Падарунак да 1 верасня

+++++Img_0101

Сёлета за парты селі 6780 вучняў (дзясятая частка насельніцтва раёна), іх навучаюць 1407 педагогаў. У школах прайшлі ўрачыстыя лінейкі з нагоды пачатку новага навучальнага года. Адбылася такая ўрачыстасць і ў гімназіі № 1. Тут сабраліся старшакласнікі, бацькі, прыехаў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, іншыя кіраўнікі, шэфы. І ўсё ж галоўнымі героямі ўрачыстасці былі самыя маленькія вучні. Для іх улада, будаўнікі холдынгу “Зодчы”, педагогі, тэхработнікі гімназіі і многія іншыя дарослыя падрыхтавалі шыкоўны падарунак. З былога змрочнага будынка дзіцячага сада, уклаўшы вялікія грошы, збудавалі практычна новую пачатковую школу, з улікам сучасных патрабаванняў да здароўя і развіцця здольнасцей вучняў.
У гімназіі цяпер будуць навучацца 540 дзяцей, на 20 больш, чым год назад, з іх 65 — першакласнікі (у раёне сёлета 735 першакласнікаў, у апошнія гады іх колькасць расце).
Выступаючы перад школьнікамі, педагогамі і бацькамі, старшыня райвыканкама адзначыў, што ўсе дапамагалі будаўнікам і хай навучальная ўстанова дастойна выхоўвае дзяцей. Педагогі гімназіі ўмеюць гэта рабіць. Не дарма ж многія з іх — лаўрэаты спецыяльных прэмій, конкурсаў. А сярод гімназістаў — паўсотні медалістаў, 97% выпускнікоў паспяхова паступаюць у ВНУ. Цяпер жа ў настаўнікаў ёсць значна больш магчымасцей яшчэ лепш рыхтаваць будучых выпускнікоў.
Алег Таргонскі і дырэктар гімназіі Галіна Пайкіна перарэзалі чырвоную стужку — дарога ў краіну ведаў адкрыта. І паклікаў ў гэтую краіну хлопчыкаў і дзяўчынак першы школьны званок.
Кіраўнік раёна зайшоў у кожны клас да першакласнікаў, яшчэ раз шчыра павіншаваў дзяцей і іх бацькоў з Днём ведаў і ад імя Прэзідэнта краіны асабіста ўручыў кожнаму вучню цудоўна аформленую кніжку “Беларусь — наша Радзіма”.
Дзяржава на справе дэманструе клопат пра дзяцей, усё лепшае — дзецям. Сведчанне таму — новая школа. Каб дзеткі раслі здаровымі, выхаванымі, выдатна вучыліся. Бо ім, будучым грамадзянам, і мацаваць родную Беларусь.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.