На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Толькі без фармалізму

Чарговая планёрка пачалася з інфармацыі аб пажарах у  рэспубліцы. З пачатку года ў агні загінула 48 чалавек. У сувязі  з гэтым загадам міністра па надзвычайных сітуацыях  бліжэйшыя выхадныя для работнікаў МНС будуць рабочымі  днямі. На планёрцы прынята рашэнне работнікам райаддзела МНС сумесна з аглядавымі камісіямі таксама працаваць  у выхадныя з наведваннем асоб з групы рызыкі. Старшыня  райвыканкама Алег Таргонскі настойліва параіў: у гэтай рабоце не павінна быць фармалізму. Здавалася б, і маразоў  пакуль няма, не павінна быць перакалу печак, уключэння  абагравальнікаў, а колькасць пажараў расце. Як вядома, ёсць  ужо сёлета ахвяра агню і ў нашым горадзе. Нібыта і часта  службовыя асобы наведваюць дамы выпівох, адзінокіх грамадзян, аднак каэфіцыент карыснага дзеяння невялікі. Калі  ёсць небяспека ўзнікнення пажару, угавораў мала — патрэбны нейкія радыкальныя меры.

Не трымаюць слова

Пабываўшы на новай Вербалацкай малочнатаварнай ферме, старшыня райвыканкама застаўся незадаволены радам  дробных хібаў. Хаця комплекс узведзены добры, але будаўнікі  не трымаюць слова па ліквідацыі недаробак. Кіраўнік раёна  даручыў спецыяльнай камісіі праверыць комплекс і на працягу  трох-чатырох дзён навесці там ідэальны парадак.

Не ганяйце людзей па кабінетах —

такую заўвагу зрабіў кіраўнік раёна, калі абмяркоўвалася пытанне засялення збудаваных шматкватэрных дамоў. У час “прамой лініі” старшыні райвыканкама пазваніў чалавек і расказаў,  як цяжка прайсці мноства кабінетаў, каб атрымаць доўгачаканы  дакумент на засяленне ў кватэру. А ў ГУП ЖКГ яго “адфутболілі”,  бо, аказваецца, трэба заплаціць за ацяпленне з часу, калі дом  яшчэ не быў здадзены, але быў падключаны да ацяплення. “Як  жа так, — рэзонна заўважыў старшыня райвыканкама, — гэта  яшчэ не жыллё навасёла, а ён павінен плаціць…”
Пасля працяглага абмеркавання праблемы даручана службовым асобам адпрацаваць сістэму, каб будучым навасёлам  мінімізаваць хаджэнне па кабінетах у розных частках горада за  зборам неабходных подпісаў. Па магчымасці прадстаўнікоў розных службаў сабраць у адным месцы для афармлення патрэбных навасёлу дакументаў.

Грэйдзіруйце дарогі

Прадстаўніка ГУП ЖКГ старшыня райвыканкама абавязаў неадкладна праехаць па ўсіх гравійных вуліцах горада і навесці там  парадак. Надвор’е дазваляе працаваць грэйдару.

Вінаватых — да адказнасці

Будаўнікі не выканалі даручэнне старшыні райвыканкама аб  завяршэнні да 15 студзеня рамонту першага паверха  тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы. Кіраўнік раённай улады  запатрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Дарэчы, рамонт райбальніцы фінансуецца добра.

А дзе ж свой часнок?

Кіраўнік раёна зноў звярнуў увагу на неабходнасць  маніторынгу цэн у магазінах (незалежна ад формы ўласнасці).  Цэны ў розных магазінах вельмі розняцца. У адным з магазінаў  на адной вітрыне старшыня райвыканкама налічыў прадукцыю  з васьмі краін свету, нават з Перу. Цікава, што часнок завезены  з Кітая. Няўжо ў нас яго не вырошчваюць?.. Гаворачы пра гандаль, старшыня райвыканкама адзначыў,  што людзі задаволены работай магазіна ў вёсцы Парэчча. Толькі  вось да крамы не падысці — ля ўваходу вялікая лужына. Магчыма, увага да яе кіраўніка раёна дапаможа службовым асобам  вырашыць праблему.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.