Вясковыя сейбіты

-----++++Img_0284

Восем гадоў назад пасля заканчэння каледжа Дзмітрый Жукоўскі прыйшоў працаваць у РУСП “Пераможац”. Не захацеў малады чалавек сыходзіць з той працоўнай і жыццёвай сцежкі, што праклалі 30 гадоў назад у саўгасе “Пераможац” яго бацькі. Да таго ж у тэхніку Дзмітрый проста ўлюбёны. І хоць па адукацыі ён тэхнік-механік, сеў за руль трактара. А трактары сёння з такімі “наваротамі”, што без адукацыі на іх працаваць не зможаш. Жвавы па натуры, Дзмітрый такі ж і ў рабоце. Задаволены ён работай, не скардзіцца на жыццё. Гаспадарка выдзеліла дом. Маладая сям’я паспела абжыцца. Жонка Анастасія цяпер даглядае дзетак, Мілане 2,5 года, а Ягорку толькі 5 месяцаў. Клапатлівы бацька ўвесь у рабоце, лета ды восень — гарачая пара для вяскоўца. Цяпер трэба сеяць, закладваць аснову новага ўраджаю. Ідзе малады бацька на работу — дзеткі яшчэ спяць, прыходзіць з работы — таксама ўжо спяць. Але на душы спакойна, бо малыя дагледжаны. А ён зарабляе нядрэнна, дапамагае жонцы па гаспадарцы. Дзе лад ды згода — там і радасць жыцця.
“Пераможац” актыўна пачаў сяўбу азімых збожжавых. У гэтым заслуга і сейбіта Дзмітрыя Жукоўскага, які, дарэчы, вызначыўся і на сяўбе рапсу. У дзень, калі прыехалі ў гаспадарку раніцай, механізатар у поле, што побач з майстэрнямі, толькі выязджаў — ліквідоўваў паломку. А дапамагаў яму таксама малады напарнік па сяўбе — Васіль Шахніцкі, які падвозіць да сеялкі насенне. Працоўны стаж Васіля ў гаспадарцы крыху больш за два гады. Былы танкіст 11-й мехбрыгады пасля службы таксама вярнуўся ў бацькоўскі дом. Прызнаўся, што нявест у навакольных вёсках хапае, але выбранніцу пакуль не знайшоў, хоць і марыць хутчэй стварыць сваю сям’ю.
Прыкладна пятая частка працоўнага калектыву РУСП “Пераможац” — маладыя людзі. Працавітых, здатных сярод іх нямала. Ёсць тут сейбіты дабра. А значыць, ёсць каму аднавіць славу былога знакамітага саўгаса “Пераможац”.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.