Плітку — на добраўпарадкаванне, елкі — на “перасяленне”

Слонімшчына рыхтуецца да абласных “Дажынак”. Горад ператварыўся ў буйную будаўнічую пляцоўку, ідзе добраўпарадкаванне на сяле, у тым ліку зносяцца старыя КЗС, фермскія памяшканні. Слонімцаў турбуюць пытанні: а ці варта разбіраць яшчэ добрыя дзе-нідзе тратуары і куды ідзе плітка, ці варта зносіць дрэвы?
Мы папрасілі намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Ката пракаменціраваць падобныя пытанні.
– Уладзімір Уладзіміравіч, напачатку развеем сумненні многіх, а ці паспеем усё зрабіць да “Дажынак”?
– Часу сапраўды мала, а работы многа. Тым не менш усе работы ідуць па графіку. Пэўныя нязручнасці для гараджан існуюць з-за вялікага аб’ёму работ, але ж трэба пацярпець. Будуем жа для сябе, для нашага горада і на многія гады.
– Куды ж ідуць яшчэ прыдатныя для выкарыстання будматэрыялы?
– Усё прадугледжана праектам. Напрыклад, насупраць Дома Саветаў нязначна давялося падняць тратуары. Гэта зроблена для таго, каб пасля збудавання плошчы з дажджавой вадой магла справіцца ліўневая каналізацыя. А плітка дэманціравана, хоць частка яе сапраўды добрая, а, напрыклад, ля цэнтра занятасці была ўся ў шчарбінах. Кладзем новую, па праекту яна рознага колеру. Але і прыдатная яшчэ не прападзе. Дзве тысячы квадратных метраў апрыходавана і звозіцца на базу ГУП ЖКГ. Пасля таго, як плітка будзе звезена ўся, размяркуем яе на добраўпарадкаванне тэрыторый дзіцячых садоў, школ, іншых сацыяльных аб’ектаў раёна. Бітыя бардзюры, асфальт, плітка звозяцца ў ДБУ-65, дзе здрабняюцца і выкарыстоўваюцца як будаўнічы матэрыял.
– Куды падзелі елкі, што раслі каля Цэнтра культуры і адпачынку (РДК)?
– Праектанты прадугледзелі ўсё, каб зялёныя насаджэнні па магчымасці захаваць. Але ж век дрэў не бясконцы. Елкі каля РДК былі ўжо вышэй будынка, да таго ж у некаторых наверсе былі карані. Праз некалькі гадоў іх усё роўна давялося б зносіць. Ці не лепш гэта зрабіць у час такой маштабнай рэканструкцыі. І елкі гэтыя, дарэчы, не спілавалі, а з карэннем «перасялілі» ў гадавальнік ГУП ЖКГ, што за камвольна-прадзільнай фабрыкай. Іх там перасадзілі і рэгулярна паліваюць, каб прыжыліся на новым месцы. А каля Цэнтра культуры і адпачынку будуць высаджаны новыя дрэвы. Дарэчы, алея з туяў, што вяла да Дома Саветаў, таксама перасаджана на перыметр новай плошчы ад магазіна “Салют”. Адно з дрэў насупраць цэнтра занятасці застанецца расці на новай плошчы. Так што бясследна практычна нічога не будзе знішчана.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.