Пра Ніну Аляксееўну, карову Нюрку і восеньскія яблыкі

+++IMG_0010

Дом Ніны Аляксееўны Кавалеўскай са Скоўдзіч стаіць на краю вёскі. З ганка сцежка бяжыць напрамкі ў лес, які амаль што “стукае” гаспадыньцы ў дзверы, агінае поле, канца якого не відаць за гарызонтам, і вядзе ў вёску. Калі кінуць вокам улева, то з гары маўкліва зірнуць на цябе вясковыя могілкі. Ціха…
Цішыню і спакой гэтага месца раз пораз разрывае пранізлівы крык пеўня, якому абавязкова адгукнуцца ў сваю чаргу  індыкі, ды шалпатне лісцем апаўшы з дрэва яблык. Яны ў гэтую пору не толькі неад’емны атрыбут экстэр’ера, у хаце  яблыкаў таксама поўна – акуратненькімі рознакаляровымі радкамі ляжаць яны на падлозе, у кашах і на падаконніках.

– Столькі яблыкаў у гэтым годзе ўрадзіла! – усплесквае рукамі Ніна Аляксееўна. – Дабавілі ж яны мне работы. Пазбіраць,  памыць, парэзаць – пакуль пераробіш усё, дзень міне. Аднак гэта не адзіны і нават не першачарговы клопат  гаспадыні. Ніна Аляксееўна, адзіная са Скоўдзіч, хто, нягледзячы на ўзрост, трымае яшчэ кароўку. Нюрка з’явілася ў яе два  гады таму, жывы быў яшчэ гаспадар, і яны, нягледзячы  на сумненні, вырашылі, што ўдвух “пацянуць” і гэты абавязак. Год назад на могілкі на горцы ў апошні раз правяла яна свайго мужа, з таго часу разлічвае толькі на  свае сілы і на дапамогу родных.
– Дочкі крычаць на мяне, што цяжка цяпер адной за  каровай хадзіць. Канечне, цяжка. Узрост ужо не той, каб  подбегам усё рабіць. Цяжэй за ўсё з сенам. Тут зяці дапамагаюць, а я раніцай выведу кароўку на поле, і ходзіць яна там на прывязі да вечара, падаіць прыходжу.  Малако і цяпер люблю. Таму не ўяўляю я сябе без маёй  Нюры.
– Ці многа карова малака дае? – пытаюся ў гаспадынькі.
– Колькі наесць, столькі і дасць, – усміхаецца Ніна Аляксееўна. – Малако і дзеці забіраюць, і масла з яго  раблю. Бяда толькі, што бойка ссохлася ўся. Дык я масла ў  слоіку б’ю. Цяжэй, канечне, але атрымліваецца не горш.
Раней у вёсцы кароў было на дзве чаргі, адпасвіш, і наступны раз калейка толькі праз месяц прыходзіла. Цяпер ні пашы,  ні кароў, ні тых, хто мог бы іх трымаць – адныя пенсіянеры ў  вёсцы засталіся. Дзеці Ніну Аляксееўну па-ранейшаму адведваюць часта, толькі цяпер на ўсе значныя мерапрыемствы яе  забіраюць да сябе. А раней і на святы ў Скоўдзічах уся сям’я  збіралася, гаспадыня пякла ў печы пірагі і булкі, рабіла мясныя  стравы, варыла кісель.  Па нядзелях і святах збіраецца Ніна Аляксееўна ў Слонім –  у Спасараабражэнскую царкву, памаліцца за здароўе дзяцей  і ўнукаў, паставіць свечку за памерлых. Падабаецца ёй там,  “воздуху многа” гаворыць яна. Не раз даводзілася і пешшу да  царквы дабірацца, і гэта ў свае 77 гадоў!
– Са Слоніма варочаюся на аўтобусе. У горадзе і ў магазін  зайду, куплю, што трэба і дамоў. Лепей за ўсё мне ў сваёй хаце. Усё жыццё я тут жыву. Сама з Дзеравянчыц, у гэту хату ўжо  з мужам і дзецьмі прыйшлі. Рабіла ў саўгасе на паляводстве і на ферме ў Тушэвічах. Аднак у маладосці марыла Ніна Аляксееўна аб іншым  жыцці.
– Дзеўкай яшчэ была, вучылася за партніху. Марыла стаць  майстрам па пашыву адзення. Хадзілі да мяне людзі з заказамі  – сукенкі, рубашкі шыла. Хацела нават у горад ісці на фабрыку  працаваць. Але бацькі былі супраць: маці баялася, каб мяне  людзі не сталі абгаворваць, калі што сапсую, а бацька не хацеў,  каб я далёка ад дому была. Так у саўгасе і засталася.
– Не шкадуеце?
– Не, не шкадую. Чаго шкадаваць? Гаспадарка ў нас вялікая  была, па дзве каровы, бычок, хатняя птушка – даволі ўсяго  было. Добра жылі. Пакуль Ніна Аляксееўна расказвала, я, седзячы ў яе натопленай кухні, азіралася вакол сябе. Чысціня, нібыта пару  хвілін таму закончыла гаспадыня прыбірацца, штучныя кветкі ў вазах, абраз на сцяне. Аднак адразу кінуліся ў вочы толькі дзве рэчы: кіпельна белыя рушнікі (быццам спецыяльна  падрыхтаваныя да нашага візіту) і сучасны тэлевізар у пакоі  насупраць.
– Гэта зяць пра мяне паклапаціўся. Гляджу іншым  разам, але часцей за ўсё перад сном уключаю, каб  заснуць хутчэй. Іншым разам і газету пачытала бы,  але паштальён не носіць. Чаму, не ведаю, – тлумачыць яна. Штодзённыя справы, па яе словах, не даюць засядзецца, наадварот, дзякуючы ім, мае Ніна Аляксееўна строгі распарадак дня, які хочаш ты ці не, а  выконваць трэба. Таму і сумаваць часу няма, уся ў  справах.
– Няма калі мне сумаваць: карова, буракі,  яблыкі. Каб не Нюра, сядзела б на месцы. А сядзець без справы не магу. Увесь час хочацца нешта  рабіць. Мне дзень здаецца годам, калі я не раблю.  Відаць, таму і худая такая, аднак, худой лягчэй,  чым сытай…
Напрыканцы я адчула, што гэта сустрэча была неабходна  не толькі мне, але і ёй – гасціннай Ніне Аляксееўне. Лягчэй стала пасля нашай размовы, і падалося, што запоўнілася пустэча  ў душы, якая абавязкова з’яўляецца, калі губляецца (хоць і не  надоўга) сувязь між рознымі пакаленнямі. Пустэча ў маёй душы  зацягнулася, і ўжо седзячы ў машыне я ачула, што забіраю з сабой не толькі гэты падарунак, са мной ад’язджаў пах натопленай вясковай хаты, сырадою і восеньскіх яблык, якіх у гэтую  пору ў Скоўдзічах урадзіла шмат.

Кацярына ВЕСЯЛУХА.
Фота Васіля АФАНАСІКА.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.