Пра плошчу, яе кошт і домік… на ёй

++++101_0241

Слонім рыхтуецца да «Дажынак».  Адзін з важнейшых аб’ектаў – цэнтральная плошча каля Дома Саветаў. Відаць, няма сэнсу лішні раз  гаварыць, што яна ўпрыгожыць горад. Слонім – адзіны ў вобласці райцэнтр, дзе такой плошчы няма.
Дарэчы, улада зрабіла ўсё, каб збудаваць плошчу з найменшымі затратамі і ўвесь праект каштуе (сюды  ўключаецца і рэканструкцыя  плошчы перад Цэнтрам культуры і  адпачынку) 20 млрд. 393 млн. 376  тыс. руб., яшчэ прыкладна 1,5 мільярда руб. спатрэбіцца на абсталяванне фантанаў. А плошча для  старажытнага горада будуецца не  на год і нават не на дзесяцігоддзе.
Будаўніцтва плошчы ў нейкай ступені стрымлівае адна праблема – трэба  было знесці тры прыватныя дамы. Два  знеслі «палюбоўна», людзі атрымалі  жыллё ў іншых дамах. А з жыхаром  трэцяга дома А. Клокавым, ўзнікла праблема, якую цяпер разглядае суд.
Мы звярнуліся да старшыні райвыканкама Алега Таргонскага з просьбай  пракаменціраваць сітуацыю, якая ў горадзе мае рэзананс.
Адразу адзначым, што новы кіраўнік  раёна вельмі зацікаўлены ў вырашэнні  гарадскіх праблем і стараецца максімальна пачуць кожнага чалавека. І ў сітуацыі з А. Клокавым стараецца ісці на  ўступкі, бо разумее: тут чалавек жыў, не  хочацца пакідаць нажытае месца. У такім выпадку, калі па генплану горада зносіцца жыллё, заканадаўства  прадугледжвае тры віды кампенсацыі:  грашовая, прадастаўленне кватэр (15 кв. м
на чалавека, які зарэгістраваны ў доме)  або будаўніцтва дома, раўнацэннага па  плошчы таму, што зносіцца. Менавіта па  плошчы, незалежна колькі сёння будзе  каштаваць будаўніцтва. Пра ўсё па парадку коратка (пра цяганіну, якая ідзе тры месяцы, падрабязна расказаць не хопіць і некалькіх газетных старонак). Заўважу, усе факты і  лічбы, пра якія пойдзе гаворка, аформлены дакументальна і кіраўнік раёна ўсе  гэтыя дакументы паказваў. Першае. Жыхару дома, які, дарэчы,  мае двухпакаёвую кватэру ў Гродна і  там зарэгістраваны, а ў доме на вул.  Карла Маркса, 25 (на здымку), пра  знос якога ідзе гаворка, зарэгістраваны жонка, нявестка і ўнучка (апошнія жывуць у Санкт-Пецярбургу) прапаноўваліся ўзамен дзве дзвюхпакаёвыя кватэры, (не на выбар, а менавіта дзве агульнай плошчай 99,2 кв. м)  у тым ліку новая на вул. Скарыны, агульнай плошчай 59,6 кв. м, і пасля рамонту на вул. К. Маркса, агульнай плошчай 39,6 кв. м. Гаспадар адмовіўся. Другое. Двойчы спецыяльная камісія ацэньвала кошт дома і насаджэнняў. Канчатковая лічба: 741 млн.  819 тыс. руб. (717 млн 440 тыс. руб.  – дом, 24 млн. 379 тыс. – насаджэнні).  Гэта за драўляны дом (далёка не новы, 1962 года пабудовы агульнай  плошчай 91,3 кв.  м), цагляны гараж і  драўляную гаспадарчую пабудову.  Гаспадар адмовіўся, запатрабаваў суму не менш 1 млрд. 200 млн. руб. Трэцяе. Яму прапанавалі праект дома  на вуліцы Садовая, плошчай аналагічнай  плошчы яго дома. Новы дом быў бы мураваны, як і мураваныя гараж, гаспадарчыя пабудовы. Былі б усе бытавыя зручнасці, устанавілі б агароджу, праклалі б  дарожкі. Гаспадар сказаў, што падумае і  дасць адказ праз дзень. Але толькі амаль  праз тыдзень заявіў, што ад такога дома  адмаўляецца. Гэта было ў чэрвені. Усё  лета канфлікт, нягледзячы на ўсе намаганні ўлады, не знайшоў вырашэння. І  тады ўлады звярнуліся ў суд. Калі 2 верасня пачаўся судовы працэс, А. Клокаў  ужо згадзіўся на будаўніцтва прапанаванага ў чэрвені праекта дома на вул. Садовая. Аднак цяпер час сышоў і да “Дажынак” проста фізічна немагчыма пабудаваць гэты дом. Якое ж выйсце, на новай плошчы  стары дом будзе выглядаць што бяльмо  на воку.  Як сказаў старшыня райвыканкама,  калі ўсё ж не ўдасца вырашыць праблему ў бліжэйшы час, дом пакінуць, праўда, зямельны ўчастак будзе зменшаны  да 5-6 сотак (так, як і прадугледжвае заканадаўства для гарадоў раённага падпарадкавання – Слонім такі), за знесеныя насаджэнні і драўляную гаспадарчую пабудову гаспадар атрымае кампенсацыю па закону. Сам дом (ад плошчы)  абнясуць акуратнай агароджай. Вось такая сітуацыя, якая, чамусьці,  супрацьпастаўляе асабістыя амбіцыі  агульнаму гарадскому дабрабыту.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.