Алег Таргонскі: Слонім — прыгожы горад

+++IMG_9859

Алег Таргонскі кіруе раёнам толькі 9 месяцаў. Напярэдадні свята — абласных “Дажынак”, мы папрасілі старшыню райвыканкама падзяліцца ўражаннямі ад работы на Слонімшчыне.
— Паколькі сёння мы святкуем абласныя “Дажынкі”, то і пачну са спраў хлебаробскіх: хлеб — усяму галава, хлеб — аснова нацыянальнай бяспекі, — пачаў Алег Мечыслававіч. — Безумоўна паспрыяла нам сёлета надвор’е. І працалюбівыя людзі Слонімшчыны гэтым скарысталіся — вырасцілі і сабралі на 20 тысяч тон хлеба больш, чым год назад. Значна нарасцілі валавы збор рапсу. Цукровых буракоў пасеялі менш, а сабралі столькі ж, як і летась. За ўсім гэтым — самаадданая праца найперш нашых сялян. Хоць убіралі ўраджай талакой — гараджане дапамагалі і тэхнікай, і рабочымі рукамі. Нізкі ўсім паклон і сардэчнае дзякуй за працу! Горкім потам дасягаецца сялянская прадукцыя. За 9 месяцаў па раёну вытворчасць валавай прадукцыі раслінаводства склала 122,5% да года мінулага. Пасля эфектыўных часоў (80-ыя-пачатак 90-ых гадоў) развіцця сельскай гаспадаркі Слонімшчыны, быў даволі істотны спад у яе развіцці і прырост за няпоўны год валавай вытворчасці амаль на чвэрць — добры знак. У СВК “Сянькоўшчына”, СВК імя Суворава хлебны колас пры раённым паказчыку ў 41,2 ц/га, перавысіў 50 ц/га, у СВК імя Дзяржынскага ўмеюць вырошчваць рапс пад 40 ц/га. У параўнанні з мінулым годам па-добраму ўражваюць здабыткі льнаводаў, асабліва ў работнікаў ільнозавода, якія і вырошчвалі большасць даўгунцу ў раёне. Сёння якаснае і кароткае, і доўгае валакно ідзе нарасхват — на прадукцыю стаяць чэргі, завод запрацаваў у тры змены. Падобнага даўно не было. Добрых прыкладаў нямала. Сёння ёсць практычна ўсё для рэзультатыўнай працы — толькі захоўвай тэхналогію і не лянуйся. Эксперыментуй, знаходзь новыя сарты, новыя культуры. І ўсё атрымаецца. Напрыклад, у раёне, дзе я працаваў раней, вырошчвалі сланечнік. Не ўкраінскія былі ўраджаі, але тым не менш зерне атрымлівалі. Трэба ставіць рэальныя задачы і дабівацца іх вырашэння. Ад земляробства напрамую залежыць эфектыўнасць жывёлагадоўлі, той галіны, што стварае пастаянную крыніцу даходаў.
Якраз у кормавытворчасці раёна на сёння, бадай, асноўныя нашы праблемы. У гэтай справе трэба кардынальна мяняць метады работы нашых кіраўнікоў, спецыялістаў. Нашы палі збяднелі на канюшыну, люцэрну, шматгадовыя травы не вызначаюцца прадуктыўнасцю.
У жывёлагадоўлі да свята працаўнікоў сяла мы выйшлі па валавай вытворчасці малака на 102% да ўзроўню мінулага года. Згодзен, хваліцца няма чым, але яшчэ ў лютым-сакавіку гэты паказчык быў 80-82%. Дынаміка ёсць, але я рэаліст — сёння рэзкі скачок у малочнай галіне зрабіць цяжка. Вельмі ўжо было шмат упушчана ва ўзнаўленні статку. Вырасціць добрую карову — патрэбен час. Кармы, узнаўленне статку, умовы ўтрымання — кожнае звяно павінна быць моцным, кожнае залежыць ад чалавека. Дай ялавай карове самы далікатэсны корм — малака не будзе. Гэта аксіёма для любога селяніна. Так як і пастаў у “харомы” малапрадуктыўную карову —  таксама толку не будзе.
Асобна хачу сказаць пра будаўніцтва сучасных ферм. Іх збудавалі нямала, уклалі велізарныя сродкі, а жадаемай аддачы пакуль няма. Але робіцца ўсё правільна, нельга на старэнькім “Запарожцу” дагнаць сучасны “Мерседэс”. І людзям, і жывёле патрэбны добрыя ўмовы і для працы, і для ўтрымання. Іншая справа, што трэба падцягваць да патрабаванняў часу і кормавытворчасць, і племянную справу. Трэба прызнаць, што нават пры тым статку, што маем, і пры наяўных кармах як мінімум на 20% прадуктыўнасць дойнага статку можна яшчэ падняць.
Штомесячныя семінары-нарады, якія мы праводзім у гаспадарках, паказваюць, што недабіраем малако з-за элементарных тэхналагічных збояў у кармленні, утрыманні жывёлы. На наступны год ставім задачу замацавацца ў першай дзясятцы і рухацца вышэй, да тых лідарскіх пазіцый, якія ў былыя гады займаў раён. Іншага выйсця няма. Хочацца, каб кожны — ад радавога працаўніка да кіраўніка — усвядоміў, што зарплата, дабрабыт напрамую залежаць толькі ад вынікаў працы.
— Алег Мечыслававіч, станоўчая дынаміка ў сельскай гаспадарцы відавочная, як відавочная яна ў абліччы Слоніма. Многія слонімцы параўноўваюць сённяшняга кіраўніка раёна з В.І. Пеляніцыным (кіраваў горадам з 1963 да 1975 года і вельмі многа зрабіў для горада. В.А.). Трэба адзначыць, што шмат зроблена і потым — добраўпарадкаваны буйныя жылыя мікрараёны, узведзены новыя фермы, і тым не менш сёння Слонім — буйная будаўнічая пляцоўка. Наперадзе яшчэ большыя планы: будаўніцтва двух буйных свінаводчых комплексаў, Воднага палаца, рэстаўрацыя сінагогі і інш.). Вам, як нікому іншаму, вядома, якой цаной, якімі нервамі ўсё гэта даецца.
— Я не быў знаёмы з Пеляніцыным, але многа чуў добрых слоў пра яго. Да назначэння ў пачатку года на пасаду старшыні райвыканкама я быў у Слоніме толькі двойчы. Паважаныя слонімцы, паверце, я быў уражаны прыгажосцю і асаблівасцю горада. І ў той жа час многае трэба яшчэ зрабіць і паправіць. Сёння мы зрабілі прыгожую плошчу (ва ўсім харастве яе ўбачым вясной, калі ўсё зазелянее, зацвіце і перальецца ў вясёлцы музычных фантанаў). Думаю, што самыя вялікія скептыкі скажуць, што яна патрэбна гораду. Хіба ж нармальна, што мы праводзілі святы, сустрэчы з выпускнікамі на вуліцы. Ці хіба было нармальна, што цэнтр горада выглядаў як пустэча. Многія слонімцы ўжо сёння дзякуюць, што прыводзім горад у парадак. Гэта патрэбна не некаму аднаму, патрэбна ўсім — і слонімцам, і гасцям. І на доўгія часы. Сапраўды, будаўніцтва сёння даецца цяжка. Але я вельмі ўдзячны нашаму губернатару Уладзіміру Васільевічу Краўцову. Пасля майго назначэння праз некалькі тыдняў пры сустрэчы з ім я расказаў пра сваё бачанне сацыяльна-эканамічнага развіцця Слонімшчыны і знайшоў падтрымку сваёй праграмы. Усё, што зроблена, зроблена рукамі ў асноўным слонімцаў. І я сёння ўдзячны ўсім, хто меў дачыненне да будаўніцтва плошчы, да аднаўлення Цэнтра культуры і адпачынку, вуліц Васі Крайняга, К. Маркса, Брэсцкая, парка. У парку работы будуць працягнуты і вясной. Плануем устанавіць малыя архітэктурныя формы, атракцыёны, высадзіць новыя дрэвы.
Дзякуй будаўнікам і за адноўлены спарткомплекс. Там займаецца многа дзяцей і дарослых, а ўмовы былі далёкія ад сучасных патрабаванняў. Цяпер гэта будзе выдатны спартыўны аб’ект і для заняткаў спортам, і для фізкультурна-масавай работы. Лічу, што маем цяпер прыстойны ўезд у горад з боку Ружан, многае зрабілі самі гараджане. Але, паважаныя слонімцы, я ведаю і бачу, што ў горадзе яшчэ многа праблем: і з добраўпарадкаваннем, асабліва раёнаў індывідуальнай забудовы, і з каналізацыяй, і з асфальтаваннем 50 км гравійных вуліц і г.д. Паступова будзем рашаць і гэтыя праблемы. Я заўсёды ў рабоце кіраваўся прынцыпам: не трэба махляваць, абяцаць, калі не можаш зрабіць. Гэта падрывае імідж улады. А калі можаш зрабіць — трэба абавязкова зрабіць. Схільны да думкі, што тое ж добраўпарадкаванне ў дварах, у тым ліку дварах шматкватэрных дамоў, жыхары ў многім павінны рабіць самі. Чаму б сёння хаця б раз у месяц жыхарам ні сабрацца і ні навесці парадак каля свайго дома. Мы ж прывучым людзей берагчы тое, што зроблена сваімі рукамі. Сёння ў адных пад’ездах водар кветак, другія — пракураны і забруджаны. Каго ж вінаваціць? Разам мы вырашым куды хутчэй усе свае праблемы. Я бачу праблемы Альбярціна, Жыровіц. І мы ўдзялім больш увагі і мікрараёну, і аграгарадку.
Вярнуся да водгукаў людзей. Вядома, мне прыемна, калі чую добрыя словы аб зробленым. Але гэта заслуга ўсіх: і вас, журналістаў, і будаўнікоў, наогул, усіх слонімцаў — нехта выдаткаваў (праз падаткі) сродкі, нехта будаваў, нехта арганізоўваў. Наш горад прыгожы, людзі гасцінныя — гэта падкрэслівалі мітрапаліт Павел, шматлікія госці з гарадоў-пабрацімаў. І гэта не дзяжурныя фразы — гэта заслужаная ацэнка, думаю, яе пацвердзяць і шматлікія госці “Дажынак”.
— Алег Мечыслававіч, сёння на большасці асноўных мерапрыемствах, аб’ектах Вы стараецеся бываць самі і не ў якасці наглядальніка, а ўнікаеце ў сутнасць, часам здавалася б у дробязі. Святло ў Вашым кабінеце гарыць і з ранку, і ў вечары.
— На жаль, у паўсядзённых клопатах іншы раз проста не хапае часу, каб пабываць усюды, дзе хацелася б — раён жа для мяне новы. Напрыклад, за час работы ў Слоніме, не змог пакуль наведаць некаторыя аб’екты сацыяльнай сферы, адукацыі, некаторыя будаўнічыя і іншыя арганізацыі. З-за гэтага адчуваю пэўны дыскамфорт. Праблемы ёсць усюды і людзі спадзяюцца на ўладу ў іх вырашэнні.
Што датычыцца розных дэлегацый, то я, як кіраўнік раёна, лічу неабходным сустракаць іх асабіста, бо гэта імідж раёна. Адна справа, калі вітае гасцей кіраўнік раёна, другая — калі нехта іншы. Пры гэтым не хачу нікога прыніжаць.
Сёння ж мы зноў сустракаем шматлікія дэлегацыі. Сёння святкуем «Дажынкі». Шчыра вітаем лепшых хлебаробаў вобласці, Слонімшчыны. Нізкі паклон вам за хлебныя здабыткі. Дзякуючы вашым працавітым рукам наша Гродзеншчына ўжо не першы год радуе краіну лепшай каласістай хлебнай нівай. Вітаем нашых паважаных гасцей, у тым ліку з гарадоў-пабрацімаў Слоніма. Дзякуй ўсім слонімцам, якія не засталіся абыякавымі да падрыхтоўкі да свята і сустрэчы дарагіх гасцей. Слонімшчына гасцінна вітае ўсіх хлебам-соллю!

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.