Здымак шчаслівых людзей

+++мать и дочь+++IMG_1899

Гэта быў адзін з цёплых кастрычніцкіх дзён. Сонца  ўжо перайшло на другую палову неба, але цяпла яго  яшчэ было дастаткова, і ўсё навокал з удзячнасцю  прымала апошныя яго абдымкі. Рэдакцыйная машына павольна кацілася па вясковай дарозе. Здавалася,  жыццё ў Залессі таксама замарудзіла свой ход: у дварах было ціха, ляніва разгульвала па іх хатняя птушка, стаялі на прывязі сабакі, то там, то сям кешкаліся на надворках людзі.
Ганне Іосіфаўне Жукоўскай таксама не сядзелася ў хаце  і яна хадзіла па двары, пазіраючы на работу дачкі і зяця.
– Дачка Людміла ды зяць Васіль, – гаворыць Ганна Іосіфаўна, – цяпер найлепшыя мае памочнікі. Дакладней сказаць, галоўныя гаспадары. Уся работа – на іх плячах. Я цяпер нават комін не магу сама адкрыць.
Гэта цяпер, амаль у дзевяноста, рукі ўжо не ляцяць так  лёгка ў гару, як у маладосці, не так проста ўтрымаць дровы і нанасіць вады з калодзежа. А быў час, калі ўсё было  па сілах: траіх дзяцей выгадавала, гаспадарку трымала і  калгасную работу паспявала рабіць.
Ганне Іосіфаўне 88 годоў, нарадзілася яна ў Залессі і  ўсё жыцце, акрамя часу, праведзенага ў нямецкай няволі  ў гады вайны, пражыла тут.
– У 1941 годзе фашысты расстралялі амаль шэсцьдзясят чалавек з вёскі, сярод іх былі мой тата, брат, сястра з  мужам і гадавалы плямяннік. Забілі маіх родных каля клуба, а мяне пагналі ў Германію. У Залессі засталася маці з  унукамі, дзецьмі забітай сястры.
Разам з Ганнай Іосіфаўнай у няволю забралі яшчэ трох  жыхароў вёскі. Прывязлі землякоў у Штутгард, працаваць  давялося на авіяцыйным заводзе. Вызваленне прыйшло  разам з войскамі саюзных дзяржаў – амерыканскімі і англійскімі.
Ёй, як і іншым вязням з Залесся, пашчасціла вярнуцца  ў родную вёску жывой. На парозе хаты Ганну чакала маці з пляменнікамі.
Пасля вайны і да самай пенсіі працавала яна ў калгасе  паляводам. Разам з мужам  пабудавалі новы дом (які і  да гэтага часу прываблівае  мінакоў сваёй чысцінёй і  дагледжанасцю), адно за адным нарадзіліся трое дзяцей. Жыццё ішло сваім ходам, пакуль смерць не забрала да сябе аднаго з сыноў, а затым і мужа Ганны  Іосіфаўны. Тады яна змагла  адолець і гэта выпрабаванне, але цяпер успаміны аб  тых, каго няма, наведваюць  яе ўсё часцей. Аднак адзінота і хвіліны  суму нячастыя госці ў яе  хаце. Мае Ганна Іосіфаўна  яшчэ аднаго сына, ён жыве  ў Брэсце, трох унукаў і двух  праўнукаў.
Не згубіла яна і былых  сяброўскіх сувязей. У час вясенне-асенняга знаходжання ў вёсцы заходзіць да Ганны Іосіфаўны суседка пагутарыць. Добрай забаўкай з’яўляецца прагляд тэлевізійных праграм.
– Тэлевізар люблю глядзець, але гэты (паказвае рукой  на правае вока) не свеціць. Больш за ўсё падабаецца «Поле чудес», «Пусть говорят», «Говорим и показываем», альбо што-небудзь кароценькае.
– Самая вялікая радасць на сёння, – сказала яна, – калі  дачка прыязджае. Яна і на зіму мяне да сябе забірае. Клапоціцца пра мяне, аберагае, усе справы на ёй ляжаць:, і  агарод, і хата, і пагаварыць мы таксама з ёй майстры. І зяць у мяне працавіты – вось якую альтанку зрабіў!
Дачка і зяць якраз выконвалі чарговае “хатнее заданне”  па добраўпарадкаванню двара. Яны працавалі, а мая гераіня стаяла побач і моўчкі за імі назірала. Колькі спакою  і ціхамірнасці было ў гэты момант! І, гледзячы на тое, з якой павагай, пяшчотай і любоўю  адносяцца дзеці да сваёй матулі, якім спакоем і шчасцем  свяцяцца ў адказ вочы іх маці, мы не маглі ўтрымацца і  не зрабіць сумесны здымак. Здымак мамы і дачкі, прыклад клапатлівых, удзячных адносін. Здымак шчаслівых  людзей.

Кацярына ВЕСЯЛУХА.
Фота марыі СЯРГЕЕВАЙ.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.