На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++
Тэрмін — да 1 лістапада

Як было сказана на папярэдняй планёрцы, даваўся тыдзень  на разгляд пісьма жыхаркі Слуцка, якую ўразіў дрэнны стан  могілак у вёсцы Сурынка, калі яна прыехала на пахаванне сваяка. Спецыяльная камісія выязджала на месца, пабываў там і  старшыня райвыканкама Алег Таргонскі. Як было даложана на  планёрцы, сітуацыя практычна адпавядае зместу пісьма. Агароджа могілак не вытрымлівае крытыкі, пасля папярэдняй  планёркі на могілках пачалі ўбіраць кусты. Палявая дарога ад  царквы да могілак зарасла травой і пустазеллем. І гэта не недзе ў закінутай вёсцы на водшыбе, а ў цэнтральнай сядзібе  СВК. Дарэчы, у час даволі эмацыянальнага абмеркавання  пытання кіраўнік раёна параіў старшыні сельсавета С.Бязносіку паехаць паглядзець, які парадак наведзены на татарскіх могілках, або які наводзіцца ў вёсцы Паўлава. Ніхто на месцах не  працуе з людзьмі. А варта было б падключыць і мясцовага святара, і вяскоўцаў для вырашэння праблемы. Магчыма і дарогу  да могілак зрабіць праз вёску.
За непрыняцце мер па навядзенню парадку на могілках  старшыні сельвыканкама С. Бязносіку аб’яўлена вымова і на  навядзенне парадку яму ўстаноўлены тэрмін – да 1 лістапада.

Куды глядзіць старшыня сельсавета

Дарэчы, на планёрцы, як ніколі, бадай, раней, многа гаварылася пра эфектыўнасць улады на месцы. У Сянькоўшчыне складваецца напружаная сітуацыя ва ўзаемаадносінах  арандатара вадаёма і мясцовых жыхароў, аматараў рыбалкі,  якім забараняецца лоўля рыбы на вадаёме. Не станем расказваць пра падрабязнасці, але старшыня райвыканкама  застаўся вельмі незадаволены, калі пачуў, што сельвыканкам  заняў пазіцыю наглядальніка.
– Вы – улада на месцах, – сказаў Алег Таргонскі. – І не сядзіце склаўшы рукі, чакаючы, што сітуацыя ў той ці іншай справе вырашыцца сама. Бярыцеся за работу, спакойнага жыцця,  ды яшчэ пры прыстойнай зарплаце, у вас не будзе, – дадаў  старшыня райвыканкама, звяртаючыся да ўсіх старшынь сельвыканкамаў.

Зрабіць дах да 20 кастрычніка

Жыхары ваеннага гарадка (”Вышкі”) звярнуліся ў райвыканкам са скаргай, што ў адным са шматкватэрных дамоў у  жніўні знялі стары дах, а новы не зрабілі, пайшлі дажджы і пазалівала кватэры. Як высветлілася, не зрабілі дах, бо не было  пакрыцця. Усе факты пацвердзіліся і старшыня райвыканкама  абавязаў будаўнікоў, якія вядуць капітальны рамонт дома, да  20 кастрычніка зрабіць дах, а хібы, якія ўзніклі ад дажджавой  вільгаці, ліквідаваць за кошт вінаватых. Які гаспадар знімаў  бы стары дах, не падрыхтаваўшы новы?

Рознае

На планёрцы, як звычайна, ішла размова пра справы сялян.  Кіраўнік раёна абавязаў падначаленых прааналізаваць расход  гаручага ў гаспадарках раёна, бо розніца па некаторых фактах  адчувальная. Пастаўлена задача скласці графік штомесячнага  падвядзення вынікаў работы ў гаспадарках раёна. На гэтых  сходах павінны будуць прысутнічаць члены райвыканкама. Як адзначалася, нядрэнна прайшоў другі кірмаш па продажу сельгаспрадукцыі. На гэтым тыдні павінны завяршыцца аднаўленчыя работы  ў кацельні камвольна-прадзільнай фабрыкі. У чацвер пройдзе адзіны дзень інфармавання насельніцтва. На наступным тыдні плануецца правесці пасяджэнне савета дырэктараў з наведваннем хлебазавода.

Васіль АФАНАСІК. 

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.