45 секунд… і вечная памяць

памяць

У суботу ў Талькаўшчыне каля помніка лётчыку Сяргею Крошыну адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны чарговай гадавіне трагічнай гібелі ваеннага. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі мясцовай улады, навучальных устаноў, воіны мехбрыгады, святары, жыхары вёскі Талькаўшчына.

– І чаму далі дазвол на вылет? Няўжо нельга было перанесці вучэнні?

Гэта пытанне пад час правядзення мітынгу не раз гучала сярод мясцовых жыхароў. Ніхто з іх амаль за трыццаць гадоў, што мінулі з таго дня, так і не можа зразумець, чаму ў той хмурны шэры студзеньскі дзень лётчык Крошын апынуўся за штурвалам.

Як гэта было

Да чарговых вучэнняў наземных войскаў быў падключаны разведвальны авіяполк, які ў 1986 годзе базіраваўся ў Шчучыне. “МІГ-21Р”, за штурвалам якога быў лётчык першага класа, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане – капітан Сяргей Крошын, выконваў заданне. У той час ніхто не мог і падумаць, што чарговы вучэбны вылет вопытнага разведчыка абернецца трагедыяй.

Што ўсёж-такі стала прычынай смяротнага падзення і да гэтага часу застаецца да канца невядомым. Па адной з версій, ад сутыкнення самалёта з невядомым прадметам, разбілася лабавое шкло. Лётчык атрымаў цяжкія траўмы. Пасля гэтага рэзкім рыўком падняў машыну ўверх, адводзячы яе ад горада і так жа імгненна пачаў зніжацца. Самалёт, амаль знішчыўшы адну з хат на ўскрайку Талькаўшчыны, рухнуў на зямлю. Акрамя 27-гадовага Сяргея Крошына не загінуў ніхто. І як потым скажуць эксперты, ад сутыкнення ў паветры і да падзення прайшло ўсяго 45 секунд.

– У той час мая маці знаходзілася ў другой частцы дома і нават не зразумела, што адбылося. Ёй проста пашчасціла застацца жывой, – гаворыць, выцыраючы слёзы з вачэй, Таісія Іванашка. – З таго дня мы аплакваем Сяргея Міхайлавіча Крошына, як члена сваёй сям’і. Ён назаўжды застанецца ў нашай памяці. Сапраўдны герой, мужны чалавек.

Хату мясцовага жыхара Яўгена Каліноўскага таксама зачапіла рэшткамі самалёта.

– Павыбівала ў вокнах шкло, дэфарміравала печ. Пасля асколкі і фрагменты самалёта на двух КамАЗах вывозілі. Аднак маёмасць не шкада, у мірны час загінуў лётчык – гэта сапраўднае гора, – гаворыць ён.

Быць годнымі подзвігу

На працягу апошніх васьмі гадоў на месцы ўстаноўленага калегамі Крошына памятнага знаку збіраюцца прадстаўнікі раённай улады, мясцовыя жыхары, моладзь і ўсе неабыякавыя да гэтай трагедыі людзі.

Значнасць гэтых патрыятычных акцый нельга пераацаніць. Нават тыя, хто ўжо шмат разоў у падрабязнасцях чуў пра падзенне самалёта ў Талькаўшчыне, не застаюцца абыякавымі. Смутак, боль, жалоба за так рэзка абарванае жыццё адольваюць кожнага.

І ў гэты студзеньскі дзень дакладны, амаль пахвілінны пераказ падзей таго дня журналістам-краязнаўцам Васілём Афанасікам, які шмат часу прысвяціў вывучэнню прычын здарэння, дазваляе, каму ўпершыню, а каму і зноў, перажыць імгненні жудаснай трагедыі. На момант апынуцца ў кабіне лётчыка і паразважаць: а што я мог бы зрабіць у такім выпадку? Ці хапіла бы вытрымкі? Чаго я варты як грамадзянін? Ці здольны я на духоўны, маральны подзвіг?

Важныя, неабходныя пытанні. І чым праўдзівей будуць на іх адказы, тым мацнейшым будзе перажыты катарсіс. Ачышчэнне. Так неабходнае для самаразвіцця, духоўнага росту і станаўлення асобы.

Таму зноў і зноў для маладога пакалення Слонімшчыны з вышыні талькаўшчынскага ўзгорка гучыць сумны расказ аб подзвіге ў час, калі не было вайны. Моц слова кранае кожнага, трапляе ў глыбіню душы і дае штуршок для разважанняў. Вось чаму, так шумна падымаючыся на гару моладзь, па заканчэнні мітынгу разыходзілася моўчкі. Не было слоў, ні сіл іх выказваць. Ды і непатрэбныя яны былі. Уся моц перажытых пачуццяў сканцэнтравалася ў сэрцы, каб стаць духоўнай падтрымкай і, калі раптам выдасца такі момант, дапамагчы кожнаму з годнасцю здаць экзамен на права звацца чалавекам.

– Задача сапраўднага грамадзяніна – жыць па сумленню, быць годным учынку лётчыка Сяргея Крошына і памятаць, што ў жыцці заўсёды ёсць месца для подзвігу, – дадаў напрыканцы мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч.

…Прыклады гераізму здараюцца штодзённа. Некаторыя з іх маюць такую моц, што пераварочваюць светапогляд, мяняюць прыярытэты, па-іншаму застаўляюць паглядзець на сваё жыццё. Не трэба далёка хадзіць, шукаць іх за мяжой або блукаць у павуціне Інтэрнэту. Нам ёсць на каго раўняцца. Яны побач з намі, на адлегласці выцягнутай рукі. Героі нашага часу.

Кацярына ВЕСЯЛУХА.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.