На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

14 лістапада — абласныя “Дажынкі”

Як было праінфармавана на планёрцы, заканчваюцца  работы на асноўных аб’ектах да абласных “Дажынак”. На  плошчы запрацаваў першы фантан. У дзень “Дажынак” на  плошчы будзе ўрачыста адкрыты герб Слоніма, мноства гасцей чакаецца на адкрыцці спарткомплексу на вуліцы Пушкіна.  На наступны дзень, у суботу, у Слоніме адбудзецца раённае  свята працаўнікоў сяла. Урачыстая частка пройдзе ў Цэнтры  культуры і адпачынку.

Да 1 снежня

такая задача пастаўлена кіраўніком раёна Алегам Таргонскім  па здачы ў эксплуатацыю рэканструіруемых ферм у  Хадзявічах, Забуллі, Ягнешчыцах.

Свята — святам, а работа не спыняецца

Хоць сяляне рыхтуюцца да “Дажынак”, да прафесіянальнага  свята, а работа і ў земляробаў, і ў жывёлаводаў не спыняецца. На гэтым тыдні завяршаецца ўборка цукровых буракоў.
Старшыня райвыканкама рэкамендаваў падначаленым дапамагчы ўбраць буракі суседнім раёнам.
На наступным тыдні мяркуецца падвесці вынікі работы  жывёлаводаў за 10 месяцаў у СВК “Драпава”.
Працягваецца пад’ём зябліва. Як адзначыў кіраўнік раёна,  зладжана гэтая работа вядзецца ў сельгаскааператывах  “Сянькоўшчына”, “Дзераўноўскі”, імя Дзяржынскага і філіяле  “Паўлава-Агра”. Іншым гаспадаркам трэба актывізаваць работу.

Палігонам — быць

На планёрцы абмеркавана мэтазгоднасць адкрыцця новых міні-палігонаў у Ісаевічах, Чапялёве і Навасёлках  (Васілевіцкі сельсавет). Яны, дарэчы, ужо абсталяваны. Засталося аформіць дакументальна. Былі думкі, што ў мэтах  аптымізацыі колькасці і змяншэння затрат на іх утрыманне,  вышэй названыя палігоны не адкрываць. Але ў такім разе  можа стацца, што ўсё смецце з навакольных вёсак паедзе…   у лес. Таму вырашана тры згаданыя міні-палігоны адкрыць  і правесці работу з насельніцтвам па заключэнню дагавораў  з ЖКГ на вываз бытавых адходаў.
Узнікла яшчэ адна “смеццевая” праблема. Адходы  вытворчасці — скоп, ААТ “Слонімскі кардоннапапяровы завод “Альбярцін” вывозіць на гарадскі палігон, але іх вельмі  многа (19 тыс. м куб. у год) і тэрмін эксплуатацыі гарадской  звалкі можа значна скараціцца. Таму адпаведным службам  дадзена даручэнне да 20 лістапада знайсці ў раёне кар’ер,  для рэкультывацыі якога можна выкарыстаць скоп.

Рознае

На планёрцы абмяркоўваліся пытанні добраўпарадкавання  могілак, неабходнасці распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на замену каналізацыйнага калектара і некаторыя іншыя пытанні.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.