Хатыні нашага краю

+++1+++IMG_1417

+++2+++IMG_1408

+++3+++IMG_1391

Набліжаецца 70-годдзе Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Столькі гадоў прайшло, а памяць крываточыць. Памяць жыве, бо дорага каштавала Перамога, 26,6 мільёна савецкіх людзей забрала вайна, сярод іх многія мільёны мірных жыхароў. Не абышла бяда і Слонімшчыну.

+++4+++IMG_1384

+++5+++IMG_1361

+++6+++IMG_1353

Праўда хатынскай трагедыі

22 сакавіка 1943 года свет даведаўся пра жах Хатыні. Яе жыхары былі зажыва спалены. Спалілі і вёску. Падобных беларускіх вёсак у жалобным спісе – 186. Свет зведаў пра Хатынь. Але спатрэбілася 65 гадоў, каб мы даведаліся праўду. Аказваецца хатынцаў знішчыў 118-ты паліцэйскі батальён пад кіраўніцтвам начальніка штаба батальёна Рыгора Васюры. У батальёне былі і рускія, і, на жаль, беларусы, а большасць – украінцы, выхадцы з заходніх абласцей. Здраднікі, якія добраахвотна сталі на бок гітлераўцаў, пакінулі свой крывавы след на Украіне, у Беларусі. Ёсць гэты след на Слонімшчыне, вёску Голі спалілі злачынцы са 118-га батальёна, некалькі месяцаў карнікі дыслацыраваліся ў Альбярціне і Дзераўной.

Пасля вайны над злачынцамі 118-га паліцэйскага батальёна было тры судовыя працэсы, у 1970 годзе судзілі Кнапа і Лазінскага, у 1975 – Мялешку, у 1986 годзе – Васюру. Адзін кат, Катрук, той самы, што страчыў з кулямёта па людзях, якія вырываліся з палаючага будынка ў Хатыні, і сёння жыве ў Канадзе.

Хто ж ён, галоўны хатынскі кат? Хоць намінальна батальёнам камандаваў немец Э. Кёрнер, улада была ў начальніка штаба. Перад вайной Васюра скончыў Кіеўскае ваеннае вучылішча сувязі. Здаўся немцам у палон, добраахвотна стаў ім служыць. Атрымаў афіцэрскае званне, медалі. Былі Кіеў, Бабін Яр, Хатынь… Кат збег разам з адступаючымі немцамі. А потым – неверагодна: вярнуўся ў СССР і жыў пад сваім прозвішчам. Выдаваў сябе за ўдзельніка вайны, быў ганаровым курсантам Кіеўскага вучылішча сувязі, працаваў намеснікам дырэктара саўгаса. Жыў заможна, збудаваў дамы дзецям, працаваў намеснікам дырэктара саўгаса. І калі аднойчы зверскі не збіў механізатара, можа і дажыў бы век у пашане…

У 1986 годзе ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі прыгаварыў Васюру да выключнай меры пакарання.

+++7+++IMG_1336

+++8+++IMG_1329

+++9+++IMG_1327

Апаленая Слонімшчына

Барвовы крывавы след пакінула Вялікая Айчынная вайна на нашай Слонімшчыне. Каля 60 тысяч салдат, ды яшчэ больш за 44,5 тысячы мірных жыхароў палягло на нашай зямлі – разам амаль у паўтара разы больш, чым жыве людзей на Слонімшчыне сёння. На кожны квадратны кіламетр зямлі па-над Шчарай і Ісай прыходзіцца каля 70 жыццяў, забраных вайной. У агні і ад куль загінула 7 тысяч дзяцей. Жахлівая лічба. 25 чэрвеня гітлераўцы поўнасцю акупіравалі Слонім. Пачалося жыццё ў рабстве. З першага дня «новага парадку» запрацаваў фашысцкі план знішчэння славянскай, яўрэйскай нацый.

У слонімскае гета звозілі яўрэяў не толькі са Слоніма (85% насельніцтва былі яўрэі), але і з Польшчы, Германіі, Парыжа. Больш за 40 тысяч яўрэяў закончылі свой зямны шлях на Чапялёўскіх палях, на Пятралевіцкай гары, ва ўрочышчы Маргі.

Фашысты і іх мясцовыя найміты знішчылі на Слонімшчыне 31 вёску, пяць – разам з жыхарамі, у Заводным Лесе, у Андрэева (жыхароў Загор’я, Залесся, Заверша) і на шматлікіх хутарах вакол Акунінава людзей спалілі жывымі… Як і ў вёсцы Рудня, многіх у вёсцы Урач.

Яшчэ за тры месяцы да Хатыні зімой 1942 года гітлераўскія галаварэзы праводзілі карную аперацыю «Гамбург». Нібыта для барацьбы з партызанамі. Хаця на акунінаўскіх хутарах, у Заводным Лесе, ды і ў многіх іншых месцах дзяцей, старых, жанчын забівалі, палілі яшчэ задоўга да таго, як у нашым краі пачаўся партызанскі рух. Тэрор узнімаў людзей да супраціўлення. Гітлераўская ідэалогія натраўлівання сваяка на сваяка, суседа на суседа спрацоўвала і ў нашым краі – які толькі перад вайной зведаў волю пасля ўз’яднання з Усходняй Беларуссю, дзе ў многіх мясцінах панавалі закаранелыя ўстоі панскай Польшчы. Незадаволеныя савецкай уладай уліваліся ў карныя атрады фашысцкіх наймітаў. Яны выдавалі немцам актывістаў, палілі хаты вяскоўцаў, рабавалі маёмасць, часта выдаючы гэта за дзеянні партызан. А часам і так званыя партызаны, якія былі далёкія ад сапраўдных народных мсціўцаў, вялі разбэшчаныя дзеянні, правакавалі акупантаў.

16 снежня 1942 года. За адзін дзень не стала некалькіх вёсак. Вёску Васілевічы расстрэльвалі двойчы. Спачатку, каб запужаць людзей, забілі 14 чалавек. Потым на так званых шведскіх могілках расстралялі амаль усіх. Мала каму ўдалося ўцалець у Паўлавічах – 226 чалавек пазней лягуць у брацкую магілу на ўзвышшы перад вёскай. 296 мірных жыхароў расстралялі ў вёсцы Ніз.

+++10+++IMG_1319

+++11+++IMG_1312

+++12+++IMG_1305

Ніхто не ўратаваўся

…У двух кіламетрах на поўдзень ад Загор’я знаходзіцца ўрочышча Андрэева. За агароджай з металічных трубаў абеліск. Тут некалі стаяла гумно, у якім фашысцкія каты 22 верасня спалілі жывымі 73-х вяскоўцаў: жанчын, старых, дзяцей. Палілі ноччу, каб далей было бачна зарыва і далей чуліся страшэнныя крыкі людзей. Пазней у брацкую магілу лягуць яшчэ 40 расстраляных залесцаў і загор’еўцаў, 4 партызаны.

Успамінала Ніна Міхайлаўна Жывулька, 1924 года нараджэння, былая жыхарка вёскі Залессе:

– Першая аблава была восенню. Наехала многа немцаў з Жыровіц. Па сёлах сталі хадзіць, у дамы, дзе парцізаны бываюць. У парцізаны тады пашлі з Загор’я, з Залесся некалькі чалавек. Карацельны атрад хадзіў з солтусам, і ён паказваў дзе парцізанскія сем’і. 73 чалавекі з трох сёлаў: Загор’я, Залесся і Заверша (там дзве сям’і) пагналі ў Андрэева. Там было некалькі хат – чваракі, яны называліся пры Польшчы, спіртзавод, панскае гумно, дзе ляжало сено. Там і ляснікі жылі. Пры Польшчы, як едзеш у лес па ягады, то квіток за 2 злоты трэба браць і да кошыка прывязаць, бо ляснікі правяралі. Як пашлі парцізаны, з тых чваракоў людзі паўцякалі хто куды, бо баяліся, што немцы паб’юць. А чатыры вялікія хаты папалілі, а гумно асталося. Сюды і прыгналі людзей. Некалькі парцізан сядзелі на хвойках і бачылі, як прывезлі машынамі людзей. Але што яны маглі зрабіць, калі немцаў было многа.

Людзей загналі ў гумно, замкнулі і падпалілі ноччу. Крэч быў страшны, але стаў згасаць, як узнялося зарыва. Ніхто не спасся. Пагарэлі ўсе – і старыя, і малыя.

Другая аблава ішла перад Новым годам за дзве нядзелі. Людзей пабралі вечарам, загналі там паміж Залессем і Загор’ем, дзе школа была, мы там вучыліся пры Польшчы. Тады пабілі много. І мае тры браты, і сястру, і атца, і мацяру. Сусед схаваўся ў хаце пад койку, а ён связі з парцізанамі меў. Яго знайшлі, білі, дапрашвалі куды парцізаны ходзяць. Ён выдаў дзве сям’і – выдаў маіх радзіцеляў і яшчэ адну сям’ю. І завялі іх пад школу, дапрашвалі і пабілі. Што яны маглі сказаць – парцізаны хадзілі ў кажду хату ноч’ю. А днём у кажду хату солтус вадзіў немцаў. Таго солтуса немцы назначылі. Акурат ля нашае хаты сабраннё праводзілі і тады солтуса назначылі. А з немцамі паляк некі быў і кажа: «Людзі, трымайце языкі за зубамі». А людзі гэтыя бачыш якія. Адны пайшлі ў парцізаны, а другія пайшлі да немцаў у самаахову. І выдавалі адны другіх. І як другая аблава была, многіх пабілі. І я пайшла ў парцізаны, сразу ў Дзяржынскі атрад, а пасля ў атрад Ракасоўскага.

А солтуса таго парцізаны падпільнавалі, як ён сено касіў у Завершы. І яго спалілі, як ён іх бацькоў папаліў.

Каля вёскі Рудня на правым беразе Ісы (Рудня – на левым беразе) ёсць дзве магілы – усё, што засталося як напамін пра вёску Турная, якую нехта называў адзінай вёскай Рудня, а Турную – яе ўрочышчам. Вёска прымыкала да лесу. У гэтых краях былі сапраўдныя партызаны, але ўсё больш маскіраваліся пад народных мсціўцаў тыя, хто не ганьбаваў рабаваннем мясцовага насельніцтва, разбэшчаннасцю і гвалтам. Сапраўдным партызанам катэгарычна забаранялася ўступаць у перастрэлку з немцамі ў населеных пунктах – інакш карнікі спаляць вёску і расстраляюць мірных жыхароў. У Турной здарылася бяда з-за так званых партызан.

+++13+++IMG_1440

+++14+++IMG_1436

Мясцовы краязнаўца Аляксей Жукоўскі апытаў Анастасію Міхайлаўну Лабко з Дзераўной, Васіля Аляксандравіча Уласіка з Ваўчуноў, Галіну Рыгораўну Шурко (Крамяноўскую) і другіх вяскоўцаў, якім было што-небудзь вядома пра лёс вёскі Турная.

Што ж здарылася 19 лістапада 1942 года?

У вёсцы было ўсяго шэсць хат, чатыры з аднаго боку вуліцы і дзве – з другога.

18 лістапада хлопчык з вёскі Піронім прыйшоў у Турную да сваяка. У той жа дзень жанчына з Дзераўной (свякроў А.М. Лабко) таксама была ў Турной. У той лістападаўскі дзень прымарожвала. Дзеці выйшлі на лёд Рудзенскага возера катацца на самаробных каньках і круцілі кола, да якога на жардзіне былі прымацаваны санкі. Дзеля гэтай забавы прыйшоў у Рудню і той хлопчык з Піроніма.

У прылясной вёсцы, не сакрэт, гналі самагон.Вельмі ўжо любілі яго і так званыя партызаны. Нібыта нішто не прадвяшчала бяды. Немцы часта ездзілі па дарозе Дзераўная-Харашэвічы. Сяляне прывыклі і не баяліся іх, немцы ў малой вёсачцы амаль ніколі не спыняліся. У той трагічны дзень спыніліся…

Калі аўтамашына з гітлераўцамі ехала па вёсцы ў бок Дзераўной, з адной з хат злева раздаліся стрэлы – некалькі немцаў былі паранены. Трое так званых партызан добра «кульнулі» і не кантралявалі свае паводзіны – адкрылі агонь, хаця гаспадары дома ўмалялі не страляць.

Немцы ў адказ адкрылі агонь, дваіх «мсціўцаў» забілі, адзін уцёк. Параіўшыся, немцы сагналі ўсіх жыхароў у адзін дом, паклалі на падлогу і расстралялі. А дом падпалілі. Жанчына з Дзераўной прасілася, што жыве не тут, але і яе спалілі. Хлапчук з Піроніма кінуўся ўцякаць, але падстрэлілі, ухапілі за ногі і кінулі ў агонь. Другі хлапчук з Турной схаваўся ў падпечак, але задыхнуўся ад дыму. Дзяўчына пабегла ў бок Загрыцькава, але яе дагналі, ухапілі за косы і таксама кінулі ў полымя…

25 снежня карнікі знішчылі вёску Акунінава. 299 мірных жыхароў лягуць у брацкую магілу. Сярод іх і сям’я Дуброўкаў – шасцёра дзяцей (дваіх блізнят Жэню і Валодзю нават не паспелі ахрысціць), муж і жонка Фёдар і Надзея. Дзевяцігадовая Ніна, якую прастрэліла сем куль, выпаўзла з-пад трупаў. Немагчыма без болю ў сэрцы слухаць расказ беднай жанчыны, якая ўжо пасля вайны пахавала ў адзін год дачку, сына і мужа.

Акунінава, Баравікі, Мірную і многія другія вёскі напаткаў жудасны лёс.

У архівах захавалася паведамленне № 28 паліцыі бяспекі і СД, у якім карнікі хваляцца ў вышэйшыя інстанцыі аб праведзенай аперацыі «Гамбург» у раёне Слоніма:

«Гэтая аперацыя была адною з найбольш паспяховых аперацый, праведзеных да гэтага часу ў Беларусі. Дадзеныя разведвальнай каманды паліцыі бяспекі і СД былі такія дакладныя, што ўдалося выявіць кожны лагер. У шматлікіх баях было забіта 1676 партызан. Затым было расстраляна западозраных у сувязях з партызанамі 1510 чал. Былі захоплены шматлікія трафеі, у тым ліку 4 браневікі і 8 супрацьтанкавых ружжаў, велізарная колькасць жывёлы і збожжа. У населеных пунктах, размешчаных у раёне аперацыі, акрамя таго, было знішчана 2658 яўрэяў і 30 цыганоў. Страты немцаў склалі 7 забітых і 18 раненых».

На момант правядзення аперацыі «Гамбург» у нашым раёне карнікі нават не сутыкаліся з партызанамі, а блакада партызанскай зоны ў раёне Воўчых Нораў не прывяла да разгрому партызан, якіх на той момант у атрадзе імя Шчорса было каля 700 чалавек (другія атрады з’явіліся пазней). У лістападзе блакада была знята, і карнікі абрушыліся на мірнае насельніцтва.

Мы часта праводзім мітынгі-рэквіемы па спаленых вёсках. Аднойчы ў Паўлавічах старэйшая жыхарка вёскі Клаўдзія Хаўтур, якая цудам уцалела ў тым пекле, дзякуючы немцу, які ў карным атрадзе аказаўся з чалавечым абліччам, расказвала пра той страшны дзень. Што ні фраза – слёзы перахоплівалі дух беднай жанчыны. Двое азярніцкіх хлопцаў потым прызнаюцца: калі слухалі расказ бабулі, уявілі, як бы ім было, каб іх забралі ад мамы і стралялі. Страшна стала, слёзы выступілі, але адвярнуліся, выцерлі вочы, бо баяліся, каб гарадскія дзеці не ўбачылі і не смяяліся… Адзін «басякаваты» юнак прызнаўся настаўніцы, калі яна спытала ці спадабалася яму паездка: «Я так слухаў, што нават не пачуў, як стралялі салют». І ўжо настаўніца была здзіўлена: «Ну, калі ты слухаў…» і была шчаслівая, што ўзяла хлопца з сабой.

Не стаў на калені наш народ, узняўся на барацьбу, як мог дапамагаў Чырвонай Арміі. Партызаны Яшка і Максім наводзілі жах на немцаў і паліцаяў. Партызан Касьян Панасевіч яшчэ за 101 дзень да Матросава здзейсніў такі ж подзвіг на Слонімшчыне. Аддасць юнае жыццё за свабоду роднага краю Вася Крайні. Яны, і такія ж як яны змагары, ішлі на смерць за сваю зямлю. Барацьба была доўгая і адчайная. Каб наступіла 10 ліпеня 1944 года, калі нашы непакораныя землякі сустрэлі Чырвоную Армію…

У мінулы аўторак мы разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі правялі эстафету памяці. Сотні юнакоў і дзяўчат з Жыровіцкага каледжа, медкаледжа, політэхнічнага ліцэя, школ раёна, прадстаўнікі ваенкамата, грамадскіх арганізацый, свяшчэннік, аркестр 11-й мехбрыгады, мясцовыя жыхары пабывалі ля брацкіх магіл у Васілевічах, Паўлавічах, Нізе. З затоеным дыханнем удзельнікі эстафеты памяці слухалі праўду пра Хатыні зямлі нашай. На мітынгу гучалі словы ўдзячнасці, што Усявышні дае мудрасць кіраўнікам, народу дзяржавы нашай жыць у міры, ладзе і спакоі ў роднай Беларусі. Пакуль мы будзем помніць пра тое, што перажыў наш народ, мы будзем цаніць мір. Які і сёння, на жаль, не кожнаму дадзены – … амаль праз 70 гадоў пасля Перамогі.

Васіль АФАНАСІК.

2 комментария к заметке “Хатыні нашага краю”

  1. Слонимчанин
    27.12.2014 at 21:53 #

    В войне побеждают генералы и главнокомандующие,а страдает народ…

  2. Піліп
    19.12.2014 at 13:39 #

    А чего молчите про «партизан», которые расстреляли семью Струповец из д.Якимовичи и других жителей этой деревни

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.