Прагноз і бюджэт на 2015 год

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта з удзелам намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Лісковіча разгледжаны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і бюджэт раёна на 2015 год.

Прагнозам прадугледжаны рост экспарту тавараў у параўнанні з заданнем на 2014 год на 105,2%, рост экспарту транспартных, турыстычных, рамонтных, медыцынскіх паслуг павінен скласці 104%. Замежных інвестыцый неабходна прыцягнуць 11 млн. долараў. Дарэчы, у бліжэйшыя 5 гадоў, як наша газета ўжо паведамляла, павінна атрымаць бурнае развіццё   зона РУСП “Новадзявяткавічы”. Сумесная беларуска-дацкая фірма “Белдан” пачынае ўзводзіць буйныя свінаводчыя комплексы. Аб’ём інвестыцый за 5 гадоў складзе 70 млн. еўра. Ужо выдзелена зямля пад будаўніцтва. Дарэчы, падаткі фірма будзе плаціць у раённы бюджэт. Перад сельгасвытворцамі ставіцца задача павялічыць валавую вытворчасць прадукцыі на 6,3%, вытворчасць збожжа давесці да 115 тысяч тон. Абмяркоўваючы задачы сялян, кіраўнік раёна Алег Таргонскі падкрэсліў, што неабходна сканцэнтравацца на вырошчванні тых культур, якія не толькі прыносяць прыбытак, але і тых, якія на канкрэтных землях даюць ураджай. Хаця яго частку губляем з-за неразваротлівасці спецыялістаў і парушэнняў тэхналогіі вырошчвання.

Тавараабарот у гандлі павінен вырасці на 2%, а сярэдняя зарплата па раёну павінна скласці не менш 5590 тыс. руб. у месяц. Тым не менш, згаданыя лічбы — мінімальная планка. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама, некаторыя заданні ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы ў 2014 годзе не выкананы, таму задача на 2015 год — ліквідаваць недахоп папярэдняга года і падрасці на прагноз, які намячаецца. Задача рэальная, калі паўсюдна захоўваць тэхналогію і дысцыпліну. А дысцыпліна, як падкрэсліў намеснік губернатара, — гэта не знаходжанне на рабочым месцы ад званка да званка, а выкананне ў поўным аб’ёме і якасна тых задач і абавязкаў, якія на цябе ўскладзены. Іншага не дадзена. Мадэрнізацыя вытворчасці, выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі і што вельмі важна — разнастайнасць рынкаў збыту — патрабаванні часу. Прывязка толькі да расійскага рынку з-за абвалу рубля балюча ўдарыла па нашых вытворцах-экспарцёрах. Той, хто аператыўна адрэагаваў на гэта, той у выйгрышы. ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін” знайшло рынкі збыту ў Македоніі, Сербіі, Польшчы, ААТ “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка” — у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Мадэрнізуюць вытворчасць вінзавод, ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін” і іншыя прадпрыемствы. На возеры ў Альбярціне плануецца пабудаваць ГЭС.

Частку жылля пабудуюць індывідуальныя забудоўшчыкі. Але ёсць праблема. Цяпер жадаючых мець уласныя дамы — 250 чалавек, а ўчасткаў пад будаўніцтва ёсць толькі 68. Кіраўнік раёна паставіў задачу падначаленым: да Новага года ўнесці прапановы дзе можна выдзяляць участкі пад індывідуальнае будаўніцтва — гэта ж яшчэ і пэўны рухавік эканомікі. На новае жыллё патрэбны і будматэрыялы, і мэбля, і бытавая тэхніка і г.д.

Наколькі эфектыўна будзе працаваць эканоміка, такім будзе і бюджэт. Ён па-ранейшаму мае сацыяльную скіраванасць і ад напаўняльнасці бюджэту залежыць утульнасць у кватэрах, якасць медабслугоўвання, узровень адукацыі.

Выступаючы перад выканкамам і запрошанымі на пасяджэнне кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, Віктар Лісковіч падкрэсліў, што сёння трэба не толькі ўмела зарабляць сродкі, але і ўмела іх траціць. Рэзерваў у кожнага калектыва многа і шукаць іх трэба самім. Напрыклад, славутае рэпетытарства набыло вялікі размах, а чаму яно не праходзіць праз бюджэты школ? Віктар Андрэевіч заклікаў у школах не гнацца за “вырошчваннем вундэркіндаў”, а расціць патрыётаў, карысных найперш грамадству.

Па абмеркаваных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.

*  *  *

У мінулы панядзелак сесія раённага Савета дэпутатаў зацвердзіла прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і бюджэт раёна на 2015 год.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.