Работнік прадпрыемства па неасцярожнасці атрымаў цяжкую траўму рукі. Праводзіцца расследаванне няшчаснага выпадку. Гэты выпадак стане падставай для абмяркавання на пасяджэнні райвыканкама.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.