Клопат пра людзей — бумеранг стану эканомікі

адбылася чарговая сесія раённага савета дэпутатаў, на якой разгледжаны пытанні ўдасканалення работы са зваротамі грамадзян у адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта рэспублікі Беларусь ад  27 снежня 2006 г. № 2 “аб мерах па далейшай дэбюракратэзацыі дзяржаўнага апарата”, і справаздача раённага выканаўчага камітэта аб рабоце па выкананню  прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2014 год.
Як падкрэсліла ў сваім дакладзе кіраўнік спраў райвыканкама Алена Мачаліна, работа са зваротамі грамадзян у кожнага кіраўніка павінна стаяць у адным радзе з пытаннямі эканамічнага, фінансавага развіцця прадпрыемства, рэгіёна. У  прынцыпе і абодва асноўныя пункты парадку дня цесна ўзаемазвязаны, бо наколькі ўлада будзе клапаціцца пра патрэбы  людзей, настолькі будзе і аддача, найперш у працы, настроі  чалавека, такой будзе эканоміка, а як след — і развіццё сацыяльнай сферы.
Для даступнасці і адкрытасці органаў улады паўсюдна ўстаноўлены графікі асабістага прыёму грамадзян, арганізаваны  выязныя прыёмы на месцы жыхарства і работы людзей, праводзяцца “прамыя тэлефонныя лініі”, у тым ліку і па суботах,  працуюць тэлефоны “гарачай” лініі, тэлефоны давер’я.  За мінулы год у райвыканкам паступіў 801 зварот, на 31  больш, чым за 2013 год; у сельвыканкамы — 1352 звароты  (2013 г. — 1115). З раёнаў Гродзенскай вобласці больш зваротаў паступіла толькі ў Гродзенскі. Праўда, на тысячу чалавек у нас — 12 зваротаў. Па гэтаму паказчыку іх больш у Гродзенскім, Воранаўскім, Навагрудскім, Шчучынскім раёнах.
Зменшылася са 130 (2013 г.) да 97 (2014 г.) колькасць зваротаў ад жыхароў Слонімшчыны ў аблвыканкам: з 123 (2013 г.)  да 70 (2014 г.), зменшылася колькасць зваротаў у вышэйстаячыя арганізацыі і ў сродкі масавай інфармацыі. Усё гэта дае  падставу сцвярджаць: людзі сталі больш давяраць мясцовай  уладзе. Многія пытанні можна і трэба вырашаць на месцах.  Як падкрэсліў у сваім выступленні старшыня райвыканкама  Алег Таргонскі, у раёне пакуль не ўсе кіраўнікі ўсвядомілі, што  валакіта і недакладнасць у прыёме рашэнняў, пустыя абяцанні падрываюць імідж улады, нават калі негатыўныя з’явы і маюць адзінкавыя выпадкі. Наша газета не раз ужо паведамляла і пра праблему вахцёраў з інтэрнатаў ЖРЭА, і пра валакіту  з рамонтам дома на “Вышках” і некаторыя іншыя. Можа і не  варта было б лішні раз нагадваць пра іх, але не-не, ды і зноў  усплываюць факты валакіты. Умяшанне ўлады, як правіла, расстаўляе ўсе кропкі над “і”, аднак узнікае рэзоннае пытанне: куды глядзяць тыя кіраўнікі, хто абыякавы да элементарных праблем людзей?
З 801 звароту ў райвыканкам 153 атрымалі станоўчае вырашэнне і толькі па пяці адмоўлена па аб’ектыўных прычынах,  154 звароты — на кантролі, па астатніх дадзены тлумачэнні. У 2014 годзе зменшылася колькасць калектыўных зваротаў са 125 (2013 г.) да 82. Сацыяльная сфера раёна дынамічна развіваецца, людзі гэта бачаць і адчуваюць. Тым не менш праблемы ёсць і яны на кантролі ўлады. Людзей хвалююць  праблемы добраўпарадкавання тэрыторый, рэклама алкаголю, тытуню, пытанні руху аўтобусаў і інш. Па просьбах людзей устаноўлены светлафор на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Скарыны, адрамантаваны дарогі ў Азярніцы,  на кантролі рамонт амбулаторыі ў Азярніцы і інш. У мінулым годзе камісійна было разгледжана 290 зваротаў.  У сувязі з падрыхтоўкай да “Дажынак” і масавым добраўпарадкаваннем цэнтра горада, павялічылася колькасць зваротаў слонімцаў па праблемах добраўпарадкавання дарог, дваровых тэрыторый. Вядома, усім хочацца жыць ва ўтульных  мікрараёнах і дварах, хадзіць па дыхтоўных тратуарах і ездзіць па заасфальтаваных вуліцах. На жаль, адначасова ўсё  зрабіць немагчыма. Крэн работы мясцовай улады — пачынаць з горшага і імкнуцца да лепшага. З-за складанага рэльефу  горада, на жаль, не заўсёды да канца прадуманы праекты  добраўпарадкавання асобных вуліц і цэлых мікрараёнаў. У  тых жа мікрараёнах “Рышчыцы”, “Лабазоўка” не зроблена як  след сістэма адвядзення дажджавой вады, і ў моцныя ліўні,  якія пачасціліся ў апошнія гады, многія прыватныя дамы і агароды падтапляе. Трэба прызнаць, што і камунальныя службы  слаба інфармуюць людзей аб графіках грэйдзіравання, рамонту, асфальтавання вуліц і дарог. І гэта параджае скаргі людзей. Красамоўны факт: у 2014 годзе ў ГУП ЖКГ паступілі 92  звароты — 76 задаволены. Як падкрэсліла Алена Мачаліна,  — значыць, пераважная большасць зваротаў абгрунтаваная.  У той жа час кіраўніцтва ЖКГ за год правяло 332 асабістыя  прыёмы, на якія прыйшлі… тры чалавекі. Ці аб недаверы людзей гэта сведчыць?..
У сельскай мясцовасці рэгулярна сталі праводзіцца сельскія сходы, у аграгарадках абсталяваны інфармацыйныя  стэнды, праводзяцца падворныя абходы аглядавымі камісіямі, у ходзе якіх даюцца тлумачэнні людзям на пытанні, якія  іх хвалююць. За мінулы год ад сялян у райвыканкам паступіла 111 зваротаў — 22 з якіх задаволены, 11 — знаходзяцца на кантролі, па астатніх дадзены тлумачэнні. На кантролі знаходзяцца звароты жыхароў Чамяроў і Пятралевіч — па пытаннях пракладкі водаправода, Дзеравянчыц — па пытанню продажу дамоў, якія стаяць на балансе  РУСП “Пераможац” і некаторых іншых.
Летась службовыя асобы райвыканкама правялі 23 “прамыя тэлефонныя лініі”, раённага Савета дэпутатаў — 2, у  ходзе якіх паступіла 120 пытанняў, у тым ліку старшыня райвыканкама ў час 7 “прамых ліній” адказаў на 95 пытанняў. 75 грамадзян прыняты старшынёй райвыканкама і яго  намеснікамі падчас 25 выязных прыёмных, 20 чалавек прыняў старшыня райсавета дэпутатаў у час прыёму ў сельвыканкамах.
Летась у час 109 інфармацыйных сустрэч у працоўных  калектывах былі зададзены 274 пытанні. Па 241 пытанню  былі дадзены тлумачэнні ў час сустрэч, 33 звароты накіраваны на рэагаванні.
На жаль, не ўсе арганізацыі адрэагавалі своечасова. Напрыклад, ДРБУ-191 участак дарогі каля магазіна ў вёсцы  Парэчча прывяло ў парадак толькі праз паўгода, і то пасля  дадатковага ўмяшання ўлады. На сесіі прагучала інфармацыя і пра іншыя формы зносін  грамадзян і ўлады: служба “адно акно”, электронныя звароты.
Дарэчы, у мінулым годзе за парушэнне заканадаўства па  рабоце са зваротамі грамадзян да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 15 чалавек, з іх 6 — работнікі выканкама.
Выступаючы перад прысутнымі на сесіі, дэпутат Палаты  прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Ала Сопікава расказала аб мяркуемых зменах у заканадаўстве ў рабоце са  зваротамі грамадзян. Дакумент ужо прайшоў першае чытанне ў парламенце.
Пасля абмеркавання пытання дэпутаты прынялі рашэнне, скіраванае на безумоўнае і канкрэтнае рэагаванне службовых асоб на звароты і патрэбы грамадзян. Пра работу выканкама па сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна наша газета падрабязна паведамляла 4 лютага, калі на пасяджэнні райвыканкама былі падведзены вынікі  работы.

Васіль АФАНАСІК, дэпутат райсавета дэпутатаў. 

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.