На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Галоўнае — мацаваць эканоміку

Чарговая планёрка пачалася з інфармацыі старшыні райвыканкама Алега Таргонскага пра рабочую паездку ў Гродна  Прэзідэнта дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і тых задач, якія  паставіў кіраўнік краіны перад нашай вобласцю. Галоўнае  на сёння — развіваць і мацаваць эканоміку. У гэтым і дабрабыт людзей, і нацыянальная бяспека. Падрабязней задачы, што паставіў Прэзідэнт, будуць разгледжаны на нарадзе, якая пройдзе ў райвыканкаме. А пакуль жа Алег Таргонскі распарадзіўся запрашаць на планёркі  кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія дапускаюць эканамічны  спад, з канкрэтнай праграмай дзеянняў.

“Дажынкі” адзначылі дастойна

Як зазначыў Алег Таргонскі, госці “Дажынак” — намеснік  старшыні Савета Міністраў Міхаіл Русы, губернатар вобласці  Уладзімір Краўцоў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  – галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Уладзімір Даманеўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Анатоль  Ліс, госці з гарадоў-пабрацімаў, а таксама многія слонімцы  адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення свята  “Дажынкі-2014”.
Кіраўнік раёна папрасіў праз газету выказаць яго шчырую  ўдзячнасць будаўнікам, працоўным калектывам, усім  слонімцам, хто рыхтаваў горад, свае прадпрыемствы, установы, свае дамы да свята “Дажынак”.

“Дажынкі” прайшлі, работы працягваюцца

Да “Дажынак” выкананы велізарны аб’ём работ, практычна ўсё запланаванае зроблена. Хаця на некаторых аб’ектах  работы будуць працягнуты, — гэта нармальны працэс. І ўжо цяпер трэба рыхтаваць аснову будучага ўраджаю.  Напрыклад, ёсць яшчэ магчымасць араць зябліва. У СВК  “Міжэвічы”, імя Суворава, “Дружба-Агра”, РУСП “Пераможац”  ворыва ідзе марудна. Сёння трэба паклапаціцца пра насенне, асабліва траў —  люцэрны, канюшыны. У раёне кармавыя ўгоддзі для жывёлы  далёка не лепшыя, найперш з-за недахопу насення траў. Трэба неадкладна скласці графікі рамонту тэхнікі і іх выконваць.
На гэтым тыдні на базе СВК “Драпава” падвядуць вынікі  работы жывёлагадоўлі раёна за 10 месяцаў.

Месячнік збору другасных рэсурсаў

праходзіць у лістападзе. Як падкрэслена на планёрцы, ёсць  яшчэ арганізацыі, якія не прыступалі да збору другаснай  сыравіны.

Адзін дом засяляецца,  другі — у стадыі будаўніцтва

На праспекце Незалежнасці датэрмінова здадзены ў карыстанне 96-кватэрны дом. Яшчэ адзін — 134-кватэрны, будуецца. Кіраўнік раёна абавязаў службовых асоб прыкласці  ўсе намаганні, каб і гэты дом здаць ва шстаноўленыя  тэрміны.

Патрэбны сродкі на калектар

На вуліцы Гогаля зноў здарыўся парыў каналізацыйнага  калектара. Праектная дакументацыя на замену калектара на  новы ёсць. Калі прадпрыемствы-даўжнікі разлічацца з ААТ  “Слонімскі водаканал”, а такая задача перад падначаленымі  пастаўлена кіраўніком раёна — паспрыяць вяртанню даўгоў  — то водаканал гатоў пракладваць калектар за свае сродкі.

Абласны семінар

па праблемах дашкольнай адукацыі пройдзе ў Слоніме на  гэтым тыдні.

Неабходна захаваць каманду

На гэтым тыдні плануецца сустрэча ў райвыканкаме з  футбольнай камандай “Слонім”. Кіраўнік раёна абавязаў  падначаленых вырашыць усе фінансавыя праблемы клуба. Ставіцца задача — захаваць каманду, каб з пачатку  новага года яна прыступіла да падрыхтоўкі да новага сезона.
Хоць клуб і не выканаў задачу — трапіць у дзясятку, але  ў першай лізе застаўся (у суботу “Слонім” на сваім полі  праводзіць заключны матч чэмпіянату). Футбол у Слоніме  любяць і ўлада намерана падтрымліваць каманду.

Знікла вада ў калодзежах

У Сянькоўшчыне пасля таго, як спусцілі ваду з возера, у калодзежах знікла вада. Алег Таргонскі даручыў сельвыканкаму  неадкладна разабрацца з праблемай — аднавіць вадаём.

Васіль АФАНАСІК. 

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.