Тайм-аўт да вясны

Img_0633+++фут

22 лістапада, стадыён “Юнацтва”, пахмурна, 800 гледачоў. Пачатак у 14 гадзін.
Суддзі: Шчарбакоў (Мінск), Герасімук, Маслянка (абодва — Брэст).
Інспектар: Пырэеў (Мінск).
“Слонім”: Мялік, Палазнік, Снапко, Жукаў, Юзвовіч (Герасімчык, 66), Халадкоў (Шуляк, 73), Ушакоў, Каленік (Грыгароўскі, 87), Плясуноў, Давідовіч (Падрэцкі, 61), Красій.
“Смаргонь”: Жук, Халецкі, Кавальчук, Тарлікоўскі, Шмігера, Нарожнік, Калінін (Яблонскі, 83), Сквярнюк, Кавалюк (Рындзюк, 77), Казко (Замара, 81), Мархель (Сямёнаў, 75).
Папярэджанні: Снапко, Жукаў, Мархель.
Завяршыўся XXIV чэмпіянат краіны па футболу ў першай лізе. “Слонім”, якому ставілася задача трапіць у дзясятку, заняў 15-ае месца. Суцяшае той факт, што каманда ў апошніх шасці турах не прайгравала, у тым ліку гуляючы і з лідарамі, захавала прапіску ў першай лізе. Улада, працоўныя калектывы як маглі падтрымлівалі каманду, не пуставалі і трыбуны. Хаця наўрад ці футбалісты задаволілі аматараў футбола. Былі нядрэнныя матчы, але было нямала і “цьмяных”, без належнай самааддачы каманды. І тым не менш слонімскія балельшчыкі — аптымісты. У каманду вераць — ідуць на трыбуны.
Слаба ў сезоне згуляла лінія атакі, з 32 забітых галоў нападаючыя забілі 9 (прычым Арочка — 5 (гуляў толькі першы круг), абаронцы — 13. Лепшым бамбардзірам разам з Арочкай стаў цэнтральны абаронца Жукаў (5 галоў).
Гледзячы як футбалісты мясілі заснежанае поле, рызыкуючы атрымаць траўму на коўзкім газоне, а балельшчыкі на трыбунах мерзлі ад холаду, закрадвалася сумненне: а ці трэба для першай лігі заканчваць сезон на снезе, ці не лепш два-тры матчы згуляць летам не толькі ў выхадны, але і ў сярэдзіне тыдня. І, наогул, ці патрэбна ў нашым футболе першая і другая лігі? Ці не лепш мець вышэйшую і адну паўпрафесіянальную. Вядома, гэта асабістае меркаванне, хаця і не новае.
Першы тайм справаздачнага матча прайшоў без асаблівага напружання, хаця госці гульнёвую перавагу мелі. Мархель і двойчы Сквярнюк былі блізкія да ўзяцця варот слонімцаў, аднак кожны раз мяч мінаў “рамку”.
У другім тайме было на што паглядзець. Прычым слонімцы ні ў чым не ўступалі аднаму з лідараў чэмпіянату, а пад канец матча так разагрэлі фан-сектар, што там некалькі дзясяткаў слонімскіх заўзятараў сталі з голымі торсамі “гнаць” сваіх любімцаў наперад.
У пачатку тайма Юзвовіч здзейсніў слаламны праход у штрафную гасцей і яму не хапіла ў заключны момант хуткасці — смаргонцы вароты адстаялі (дарэчы, іх варатар Жук стане лепшым іграком у складзе гасцей, у слонімцаў — Красій). А ўжо праз мінуту з падачы Казко Кавалюк б’е галавой і мяч ляціць побач са штангай. Праз дзесяць мінут ужо Казко праверыў моц штангі варот Мяліка.
Атакі пайшлі хвалямі. Канцоўка была за гаспадарамі поля. Калі пайшла апошняя мінута асноўнага часу, Шуляк зблізку ўпусціў ледзь ні 100-працэнтную магчымасць завяршыць галявы рахунак каманды ў гэтым сезоне, аднак чырвона-аранжавы мяч (а менавіта такім гуляюць, калі на полі ляжыць снег) паляцеў міма варот. Тры кампенсаваныя мінуты лік на табло не змянілі — баявая нічыя.
Футбол бярэ тайм-аўт да вясны.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.