У Слоніме ўславілі хлебаробаў

++1++IMG_0382

+++2+++IMG_0110

+++3+++IMG_0062

У мінулую пятніцу ў цэнтры Слоніма, і асабліва на Чырвонаармейскай вуліцы, утварылася людское мора – усім хацелася пабываць на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2014”. Грымелі песні – народ гуляў. На кожным кроку сустракалі наведвальнікаў свята палатачныя магазіны і магазінчыкі. А тавараў у іх было, што тых рознакаляровых блікаў у фантанах на галоўнай плошчы горада, якую ўлады, будаўнікі падарылі слонімцам да свята. Людзі не ўтойвалі свайго захаплення шыкоўнай плошчай, абноўленымі вуліцамі і будынкамі. У горадзе майстроў аж вочы разбягаліся – які таленавіты наш чалавек. Для ўсіх хапала забавы ў гэты дзень – і дарослым, і дзецям. Дзятва магла пакатацца і на поні, і на надзімных атракцыёнах.

–І хоць свята пачалося з самай раніцы ўрачыстым адкрыццём рэканструяванага спарткомплексу, тым не менш усе чакалі вечара – адкрыцця герба Слоніма, урачыстасці ў Цэнтры культуры і адпачынку, святочнага вячэрняга канцэрта з удзелам зорак беларускай эстрады і каляровага відэа-шоу. Хоць на сцэне галоўнай плошчы канцэрт быў цэлы дзень. Слонім чакаў высокіх гасцей. У гэты дзень у Гродне праходзіў рабочы візіт Прэзідэнта краіны, і пасля яго заканчэння высокапастаўленыя кіраўнікі разам прыехалі ў Слонім. Вечарэла. Шматлюдныя патокі запоўнілі плошчу. Па сціплых падліках, на свята прыйшло больш за 10 тысяч чалавек. Такой масавасці наш горад не бачыў даўно, хіба што ў часы СССР падчас дэманстрацый. Вобразна і ёмка падкрэсліла мнагалюднасць адна з дэлегатак гарадоў-пабрацімаў у час прыёму ў старшыні райвыканкама:

Людзі прыйшлі і весяліліся і гэтым найперш выказвалі ўдзячнасць уладам за клопат пра іх, пра горад.

Герб Слоніма на плошчы

Перад тым, як у Цэнтры культуры і адпачынку пачалося ўзнагароджванне лепшых майстроў сялянскай справы, на новай плошчы перад Домам Саветаў быў адкрыты памятны знак – герб Слоніма. У прысутнасці мноства слонімцаў і гасцей, сярод якіх быў намеснік Прэм’ер-міністра Міхаіл Русы. Губернатар вобласці Уладзімір Краўцоў і старшыня райвыканкама Алег Таргонскі адкрылі герб Слоніма. Герб з выявай ільва (каля двух метраў вышынёй) адліты ў Мінску з алюмінію і пафарбаваны ў залацісты колер. Герб устаноўлены на гранітны пастамент (які зроблены  фірмай “Будоўля” з Гродна, той, што манціравала і фантаны), на якім выбіты гады заснавання Слоніма (1252), надання яму Магдэбургскага права (1531) і герба (1591). Асобныя дэталі кампазіцыі (каляровае шкло вакол ільва) выраблены на шклозаводзе “Нёман”.

Перад Цэнтрам культуры і адпачынку высокіх гасцей сустракалі са шматлікімі караваямі. Галоўны каравай фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2014” уручылі губернатару. Адведаўшы духмянага хлеба, Уладзімір Краўцоў перадаў яго другім кіраўнікам — на рэкордны гродзенскі каравай працавалі ўсе разам.

Дажынкі – вянец свята нястомных

Свята прадоўжылася ў Цэнтры культуры і адпачынку, дзе сабралася больш двухсот дэлегатаў з усіх раёнаў вобласці, каб падвесці вынікі работы ў сельскай гаспадарцы, адзначыць лепшых работнікаў гэтай галіны і разам адсвяткаваць галоўнае свята хлебаробаў –  “Дажынкі”.

– Сельскагаспадарчая галіна сёлета спрацавала добра, што дазволіла Гродзенскай вобласці заняць лідзіруючае месца ў краіне, – адзначыў старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. – Намалочана амаль 1,700 тысяч тон зерня пры ўраджайнасці 49 ц з гектара. Некаторыя гаспадаркі атрымалі і 100-цэнтнеравы ўраджай з гектара. Рэкордным па краіне стаў ураджай цукровых буракоў – больш дзвюх мільёнаў тон сабралі аграрыі вобласці, гэта 40 працэнтаў ад агульнарэспубліканскага ўраджаю. Нядрэнныя фінансавыя паказчыкі: выручка ад продажу прадукцыі склала 9,2 трыльёна рублёў (плюс 20% да ўзроўню мінулага года) пры рэнтабельнасці продажу – 10%. Атрымана чыстага прыбытку больш за 800 мільярдаў рублёў.

Уладзімір Васільевіч дадаў, што колькасць лепшых працаўнікоў ў галіне штогод павялічваецца, лепшымі становяцца і вынікі працы. Так, у гэтым годзе Гродзенскі і Бераставіцкі раёны ўвайшлі ў тройку лепшых аграрных раёнаў краіны.

Дасягненні Гродзеншчыны былі адзначаны Прэзідэнтам краіны, які напярэдадні з рабочым візітам наведаў Гродзенскую вобласць.

– Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў вынікі працы, адзначыў добрыя традыцыі Гродзеншчыны, сказаў аб існуючых рэзервах. Задача на будучы год – дасягнуць намечаных рубяжоў і ў жывёлагадоўлі, – сказаў Уладзімір Краўцоў.

Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук уручылі лепшым аграрыям вобласці заслужаныя ўзнагароды. У свяце прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Анатоль Ліс, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Уладзімір Даманеўскі, старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі.

Цудоўная ўрачыстая цырымонія працягвалася, імёны перадавікоў жніва гучалі пры ўручэнні ўзнагарод і падарункаў. Работнікі аграпрамысловага комплексу, жывёлагадоўлі, паляводы, вадзіцелі, ветурачы, камбайнеры, механізатары, спецыялісты, кіраўнікі гаспадарак з усёй вобласці адзін за адным падымаліся на сцэну і атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды, вялікі гонар і шквал апладысментаў. Шмат цёплых слоў падзякі гучала ў адрас тых, хто з годнасцю дабіўся знакавых вынікаў і дзякуючы каму Гродзеншчына гучыць на ўсю краіну. Дзякавалі за працу і нашым землякам з СВК “Сянькоўшчына”: старшыні Аляксандру Аўсяйцу, выдзіцелю Уладзіміру Якімцу, загадчыку вытворчага ўчастка Паўлу Жукоўскаму; старшаму майстру па рамонту халадзільнага абсталявання ААТ “Слонімскі мясакамбінат” Аляксандру Цупрыку; работніку Слонімскага хлебазавода Ларысе Франкоўскай і другім.

Сярод тых, чыё імя прагучала са сцэны, быў галоўны інжынер СВК “Азёры” Гродзенскага раёна Генадзь Мінькоў – пераможца абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў сярод спецыялістаў. Як адзначыў Генадзь Паўлавіч, нагляд за тэхнікай гаспадаркі – адзін з галоўных яго абавязкаў і ён імкнецца заўсёды выконваць сваю справу дастойна.

У Слоніме ўславілі хлебаробаў

Ганаровым госцем абласных “Дажынак” стаў і Уладзімір Шастак – кіраўнік філіяла “Жодзішкі” УВП “Смаргонскі камбінат хлебапродуктаў”. Уладзімір Васільевіч наш зямляк, родам з Сурынкі. Амаль сорак гадоў назад уладкаваўся ў Смаргоні і вось цяпер разам з дванаццацю прадстаўнікамі сваёй гаспадаркі прымае ўдзел у абласных “Дажынках”.

– З агульнай колькасці прысутных дэлегатаў Смаргоншчыны восем – намінанты на ўзнагароды. Я вельмі рады за сваіх калег і за ўсіх аграрыеў вобласці, – гаворыць Уладзімір Васільевіч. – Настрой прыўзняты, нас цешаць дасягненні гэтага года, прыемна, што работа працаўнікоў нашай гаспадаркі так высока ацэнена. Трэба дадаць, што я вельмі ганаруся Слонімшчынай. Горад цяпер не пазнаць, ён расквітнеў, адбудаваўся, усе змены ўражваюць і захапляюць. Дзякуй за магчымасць адчуць такія эмоцыі.

У ліку пераможцаў абласнога спаборніцтва нашы суседзі – СВК “Сынкавічы” Зэльвенскага раёна. Узначальваў дэлегацыю кіраўнік СВК Дзмітрый Дзешка, а аператар гаспадаркі Барыслаў Барынбаеў атрымаў узнагароду як адзін з лепшых аператараў зернесушыльных установак рэспублікі.

Ні адзін хлебароб не застаўся без увагі, свае падарункі лепшым з лепшых дарылі музычныя калектывы Гродзеншчыны, Тэо, Ірына Дарафеева, Саша Нэма, ансамбль з польскага горада Міхалова “Прымакі”, калектыў “Белыя росы” і іншыя.

Напрыканцы свята стала вядома, што горад атрымаў спецыяльны падарунак да “Дажынак” – “Гроднажылбудам” датэрмінова ў эксплуатацыю быў уведзены шматпавярховы 96-ці кватэрны дом у мікрараёне Паўночны-Захад.

Сімвалічны ключ ад будынка прыняў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, які падзякаваў будаўнікам за руплівую працу, своечасовую здачу аб’ектаў, павіншаваў са святам работнікаў сельскай гаспадаркі і пажадаў, каб каласы ў агульным снапе з кожным годам станавіліся больш важкімі.

Уборка завершылася, і без перапынку хлебаробы пачнуць рыхтавацца да будучага года, які, як вядома, не толькі вясновы дзень корміць.

Канверт з эмблемай «Дажынак»

«Белпошта» выпусціла канверт з эмблемай «Дажынак-2014» у Слоніме. У час правядзення фестывалю-кірмашу адбылося гашэнне маркі канверта, у якім прынялі ўдзел намеснікі старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч, Уладзімір Кот і Уладзіслаў Гяршгорын.

Дэлегацыі прыняў старшыня райвыканкама

На “Дажынкі” ў Слонім прыехалі дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Слоніма — Огрэ (Латвія), Малетая, Вісагінеса (Літва), Сергіева Пасада, Таржка (Расія), Вінніцы (Украіна). Дэлегацыі прыняў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі. Бакі абмяняліся прывітаннямі. Госці былі ўражаны пачутым на ўрачыстасці, калі ўзнагароджвалі лепшых сялян вобласці. Найперш тым, як у нашай краіне цэняць і славяць людзей сяла.

“Это для нас немыслимо — 100 центнеров зерна с гектара”, — так красамоўна сказаў кіраўнік дэлегацыі з Сергіева Пасада.

Некалькі тыдняў назад мы прывозілі настаўнікаў і дзяцей з Огрэ ў Слонім. На плошчы былі адны раскопкі, нават не верыцца, што вы зрабілі такую прыгажосць, — дадала кіраўнік дэлегацыі з Огрэ. — А яшчэ нашы дзеці былі ўражаны, як хутка яны пасябравалі са слонімскімі аднагодкамі.

Госці ўражаны магчымасцямі нашых людзей — сялян, будаўнікоў, уражаны майстэрствам нашых артыстаў. І гэта вельмі радуе: суседзям няма чаго дзяліць — нам патрэбны дружба, узаемапавага.

Пасля прыёму адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Слонімам і Вісагінесам.

Падчас прыёму адбыўся абмен памятнымі падарункамі і сувенірамі.  А затым госці зноў накіраваліся ў Цэнтр культуры і адпачынку, дзе сабраліся адзначыць прафесіянальнае свята сяляне, перапрацоўшчыкі вобласці.

Кацярына ВЕСЯЛУХА.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.