Наркаманія — шлях у бездань

На пасяджэнні райвыканкама разгледжана пытанне эфектыўнасці работы па супрацьдзеянню наркаманіі і незаконнаму абароту наркотыкаў.
Перад тым, як з дакладамі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч, начальнік райаддзела ўнутраных спраў Валерый Раманчук і выконваючая абавязкі галоўнага ўрача райбальніцы Галіна Маісеенкава, старшыня райвыканкама Алег Таргонскі акрэсліў актуальнасць тэмы: “Калі сёння не прыняць дзейсныя меры па папярэджанню распаўсюджвання наркаманіі, то праз некалькі гадоў гэтая загана можа стаць праблемай нацыянальнай бяспекі. Сёння ў раёне сітуацыя з наркаманіяй пад кантролем, хоць ёсць і фармалізм, а недзе і неразуменне асобнымі кіраўнікамі, у тым ліку навучальных устаноў, глыбіні праблемы. Трэба ўсім светам адгарадзіць моладзь ад наркаманіі, бо, вобразна кажучы, за дымком ужо з’яўляюцца і язычкі полымя — колькасць выяўляемых фактаў распаўсюджвання наркотыкаў расце, а моладзь пачынае захапляцца сумесямі для курэння — спайсамі”.
Ужо заведзены крымінальныя справы і злачынцы асуджаны.
Як сказаў намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лашын, які ўдзельнічаў у рабоце пасяджэння (ён, дарэчы, выказаў задавальненне, што ў падрыхтоўцы і абмеркаванні пытання задзейнічаны самыя высокія службовыя асобы), разам са станоўчым у рабоце, дамінуе ўсё ж інфармацыйна-прапагандысцкі аспект. А гэтага на сёння мала, той частцы моладзі, якой не цікавы лекцыі і кіналекторыі, патрэбны нейкі новы падыход. Патрэбна больш мэтанакіраваная работа з бацькамі, чые дзеці ўцягнуты ў сферу наркаманіі, і з тымі, хто можа быць на мяжы рызыкі.
Як станоўчы факт у канкрэтнай і, як паказвае практыка, эфектыўнай рабоце ў барацьбе з наркаманіяй і алкагалізмам, з’яўляецца дзейнасць духоўна-рэабілітацыйнага цэнтра “Анастасіс” у Сасноўцы. Падмеціла гэта і мясцовая ўлада. Вырашаецца пытанне аб пашырэнні цэнтра (выдзяленне большых памяшканняў).
Намеснік Генпракурора адзначыў, што, на жаль, наркотыкамі, спайсамі захапляецца не толькі моладзь з групы рызыкі, але і маладыя людзі з добранадзейных сямей. Аляксандр Міхайлавіч сярод іншых бачыць выйсце з сітуацыі ў больш актыўнай рабоце праваахоўных органаў па перакрыццю каналаў пастаўкі наркатычных сродкаў. Слабой назваў пракурорскі работнік сувязь праваахоўных органаў з калегамі іншых раёнаў і абласцей.
У рабоце з рознымі катэгорыямі насельніцтва патрэбен дыферэнцыраваны падыход. Наркаманы, як правіла, не ідуць на кантакт пры вырашэнні пытання лячэння. З тых, хто стаіць на ўліку ў нашым раёне, толькі палова не ўхіляецца ад рэгулярнага дыспансернага лячэння. Знішчаючы наркаманію, трэба нешта супрацьпаставіць узамен. Пра ўсё гэта на пасяджэнні ішла дзелавая размова. Вырашана да прынятага за аснову рашэння дадаць канкрэтныя прапановы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, якія неабходна ўнесці на працягу некалькіх дзён.
Наркаманія, спайсы (нават адно ўжыванне) прыводзяць да бездані. Пракурор прывёў мноства жахлівых прыкладаў, што адбыліся ў Беларусі. Для некага збыт наркатычных сродкаў — бізнес, для многіх — слёзы. А пажынае горкія плады ўсё грамадства.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.