На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Давер да ўлады

За мінулы год, як прагучала інфармацыя на планёрцы, у вышэйстаячыя арганізацыі паступіла 70 зваротаў слонімцаў (год назад было 123). У той жа час на прыём у райвыканкам прыйшлі 426 чалавек (год назад — 205). Людзі сталі больш давяраць мясцовай уладзе. І, вядома ж, лепшая агітацыя за любую справу — гэта наша зладжаная сумесная работа па вырашэнні злабадзённых праблем. Адзначаючы як станоўчы факт — давер людзей да мясцовай улады, старшыня райвыканкама Алег Таргонскі звярнуў увагу прысутных на прыняцце ўзважаных рашэнняў, асабліва па нейкіх канфліктных ці спрэчных пытаннях. Прыклады адваротнага, на жаль, у мінулым годзе былі.

Тыдзень на вызначэнне

аб’ектаў, якія будуць добраўпарадкоўвацца і рамантавацца ў горадзе, — такі тэрмін устанавіў кіраўнік раёна камунальнікам, пасля чаго спіс аб’ектаў будзе абнародаваны ў сродках масавай інфармацыі.

Многім — свята, а некаму — бальнічны ложак…

Як было агучана на планёрцы, навагоднія святы прайшлі ў цэлым арганізавана, па-святочнаму. Непрыемны выпадак адбыўся толькі ў Міжэвічах. Былы ваеннаслужачы падпаліў асвятляльную шашку, якую нібыта даўно знайшоў на палігоне. У выніку выбуху пацярпеў сам, а таксама хлопец і дзяўчына, якія былі паранены ў руку і нагу і дастаўлены ў бальніцу. Праваахоўнікі высвятляюць прычыну здарэння.

Трагедыя ў сям’і

На планёрцы было расказана, што напярэдадні Новага года ў Слоніме адбылося жудаснае забойства: сын забіў маці… Трагедыя адбылася ў сям’і, якая лічылася добранадзейнай. Сын-забойца, як праінфармавалі праваахоўнікі, прыехаў з Мінска і быў пад уздзеяннем наркатычных рэчываў.

Суткі — без цяпла

У навагоднія святы, па інфармацыі камунальнікаў, асаблівых скаргаў ад слонімцаў не паступала. На жаль, пасля Новага года на суткі без цяпла засталася мехбрыгада: на цеплатрасе брыгады здарыўся парыў, які ліквідаваны.

Савет дырэктараў  і семінар сельгасвытворцаў

павінны адбыцца на гэтым тыдні. Будуць падведзены вынікі работы за мінулы год і намечаны планы на 2015 год.
Да сярэдзіны месяца ўсе прадпрыемствы павінны падрыхтаваць бізнес-планы на гэты год.

Даручэнні старшыні

Кіраўнік раёна даручыў упраўленню сельскай гаспадаркі вырашыць праблему забеспячэння дойнага статку ва ўсіх гаспадарках раёна бялковымі дабаўкамі;
разабрацца са спецыялістамі, якія працуюць на малочна-таварных комплексах. Спецыялістаў па тры-чатыры, а парадку ў тым жа Акунінаве, СВК “Дружба-Агра” — мала;
актыўней працаваць па назапашванню насення збожжавых, траў, ільну;
два разы на месяц падводзіць вынікі рамонту тэхнікі ў гаспадарках раёна;
кіраўніцтву ДЭУ-191 тэрмінова прывесці ў парадак дарогу з Міжэвіч да Лапухова, па якой немагчыма праехаць.

Узнята праблема

Аўтамабілісты, якія едуць праз цэнтр горада ў гадзіны пік, ведаюць, як няпроста праехаць па плошчы Леніна, дзе няспынна пераходзяць дарогу пешаходы, часам не звяртаючы ўвагу ні на якія правілы. Прагучала прапанова аб пераносе пешаходнага пераходу бліжэй да аптэкі. Аднак гэта не вырашыць праблему, людзі зноў жа будуць пераходзіць Першамайскую вуліцу або каля магазіна “Арэна”, або тут жа каля кольцавага руху па плошчы. Бачыцца як лепшы варыянт — устаноўка на выездзе з Першамайскай вуліцы на плошчу Леніна — светлафора, падобнага таму, што на вуліцы Брэсцкая, які працуе па часоваму рэжыму: пакуль не пройдзе адведзены час, кнопка не спрацуе, як бы пешаход ні націскаў на яе.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.