Слонімскім навігатарам — 60!

++++IMG_9854

++++IMG_9892

У народзе гэтую вайсковую часць называюць “Вышкі”. Велічныя мачты-антэны ўзвышаюцца над лесам у паўночнай частцы раёна і бачны яны амаль з усіх куткоў Слонімшчыны. З’явіліся гэтыя навігацыйныя антэны 60 гадоў назад. З гэтай нагоды наша інтэрв’ю з камандзірам часці падпалкоўнікам Аляксандрам Каркоцкім.

— 60 гадоў назад 31 жніўня 1954 года Генштабам Узброеных Сіл СССР было прынята рашэнне сфарміраваць пад Слонімам 354-ю станцыю дальняй радыёнавігацыі для забеспячэння навігацыйнай інфармацыяй усіх лятальных апаратаў, падводных і надводных караблёў, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Будаўніцтва станцыі вялося з 1955 да 1958 года. І ўжо працуе 56 гадоў, надзейна забяспечваючы спажыўцоў навігацыйнай інфармацыяй. Прасцей кажучы, маючы навігацыйны прыбор, экіпаж самалёта ці карабля з нашай дапамогай вызначае сваё месцазнаходжанне.
За гады дзейнасці станцыя мадэрнізавалася, мянялася яе кадравая структура. Напачатку гэта быў сакрэтны аб’ект, куды не ступала чужая нага. Уся складаная лямпавая апаратура знаходзілася ў заглыбленым тэхнічным будынку. Над зямлёй узвышаліся толькі 252-метровыя мачты-антэны. А ў час тэхнічнай прафілактыкі антэн на вышыню да 1,5 км узнімаўся спецыяльны аэрастат. У 1989 годзе часць атрымала новы мабільны варыянт станцыі, дзе выкарыстоўваліся паўправадніковыя прыборы, размяшчаецца яна цяпер побач з антэнным полем у кунгах — над зямлёй. Гэтая апаратура значна надзейней за папярэднюю, прасцейшая ў эксплуатацыі і больш эканамічная. Антэнна-мачтавыя збудаванні засталіся ранейшымі. Дарэчы, цяпер працягваецца іх капітальны рамонт і яны здольны яшчэ спраўна служыць навігацыйнай справе.
Дзесяць гадоў назад наша часць была адной з першых, якая поўнасцю перайшла на прафесіянальную аснову. Салдат тэрміновай службы больш у нас няма, толькі кантрактнікі, прапаршчыкі, афіцэры, ёсць цывільны персанал. Раней жылы гарадок быў у межах часці, цяпер ён за агароджай і яго абслугоўваюць раённыя камунальныя службы. Хаця тут жывуць нашы работнікі і праблем з жыллём для маладых кадраў практычна не існуе.
— Ваша часць уваходзіць у структуру Узброеных Сіл РБ, у той жа час, станцыя вядомая і падпарадкоўваецца вядучай, што размешчана пад Бранскам. Двайное падпарадкаванне не стварае праблем?
— Не. Ёсць праграмы Саюзнай дзяржавы эксплуатацыі розных відаў Узброеных Сіл — сумеснае выкарыстанне сістэмы супрацьпаветранай абароны, выкарыстанне навігацыйных часцей. Сістэма нашых станцый была размешчана ў трох дзяржавах: Беларусі, Расіі, Украіне, вядучая станцыя — пад Бранскам, вядомыя — у Сімферопалі, Петразаводску, Слоніме. Цяпер Сімферопаль стаў расійскім. Наша часць уключана ў рэгіянальную групоўку войск. У асноўным фінансавае забеспячэнне станцыі ажыццяўляе наша рэспубліка, а тэхнічная частка, рамонт і мадэрнізацыя абсталявання фінансуюцца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Так, напрыклад, былі выдзелены немалыя сродкі на рамонт антэнна-мачтавых збудаванняў.
— Ацэнка за работу па-ранейшаму выстаўляецца вядучай станцыяй штодня?
— Так, як і 60 гадоў назад. За апошнія паўтара года не было ніводнай ацэнкі “добра”, толькі “выдатна”.
— Такія ў вас служаць прафесіяналы?
— Я проста радуюся, што ўвесь асабовы састаў нясе службу з вялікай цікавасцю, я б сказаў — з вялікай ініцыятывай і нават азартам. З аднаго боку чыста прафесіянальнаму вайсковаму калектыву прасцей, а з другога складаней без салдат — задачы і паўсядзённы клопат па падтрыманню жыццядзейнасці часці засталіся ранейшыя: і дзяжурствы, і абслугоўванне тэхнікі, і гаспадарчая работа, і многае іншае.
Сёння можна расказваць пра любога афіцэра, прапаршчыка ці кантрактніка. Але самым вопытным па нясенні дзяжурства на станцыі застаецца маёр Ігар Цівунчык, апошні, хто прайшоў падрыхтоўку ў спецыялізаванай навучальнай установе. Яму мы і давяраем у першую чаргу маладых афіцэраў, якія прыходзяць у часць. У Беларусі цяпер не рыхтуюць вузкапрофільных спецыялістаў для работы на такой станцыі як наша. І мы набіраем кадры з блізкіх па спецыялізацыі факультэтаў радыётэхнічнага забеспячэння. За апошнія два гады да нас прыйшлі тры лейтэнанты, якіх мы навучалі ў Расіі. Большасць маладых спецыялістаў — слонімцы.
Хачу сказаць шчырае дзякуй усім нашым работнікам за добрасумленную службу. Віншую саслужыўцаў, ветэранаў з 60-годдзем нашай часці. Добрага ўсім здароўя. Хай заўсёды горда гучыць наша прафесія — воін-навігатар.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.