На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++
Кадры ў адказе за стан спраў

Некалькі пытанняў было разгледжана ў рэжыме пасяджэння райвыканкама. Адно з іх — зацвярджэнне мерапрыемстваў па рэалізацыі заўваг, выказаных Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнка ў час паездкі ў Гродзенскую вобласць 14 лістапада гэтага года. Як вядома, тады кіраўнік дзяржавы сказаў многа добрых слоў у адрас гродзенцаў, але і выказаў рад заўваг, якія датычыліся розных бакоў жыцця вобласці. Адна з іх — недастатковая работа з кадрамі. Выступаючы перад удзельнікамі планёркі, старшыня райвыканкама Алег Таргонскі падкрэсліў, што работу з кадрамі трэба весці больш мэтанакіравана — кадравы голад адчуваецца ў медыцыне, сістэме адукацыі, у сельскай гаспадарцы і іншых галінах. Недапушчальна, што доўгі час кіруюць гаспадаркамі (у раёне такіх тры) выконваючыя абавязкі кіраўніка. Ёсць такія і на прадпрыемствах. Недапушчальна, калі кіраўнік не спраўляецца з абавязкамі гадамі, а мер ніхто не прымае. Дрэнна, калі кіраўнікі прымаюць неабдуманыя рашэнні, часам такія, што не адпавядаюць заканадаўству. У той жа час далёка не ўсюды ўсе — і кіраўнікі, і радавыя работнікі свядомілі поступ часу: ніхто сёння не прыйдзе і не прынясе вам усё неабходнае на сподачку, зарплату трэба зарабляць самім і самім думаць пра збыт сваёй прадукцыі і паслуг. Кіраўнік раёна незадаволены, што некаторыя важныя рашэнні ў калектывах прадпрыемстваў прымаюцца без узгаднення ці інфармавання мясцовай улады. Гэта не нейкі кантроль над ініцыятывай, гэта неабходнасць каардынацыі сумеснай работы. Алег Таргонскі запатрабаваў кантраляваць ход выканання прымаемых рашэнняў і запатрабаваў раз у квартал заслухоўваць гэтае пытанне на пасяджэнні райвыканкама.
Кіраўнік раёна запатрабаваў тасама актывізаваць дзейнасць антыкарупцыйнай камісіі. Прагучала інфармацыя, што цяпер узбуджана некалькі крымінальных спраў супраць
службовых асоб, якія падазраюцца ў карупцыі.

Зноў няшчасны выпадак

Нядаўна на будаўніцтве 134-кватэрнага дома на праспекце Незалежнасці адбыўся няшчасны выпадак, калі ў час сантэхнічных работ у катлаване на глыбіні 4,5 метра абрушыўся грунт і сур’ёзна пацярпеў чалавек. Сценкі катлавана не былі замацаваны. Аштрафаваны майстар і галоўны інжынер, якія не забяспечылі бяспечныя ўмовы працы. Да таго ж узбуджана крымінальная справа. Вінаватыя пакараны, але не гэта галоўнае. Было б куды лепш, каб на кожным рабочым месцы інструктаж па ахове працы праходзіў не фармальна, каб не была фармальнай сама сістэма аховы працы. Трэба, каб кожны клапаціўся пра сваё здароўе найперш сам. Лепш — папярэдзіць, не дапусціць няшчасны выпадак, чым махаць шашкай пасля таго, як бяда здарылася.
Дарэчы, зусім нядаўна быў траўміраваны і работнік БУ-187. Захацелася чалавеку саскочыць з будаўнічых лясоў і пашкодзіў нагу. Няўжо мала такіх прыкладаў для таго, каб
усвядоміць, што чужыя памылкі лепш не паўтараць.

Зрабіць за кошт вінаватых

Купіў слонімец кватэру ў ваенным гарадку “Вышкі”. Перад засяленнем захацеў зрабіць рамонт. У гэтым доме вядуць рамонт спецыялісты ЖРЭА і будаўнікі холдынга “Зодчы”.
Амаль паўгода назад у ўладальніка кватэры работнік ЖРЭА папрасіў ключы для пракладкі сантэхнічнай сістэмы. Знялі частку падлогі, пліткі — і пра свае абавязацельствы праверыць сантэхніку і зрабіць рамонт хутка — забылі. Чалавек звярнуўся па дапамогу да ўлады. На планёрцы абмеркавалі заяву ўладальніка кватэры і прадэманстравалі фотаздымкі. Як аказалася, майстар ЖРЭА нават не праінфармаваў сваіх кіраўнікоў пра валакіту з рамонтам кватэры.
Кіраўнік раёна запатрабаваў: за валакіту з выкананнем рамонту, у ваннай за кошт вінаватых памяняць усю плітку, гэтак жа і аднавіць у кухні падлогу. На ўсё адводзіцца тыдзень.

Рознае

Старшыня райвыканкама даручыў падначаленым строга кантраляваць цэнаўтварэнне ў магазінах незалежна ад форм уласнасці. Згодна з рашэннем урада, цэны не павінны расці.
На рамонце тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы ўдвая
павялічана колькасць будаўнікоў, прымаюцца меры для нармалізацыі тэмпературнага рэжыму.
Сёння ў 15 гадзін 30 хвілін пачнецца шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак. Яны пройдуць ад Цэнтра культуры і адпачынку да плошчы Леніна, вернуцца на цэнтральную плошчу перад Домам Саветаў, дзе адбудуцца конкурс казачных персанажаў, уключэнне навагодняй ілюмінацыі і запальванне галоўнай ёлкі горада.
Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.