Пераможны ўдар Снапко

+++IMG_0088

«Слонім» — «Звязда-БДУ» (Мінск) – 2:1

1 лістапада, стадыён «Юнацтва», 200 гледачоў. Пачатак у 12 гадзін.
Суддзі: Піліпавец, Вашкевіч (абодва – Маладзечна), Карась (Смалявічы).
Інспектар: Каліноўскі (Мінск).
«Слонім»: Мялік, Палазнік, Снапко, Жукаў, Ушакоў, Герасімчык (Юзвовіч, 83), Каленік (Грыгароўскі, 65), Мішкель (Падрэцкі, 90+2), Плясуноў, Шуляк (Халадкоў, 72), Красій.
«Звязда-БДУ»: Бабаеў, Апанас, Тамела, Шыла (Плехаў, 87), Крына (Казлоў, 80), Комлеў (Юдчыц, 74), Жук, Бацяноўскі, Пракопчык, Сядоў, Карп.
Папярэджанні: Плясуноў, Шуляк, Апанас.
Галы: Жукаў (38), Шыла (52), Снапко (88).
На фінішы чэмпіянату сталічным студэнтам ужо нічога не свеціць, але каманда безкампрамісная – многа забівае (другі паказчык у лізе), але і многа прапускае. Так што «Слоніму», які яшчэ не забяспечыў сабе права і ў наступным сезоне (пасля гэтага тура ў трох матчах трэба набраць хаця б ачко пры ўмове, што «Хваля» ўсе тры матчы да канца чэмпіянату выйграе, што малаверагодна) гуляць у першай лізе, трэба было выкладвацца як след – ачкі патрэбны як глыток вады ў пустыні. Але мяркуючы па першым тайме, сапернікі да азартнага паядынка не былі гатовы. Адбойная гульня ішла ў цэнтры поля, варатары сумавалі. Хіба што на першай мінуце давялося пахвалявацца Бабаеву пасля ўдара галавой нападаючага слонімцаў. Практычна ў такой жа сітуацыі пасля прастрэлу з фланга на 38-й мінуце Жукаў галавой скіроўвае мяч у сетку варот “Звязды-БДУ”. Першы тайм сапернікі закончылі практычна са стопрацэнтнай рэалізацыяй галявых момантаў – адзін на дваіх стварылі, адзін рэалізавалі.
У другім тайме госці ініцыятыву перахапілі. І на 53-й мінуце правы фланг абароны гаспадароў поля не даглядзеў у сваёй штрафной «калегу па амплуа» са стану саперніка – і Максім Шыла зраўнівае лік (дарэчы, Шыла стане лепшым іграком матча ў камандзе гасцей). Пасля забітага гола мінчане яшчэ больш актывізаваліся і, здавалася, даціснуць гаспадароў поля. Варатар слонімцаў Яўген Мялік не выпадкова стаў лепшым у стане «Слоніма», некалькі разоў ён згуляў бліскуча, а галоўнае – надзейна, асабліва на 56-й мінуце, калі злёту, «па-ванбастаўскі» прабіў Жук. Слонімцы «агрызнуліся» і даволі балюча ў канцы матча. На 83-й мінуце пасля розыгрышу вуглавога мяч замігцеў у мностве ног у раёне варатарскай гасцей, трапляе ў руку абаронцы мінчан, але арбітр гульню не спыніў. А праз некалькі мінут слонімцы прабівалі штрафны, мяч, нібы спалоханы заяц, лукаткамі крануўся некалькіх сапернікаў і апынуўся ля нагі Снапко, Яўген уклаў ва ўдар усю моц і метраў з пяці літаральна ўвагнаў прадмет гульні ў вароты, галкіпер хоць і падставіўся пад удар, але ўратаваць каманду не змог.
Канцоўка матча прайшла даволі нервова і азартна, аднак лік больш не змяніўся. Наступныя два матчы «Слонім» правядзе на выездзе, першы – з «Віцебскам», 8 лістапада, а затым яшчэ праз тыдзень – з «Гранітам».

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.